Юзэфа Адынец і Святлана Мешкіс атрымалі ўзнагароды


З 24 па 26 сакавіка ў Гродне праходзіў абласны чэмпіянат па рускіх шашках сярод інвалідаў па зроку. Гонар нашага раёна абараняла старшыня Астравецкай раённай арганізацыі “БелТІЗ” Юзэфа Антонаўна Адынец.


У турніры ўдзельнічалі аматары шашак з усіх раёнаў вобласці. На працягу трох дзён напружаных спаборніцтваў па кругавой сістэме Юзэфа Антонаўна выбілася ў лідары і, саступіўшы толькі дзвюм удзельніцам з Гродна, заняла трэцяе месца.
–Дадому я вярнулася ў прыўзнятым настроі: прыемны быць адной з лепшых у вобласці. Толькі хацелася, каб больш інвалідаў прымалі ўдзел у такіх спаборніцтвах – тым больш, у хуткім часе будзе дзе трэніравацца: у будынку міліцыі плануецца адкрыць шашачны клуб.
А крыху раней у Пад’ельніках праходзілі выбары старшыні цэнтральнага праўлення беларускага таварыства інвалідаў па зроку, дзе былі выстаўлены работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва інвалідаў па зроку з усёй рэспубліцы. Святлана Іванаўна Мешкіс з Астравецкай раённай арганізацыі “БелТІЗ” выстаўляла свае вышытыя іконы па каляднай тэматыцы. Члены журы адзначылі высокамастацкі ўзровень яе аўтарскіх работ – і ў выніку Святлана Іванаўна стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці інвалідаў па зроку.
Юзэфа Антонаўна за перамогу ў чэмпіянаце па рускіх шашках і Святлана Іванаўна за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі.


Вольга ШОЎКУН.