З-за людской нядбайнасці магла згарэць вёска
Панядзелак 25 красавіка стаў “чорным” для супрацоўнікаў аддзела па надзвычайных сітуацыях раёна.
Усё пачалося ў 11.12, калі паступіла паведамленне аб пажары гаспадарчай пабудовы ў вёсцы Альгіняны Астравецкага сельсавета. На месца выкліку былі накіраваны 4 адзінкі спецыяльнай тэхнікі і аварыйныя службы: РАУС, ЦРБ, “Астравецрайгаз”, РЭС.
У выніку загарання пабудова была поўнасцю знішчана. Папярэдняя прычына – спальванне сухой травы.
Затым у 12.18 паведамілі аб пажары дома ў вёсцы Вялікія Свіраны Кямелішкаўскага сельсавета. Туды былі накіраваны 7 адзінак спецыяльнай тэхнікі, а таксама аварыйныя службы.
Пасля прыбыцця стала вядома, што гараць два хлявы і два нежылыя дамы, якія размяшчаліся побач. Пачаў загарацца і жылы дом, які знаходзіўся па суседству. Гэтаму садзейнічалі вецер, а таксама невялікая адлегласць паміж будынкамі.
У выніку пажару два хлявы былі поўнасцю знішчаны, у нежылых дамах згарэлі дах і перакрыццё па ўсёй плошчы, пашкоджаны сцены. У жылым доме агонь таксама знішчыў дах, пашкоджана перакрыццё, сцены, маёмасць унутры. Будынак належыць пенсіянерцы 1933 года нараджэння.
Урон мог быць і большым, калі б не прафесіянальная, згуртаваная праца выратавальнікаў і насельніцтва, якія змагаліся з полымем усе разам. З-за чыёйсьці нядбайнасці магла пацярпець уся вёска. Папярэдняя прычына пажару – спальванне сухой травы.
Эдуард МАЛЫШКА.