З надыходзячым 8 Сакавіка павіншавалі былых вязняў канцлагераў

Напярэдадні Дня жанчын былых вязняў канцэнтрацыйных лагераў наведалі старшыня райсавета дэпутатаў Генадзь Бычко і намеснік дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра Аксана Свірская.

Са святочнымі віншаваннямі, кветкамі і падарункамі госці завіталі да Еўдакіі Рыгораўны Сігалёвай.


На жаль, узрост (жанчыне амаль 102 гады) і тыя выпрабаванні, якія давялося адчуць нашай зямлячцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адбіліся на здароўі. Яшчэ некалькі гадоў таму Еўдакія Рыгораўна прасіла гасцей выканаць яе любімую «Кацюшу» і сама спявала разам. Сёння віншаванні перадалі жанчыне праз дачку Валянціну Міхайлаўну.


Вясенняе прывітанне ў выглядзе цюльпанаў з прыгожым святам прымала і Соф’я Цярэнцьеўна Палуян.


– Напярэдадні 8 Сакавіка жадаю вам усіх даброт, моцнага здароўя, духоўнага мацунку, добрага настрою. Заставайцеся і надалей прыкладам для нас. Вядома, што ваша дзяцінства было цяжкім, таму вы заслугоўваеце годных цяперашніх гадоў. Віншую вас ад імя раённай улады, Савета дэпутатаў, партыі «Белая Русь», – звярнуўся да Соф’і Цярэнцьеўны Генадзь Паўлавіч. – Вы жывы сведка тых далёкіх гадоў Вялікай Айчыннай. У нас нават у Канстытуцыі напісана пра гістарычную памяць пра вайну.


– І цяпер, бывае, перад вачамі стаіць, як сарай гарыць, дзе нас закрылі… І кулямёт, каб мы не разбягаліся… Як толькі ўзгадваю гэты момант, калі літаральна развітвалася з жыццём, бо да агню заставаўся ўсяго якісьці метр, і толькі нейкі цуд прымусіў немцаў адмяніць загад, вельмі хвалююся і падымаецца ціск, – расказала жанчына. – Дзякуй вам за ўвагу і памяць пра нас! Дзякуй, што цяпер у нашай краіне мір – калі ён ёсць, будзе і лад, і кветкі расцвітуць, і людзі маладыя таксама будуць квітнець.


Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова