Якія мы, беларусы: разважаюць дзеці
Такім чынам, знаёмімся з меркаваннямі нашых маленькіх экспертаў-назіральнікаў: якія мы, беларусы?
Сястрычкі Анжаліка і Яна Мураўскія запэўніваюць, што адны з галоўных якасцей нашага народа – руплівасць і гаспадарлівасць.
– Чалавека, які не лянуецца і добра робіць тое, за што ўзяўся, называюць працавітым. Беларусы дакладна такія – пра гэта ўсе гавораць.
Работы бываюць розныя: хатнія і працоўныя. Напрыклад, прыбраць, згатаваць ежу, пакасіць траву, зграбіць яе, паліць градкі – хатнія справы дарослых, а дзіцячыя – дапамагчы памыць посуд, перабраць выкапаную бульбу, працерці пыл, навесці парадак у пакоі і зрабіць урокі.
А вось гаспадарлівы – той, хто не проста добра працуе, а ўмее заўважыць, пра што трэба паклапаціцца і як гэта лепш зрабіць. Ляжыць рэч не на сваім месцы – прыбраць, а не чакаць, калі табе скажуць. Альбо зграбіць апалае лісце не толькі на сваім участку, але і побач. (Бачылі, што так робяць нашы настаўнікі, калі працуюць на школьным двары.)
Упэўнены, што працавітасці нельга навучыцца – такімі людзі нараджаюцца.
Да прыкладу, нашы бацькі. Тата на трактары возіць на ферму корм для каровак. Калі іх добра карміць, яны дадуць добрае малако – гэта карысная ежа, з яго робяць сыр, ёгурт, тварог... Мама прадавец у магазіне. Але яна не толькі стаіць за прылаўкам: праверыць дакументы, прыняць тавар і расставіць яго на паліцы, цэны паставіць, грошы пералічыць, правільна рэшту даць, адказаць на пытанні пакупнікоў – гэта таксама яе работа.
Паробяць бацькі ўсе справы – і радуюцца, што і сабе на карысць атрымалася, і іншым: дома парадак, жывёла накормлена, пакупнікі задаволены. Тата з мамай руплівыя гаспадары, бо пра ўсё паспяваюць клапаціцца!
Насця Капуста дакладна ведае: сярод беларусаў шмат людзей, якія праславілі Радзіму сваім талентам, – пра іх расказваюць у школе, паказваюць перадачы па тэлевізары.
– Не звычайнае ўменне, а асаблівае называюць талентам – гэта калі ты можаш выдатна зрабіць тое, што не па сілах кожнаму. Напрыклад, выконваць прыгожыя гімнастычныя практыкаванні, займацца балетам, спяваць, маляваць, гатаваць незвычайныя стравы…
Кожны чалавек нараджаецца з нейкім талентам, толькі яго трэба не ленавацца ў сабе адшукаць. Я ўжо знайшла: у мяне атрымліваецца прыгожа чытаць вершы на памяць. І настаўніца мая гэта заўважыла. У мінулым годзе, калі была ў 1 класе, мяне адправілі на раённы конкурс «Жывая класіка» – атрымала падарунак за прызавое месца: кубачак з лыжачкай! Цяпер толькі з яго п’ю.
Талент можна не толькі адкрыць у сабе, але і заўважыць у іншым. Каб гэта зрабіць, трэба пагаварыць з чалавекам; пацікавіцца яго захапленнямі; паназіраць за работай – і ацаніць.
Каб стаць сапраўдным майстрам, трэба вучыцца – у школе, цікавіцца самастойна, у іншых таленавітых людзей парады пытаць, як правільна рабіць. Словам, удасканальвацца. (Задумваецца.) Атрымліваецца, нялёгкая праца. Затое яна прыносіць вялікае задавальненне!
Я люблю танцаваць, спяваць і маляваць. Пакуль гэтымі захапленнямі займаюся дома. Але планую, як падрасту, на творчыя гурткі запісацца – там прафесіяналы будуць вучыць.
Мне здаецца, што талент чалавеку спатрэбіцца і на рабоце. Да прыкладу, мне хочацца стаць міліцыянерам, каб ахоўваць Радзіму ад зладзеяў. І тут вельмі дарэчы будуць мастацкія здольнасці – змагу без праблем зрабіць фотаробат злачынцы, а ўменне пераканаўча гаварыць дапаможа на допытах ці ў пошуках сведкаў.
Бажэна Матусевіч з вышыні жыццёвых назіранняў зазначае, што з адметных рыс характару беларускага народа вылучаюцца клопат і спагадлівасць.
– Мы ўмеем дапамагаць адзін аднаму і робім гэта шчыра.
Спагадлівасці без клопату не бывае, бо нельга спачуваць, калі не гатовы падтрымліваць – хаця б словамі «не перажывай», «я дапамагу». Думаю, што слова «спагада» ўжываюць толькі ў адносінах да жывой істоты: чалавека, жывёлы, птушкі…
А вось клапаціцца можна і пра людзей, і пра рэчы. Напрыклад, пра дзяцей: як апрануты, ці не захварэлі; пра ўтульнасць у доме: прыбіраць, паліваць кветкі, ежу гатаваць; пра хатніх жывёл: пакарміць і выгуляць сабак; пра цацкі: не ламаць, складваць акуратна на свае месцы.
Быць спагадлівым – гэта значыць мець вялікае сэрца, заўважыць, калі побач некаму дрэнна, не пакінуць у бядзе. Тут няважна, дарослы ты ці яшчэ дзіця – дапамагаць і не крыўдзіць можа любы. А злы чалавек не здольны не тое што спачуваць, ён не рыйдзе на дапамогу і засмучаецца, калі ў некага радасць.
Мне прыемна рабіць добрыя справы. Напрыклад, дапамагаць аднакласнікам рашаць задачы: тлумачыць, як правільна рабіць і чаму менавіта так. У іх пачынае атрымлівацца, а я радуюся, што зрабіла такую карысць. Прыемна і калі ўдаецца сябрам узняць настрой, развесяліць.
Бачу, як клапоцяцца тата з мамай пра сваіх бацькоў (яны жывуць у Сідарышках і Вераб’ях): дапамагаюць бульбу капаць, траву касіць і зграбаць. Ездзім да бабуль і дзядуль і мы з сёстрамі, пакуль тата з мамай займаюцца іншымі справамі, мы, напрыклад, яблыкі пабіраем. Калі вырасцем, будзем таксама сваіх бацькоў наведваць.
У нашых Міхалішках ёсць дом, дзе жывуць адзінокія старыя. Ведаю, што пра іх клапоцяцца чужыя ім людзі: каб былі ў цяпле, чысціні, мелі што есці… Старшакласнікі нашай школы ходзяць да іх: са святамі віншуюць, невялікія прадстаўленні паказваюць, проста размаўляюць. Такія беларусы – спагадлівыя!
Міша Сячынскі перакананы, што беларуская зямля нараджае разумных людзей: вучоных, вынаходнікаў, пісьменнікаў… А ўсё таму, што краіна ў нас асаблівая – самая лепшая.
– Увогуле розум да чалавека прыходзіць па меры сталення: спачатку дзіця вучыцца дома, потым у школе, каледжы... Некаторыя лічаць, што мозг і розум – адно і тое ж. Памыляюцца! Мозг – як домік: тое месца, дзе жыве розум. А ўжо далей ад кожнага асабіста залежыць, колькі ты там яго будзеш назапашваць.
Школьнікам, канешне, у гэтым плане лягчэй: ім не даюць расслабляцца ўрокі. Можна яшчэ і ў конкурсах удзельнічаць. Напрыклад, мы разам з Тэрэсай Людвікаўнай рыхтавалі на навукова-практычную канферэнцыю работу пра хлеб. Многія нават не задумваюцца, які доўгі шлях праходзяць зярняткі, пакуль стануць хлебам; і колькі чалавек у гэтым удзельнічае. І мой тата ў іх ліку – ён працуе ў калгасе: шукае патрэбныя запчасткі для трактараў і камбайнаў, якія задзейнічаны на жніве. Дык вось зерне спачатку абмалочваюць на полі, потым вязуць на сушылку, затым – на заводы, дзе зярняты перамолваюць у муку, замешваюць цеста, раскладваюць яго па формах і толькі тады пякуць боханы. Мама таксама спрабавала пячы хлеб – дома, яна рэцэпт у маёй бабулі брала.
Трэніраваць розум дапамагае і часопіс «Юны выратавальнік»: там шмат цікавага пішуць і заданні розныя друкуюць – крыжаванкі, рэбусы. У мінулым годзе нават падарункі ад гэтага часопіса атрымаў – быў актыўным чытачом і правільна ўсё выконваў!
Каб павялічваць веды, трэба не даваць розуму застойвацца: увесь час цікавіцца чымсьці новым, нешта вучыць, запамінаць, спрабаваць сябе ў розных справах. Я так і раблю, бо хачу стаць шафёрам, а людзям гэтай прафесіі пажадана як мага больш ведаць!
