Якім быў пасляваенны варнянскі старшыня Уладзіслаў Шыманец
Хацелася даведацца пра першага пасляваеннага старшыню крыху больш, чым можна пачытаць у скупых інфармацыйных паведамленнях раённай газеты. Папрасіла нашага няштатнага аўтара Людмілу Кухарэвіч дапамагчы адшукаць жывых сведкаў пасляваеннай калгаснай гісторыі, людзей, якія ведалі Уладзіслава Антонавіча.
Аказваецца, жывуць яшчэ ў Варнянах нашчадкі Шыманца, тыя, хто і сёння ўспамінае яго добрым словам. Пра гэта – у артыкуле Людмілы Іванаўны.
Ніна РЫБІК
Зусім нядаўна, працуючы над матэрыяламі пра гісторыю Варнян, звярнула ўвагу ў сямейным архіве Ірыны Станіславаўны Булькевіч (Шыманскай) на партрэт мужчыны са шляхецкімі вусамі ў фрэнчы з ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга на грудзях. Погляд дапытлівы, строгі – і ў той жа час лагодны. Паспрабавала ўявіць: кім ён мог быць у тым далёкім жыцці…
Уладзіслаў Шыманец
Убачыўшы маю зацікаўленасць старым фотаздымкам, Ірына Станіславаўна патлумачыла:
– Гэта мой дзед Уладзіслаў Антонавіч Шыманец. Ён – наш сямейны гонар… Бацькі часта яго ўспаміналі. Я і сама крыху памятаю дзеда... Вясёлы быў. І працавіты – хватку меў кіраўнічую, за тое, відаць, і абралі яго пасля вайны старшынёй калгаса імя Варашылава ў Варнянах. Тата расказваў, што дзед пайшоў туды па сваёй ахвоце, быў адданым калгасу, трымаў дысцыпліну, шкадаваў калгаснае дабро, клапаціўся, каб ніхто не краў. Напэўна, напрацаваўшыся на паноў змоладу, у калгасе ён адчуў сябе гаспадаром…
– А мама расказвала пра яго дзяцінства і юнацтва цікавыя гісторыі, – працягвала знаёміць мяне са сваім продкам Ірына Станіславаўна. – Дзед нарадзіўся на хутары Бжэгі, што за Міхалішкамі, у беднай сям’і парабкаў – бацькі яго служылі ў панскім маёнтку. Ды і яму, як крыху падрос, давялося паспытаць парабчанскага хлеба. Акрамя Уладзіслава, у сям’і быў яшчэ адзін сын, Міхась. Жылі вельмі бедна, асабліва ў галодныя гады. Маці Вікторыя пайшла сплаўляць плыты па Віліі, а меншага сына, Міхася, уладкавала ў дзіцячы прытулак у Слуцку. Так жыццёвыя шляхі братоў разышліся. І толькі пазней, ужо дарослымі, яны адшукалі адзін аднаго і сталі ліставацца. У сталыя гады Міхась і яго жонка Людміла прыязджалі з Майкопа ў Варняны. Міша вывучыўся ў Расіі, стаў ваенным. А Уладзік прыкіпеў да зямлі.
Уладзіслаў Шыманец (злева) з братам Міхасём
…Хлопец падрастаў і сталеў у працы і ў беднасці. Але ж маладосць не пытае, у што ты абуты – у боты ці ў лапці. Прыйшла і да яго пара кахання. Яніна, як і Уладзіслаў, была парабчанкай, бачыліся яны найчасцей у панскім маёнтку. А вечарам, як бы ні стаміўся, бег Уладзік да каханай праз лес – і па дарозе спяваў ва ўсю сілу свайго маладога прыгожага голасу. Хутаране, якія жылі паблізу, пачуўшы песні, казалі: «Зноў Уладзік да Яніны пабег на спатканне!». Дарэчы, прыгожы моцны голас ад дзеда перадаўся ў спадчыну яго сыну Станіславу і ўнучцы Ірыне.
Уладзіслаў і Яніна пажаніліся і перабраліся ў маёнтак Варняны, сталі працаваць на мясцовых паноў і жыць у «чвараку» – бараку для сямейных парабкаў. Цесната, бедната – але ж дах над галавой, свой куток. Побач жыло яшчэ некалькі сем’яў, не заўсёды між імі была згода, хапала і звадак…
Ды неўзабаве жыццё пачало крута мяняцца. На змену панскай уладзе прыйшлі Саветы. На базе былога маёнтка Варняны новыя ўлады стварылі рыбную гаспадарку, а былыя батракі сталі працаваць у саўгасе. А ў 1940 годзе тут быў створаны калгас, у які аб’ядналася 14 гаспадарак. Сельгасарцелі далі імя К. Варашылава. Старшынёй абралі Браніслава Валуевіча.
Але пачалася вайна. Акупанты забіралі ў сялян коней, адпраўлялі на лесанарыхтоўкі, вывазку лесу, на ачыстку дарог, павялічвалі і без таго непасільныя падаткі. У мястэчку стварылі канцлагер для яўрэйскіх сем’яў…
У ліпені 1944 года Астравеччыну вызвалілі ад фашыстаў. З даваенных калгасаў найперш адрадзілася 3: імя Сталіна, імя Молатава і імя Варашылава Астравецкага, Гервяцкага і Варнянскага сельсаветаў. Яны аб’ядноўвалі 63 сялянскія гаспадаркі. Калгас імя Варашылава ўзначаліў Уладзіслаў Антонавіч Шыманец. Так выпала яму, былому батраку з адукацыяй 6 класаў Міхалішскай польскай школы, стаць першапраходцам на пераломным этапе станаўлення і развіцця новага ладу ў вёсках – будаўніцтва калектыўных гаспадарак. Гэта была новая эпоха ў жыцці сялян і вёскі, незразумелая і страшная, бо трэба было адмаўляцца ад уласнага, нажытага горкім мазалём і таму такога дарагога, і прывыкаць паважаць агульнае, калектыўнае як сваё. І на гэтым этапе вельмі важным быў аўтарытэт старшыні. Уладзіслаў Антонавіч яго, безумоўна, меў – таму і справы ў калгасе Варашылава ішлі больш паспяхова, чым у суседзяў.
Пасля 19 з’езда КП(б)Б пачалася масавая калектывізацыя ў заходніх абласцях Беларусі, у тым ліку на Астравеччыне. Праводзілася яна пад пагрозамі і ўціскам мясцовай улады, аднаасобныя гаспадаркі абкладвалі непасільнымі падаткамі ці аб’яўлялі кулацкімі і высялялі ў Сібір. У кнізе «Памяць. Астравецкі раён» у артыкуле «Вернутыя імёны» сярод рэпрэсіраваных значыцца 15 варнянскіх гаспадарак – сем’яў.
Кіраўнікі новаствораных калгасаў не мелі ні вопыту, ні ведаў, не проста было браць на сябе адказнасць за лёс іншых людзей, якія цябе абралі важаком, давяралі…
– Бацькі расказвалі, што дзед быў працавітым і сумленным, справядлівым старшынёй калгаса, – гаворыць Ірына Станіславаўна. – Ён працаваў на гэтай пасадзе даволі доўга, да яго, беспартыйнага, паважліва ставіліся ў райкаме партыі.
1953 год, паездка на адкрыццё помніка на Нарачы і свята песні. (Уладзіслаў Шыманец у цэнтры)
Чытаючы дакументы, якія тычацца дзейнасці калгаса імя Варашылава ў пасляваенны час, змешчаныя ў кнізе «Памяць», можна адзначыць немалыя поспехі сельгасарцелі. Паляпшалася эканоміка, сацыяльнае і культурнае жыццё вёскі. Калгаснікі давяралі свайму старшыні.
Жыццё станавілася больш стабільным, дабрабыт паступова прыходзіў у калгасныя сем’i. Людзі пачалі будавацца – і сям’я старшыні, у якой падрасталі сыны, таксама. За ўзорнае правядзенне 1948 сельскагаспадарчага года ў гонар 30-годдзя БССР калгас імя Варашылава быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару, а яго старшыня Уладзіслаў Шыманец прадстаўлены да высокай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Ветэран педагагічнай працы Таццяна Нікіфараўна Волкава добра памятае Уладзіслава Шыманца:
– Ён быў высокім, хударлявым, цёмнавалосым – прыгожы мужчына. Мне неаднойчы даводзілася сустракацца і размаўляць з ім. Уражваў яго прыродны гумар, сціпласць i ветлівасць у абыходжанні з людзьмі. Паважалі яго і за тое, што не піў гарэлкі і быў чалавекам слова: скажа – як адрэжа. Нават калі ён ужо пакінуў пасаду старшыні і працаваў кладаўшчыком, калгаснікі і новы старшыня Мікалай Рыгоравіч Паршонак прыходзілі да яго раіцца па асабліва важных пытаннях. Шыманец нікому не адмаўляў, дапамагаў, чым мог...
Вяселле старэйшага сына Станіслава (справа ад маладога Яніна і Уладзіслаў з малодшым сынам Генам)
На пенсіі Уладзіслаў Антонавіч гадаваў унукаў, парадкаваўся ў хаце і на агародзе – радаваўся кожнаму пражытаму дню. У 1966 годзе ў сям’ю прыйшло гора – памерла яго жонка Яніна, якая ішла побач з мужам усе гады – супакойвала, калі што не ладзілася, падтрымлівала, калі сумняваўся, умацоўвала, калі хістаўся. Гэтую страту ён перажываў вельмі цяжка – і праз 3 гады ўслед за каханай і адзінай ціха пайшоў з жыцця, бурнага і імклівага…
Мінуў час… Адышло ў нябыт старэйшае пакаленне, якое працавала з Уладзіславам Антонавічам, помніла і паважала былога старшыню. А нам, сённяшнім, глядзець у мінулае заўсёды цікава – здалёк усё бачыцца інакш. Падзеі нібы мяняюцца месцамі: тое, што здавалася важным, адыходзіць на дальні план, а што не заўважалася, раптам становіцца значным і важным. Як і ў маім аповедзе пра Уладзіслава Антонавіча Шыманца, які жыў і працаваў у Варнянах на пераломе эпохі.
Я глыбока пераканана, што мы нябачнымі ніцямі звязаны з мінулымі пакаленнямі: з бацькамі, дзядамі, прадзедамі – і далей, у глыбіню стагоддзяў. І ад таго, як мы жывём сёння, залежыць лёс нашых нашчадкаў.
Людміла КУХАРЭВІЧ
Аўтар выказвае ўдзячнасць Ірыне Станіславаўне Булькевіч і Таццяне Нікіфараўне Волкавай
за звесткі з гісторыі жыцця Уладзіслава Антонавіча Шыманца і архіўныя фотаздымкі.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.