Які крыж нёс па жыцці Адам Мальдзіс – разважае Алесь Юркойць

Ці зможаце вы наўскід узгадаць чалавека, які праз усё жыццё мог з лёгкасцю паразумецца з непрымірымымі антаганістамі – і пры гэтым сам не быў прыстасаванцам-канфармістам ці кар’ерыстам? Для мяне такім чалавекам быў Адам Мальдзіс – Чалавек-эпоха, Асоба энцыклапедычных ведаў, Патрыярх старой і прадвеснік новай Беларусі, Тытан беларускага адраджэння.

Ён не прыстасоўваўся пад змен­лівы свет – але стагоддзі дзівосным чынам падлагоджваліся пад яго і са шляхецкім паклонам дарылі яму свае таямніцы, якімі наш зямляк умеў і любіў шчодра дзяліцца з усёй нашай неабсяжнай беларускай айку­менай.

Дык кім ён быў для нас, беларусаў? Мне падаецца, павінен прайсці час, каб гэта асэнсаваць.

Для мяне Адам Восіпавіч стаўся тым, хто канчаткова зрабіў мяне грамадзянінам сваёй краіны, – праз прыклад ахвярнай працы на карысць Бацькаўшчыны, штодзённы грамадскі і навуковы чын, праз сваю людскасць і чуласць да кожнага чалавека, незалежна ад яго маёмаснага стану і палітычных поглядаў. 

…Я вучыўся ў выпускным дзясятым класе Варнянскай школы, калі патрапіў у Астравец на свята кнігі. Той дзень і тыя людзі, якія зладзілі ўрачыстасць, запомніліся мне на ўсё жыццё: сярод іх быў Адам Мальдзіс, легендарная асоба на Астравеччыне, аўтар першай у гісторыі кнігі пра наш раён. Для нас, вучняў Варнянскай сярэдняй школы, ён ужо тады, у 80-я гады мінулага стагоддзя, увасабляў саму гісторыю.

З таго свята я прывёз дахаты першыя ў сваім жыцці кнігі з аўтографамі аўтара, Адама Мальдзіса: «З літа­ратурных вандраванняў» і «Восень пасярод вясны».

Усё пачутае і ўбачанае здавалася мне асабліва важным, сапраўдным, а контуры Беларусі, як ніколі да той сустрэчы, пачалі набрыняць адмет­насцю, роўнавялікасцю з суседзямі. Беларуская мова з вуснаў літа­ратурных мэтраў пакідала ўпэў­ненасць у сваім далейшым шчаслі­вым лёсе. 

І такое ўражанне ў мяне было заўсёды, калі я пуцявінамі жыцця судакранаўся з дарагім майму сэрцу і блізкім па духу земляком – у дырэктарскім кабінеце Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнт­ра імя Францыска Скарыны, на пасяджэнні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, у рэдакцыі «Голаса Радзімы», у Астравецкай раённай бібліятэцы, Лошскім клубе, на кватэры мэтра беларушчыны на сталічнай вуліцы Чарвякова.

Я не магу ўявіць, каб Адам Мальдзіс марнаваў час на звадкі і сваркі. Відаць, таму ён так шмат паспеў. Павольны ў рухах, разважлівы ў словах, шляхетны ў абыходжанні, ён сваёй асобай дзіўным чынам знітаваў эпохі Кастуся Каліноўскага, савецкую і найноўшага часу незалежнай Беларусі.

Архівы Лондана, Варшавы, Вільні, Кракава, Масквы падарылі яму завоч­нае сяброўства з Апалінарыем Свентажэцкім і Міхалам Цяцерскім, Цітусам Далеўскім і Уладзіславам Сыракомлем, Тэафіліяй Радзівіл і Міха­лам Чартарыскім, Адамам Міцкевічам і Марыяй Верашчака… Знакавыя сустрэчы ў Ватыкане з Папам рымскім Янам Паўлам ІІ, у Берліне – з літаратуразнаўцам і папу­лярызатарам беларускай літа­ратуры Норбертам Рандаў, у Саратаве – з наркамам першага ўрада БССР Язэпам Дылам, у Нью-Ёрку – з дырэктарам Беларускага інстытута навукі і мастацтва Вітаўтам Кіпелем, у Хакадатэ – з японскім грамадскім дзеячам Такада Касіці мелі заўсёдны працяг у шматлікіх кнігах, артыкулах, краязнаўчых канферэнцыях.

Якая ўсяму гэтаму была мэта, спытаеце вы? Адказ просты: каб пра нашу краіну ведалі ў свеце, каб мы маглі ганарыцца нашай радзімай і адчуваць наймагутнейшы грунт пад нагамі, які завецца спадчынай.

Ён, як асветнік-чараўнік, змог вярнуць з нябыту цэлае XVIII стагоддзе, выратаваць архіў Ларысы Геніюш і ўлюбіць няўрымслівага Уладзіміра Караткевіча ў астравецкі край. 

Гэта ўсё нібыта пра рознае, а насамрэч – пра адно: пра вялікі крыж Адам Мальдзіса, які ён годна і без нараканняў нёс па жыцці. Нёс з на­дзеяй, верай і любоўю. 


Алесь Юркойць



Текст: Главный администратор