За мір паміж людзьмі спявалі і танцавалі артысты Астравеччыны на 9 Мая
Работнікі культуры, настаўнікі, вучні школ раёна і ваеннаслужачыя дарылі гледачам канцэрта да Дня Перамогі святочны настрой.


Не толькі ласкавае сонейка, хоць і яно дапамагала настроіць думкі і пачуцці на мінорны лад, але і артысты раёна – як кажуць, ад малога да пажылога – стараліся, каб кожны адчуў, што дзень Вялікай Перамогі сапраўды святы і заўсёды будзе жыць у нашых сэрцах.
…Надзеі, якія не збыліся; страх перад невядомасцю і ў той жа час моцнае жаданне быць на перадавой; пачуццё жаху ад разумення, што такое вайна, і болю ад страчанага або нязведанага кахання; незажыўная рана ў душы тых, хто прайшоў праз ваеннае пекла, якое зусім яшчэ маладых людзей рабіла не па гадах сталымі, – такімі моцнымі хвалямі накрывала гледачоў тэатральнае дзейства, што адбывалася на сцэне.
Душа плакала пад песні пра тых, хто не вярнуўся з бою, і лікавала разам з выканаўцамі пад неўміручы “гэты Дзень Перамогі”, што “порахам прапах”.
Артысты таленавіта, толькі з дапамогай голасу і музыкальных інструментаў змаглі паказаць тое, пра што большасць з нас, нашчадкаў ветэранаў Перамогі, толькі чулі, -- пачуцці, сапраўдныя, без бравады. І змаглі проста “зашкаліць” наш агульны гонар і гордасць за Радзіму і яе незалежнаць, падняць да найвышэйшага ўзроўню падзяку за мірнае неба.
Дзеці, няўрымслівыя і непасрэдныя, як умелі, але вельмі старанна і таленавіта творчымі нумарамі малявалі мір без вайны і прасілі ва ўсяго свету і неба аднаго – міру. І разам з дарослымі спявалі своеасаблівы гімн 9 Мая – “Дзень Перамогі”.









