Пра свята, сямейныя традыцыі расказвае сям'я Карповіч


Урачыстасць Божага Нараджэння для сям’і Карповіч (на фота) асаблівая. І на Каляды, і на першы дзень свята яны віншуюць адзін аднаго і блізкіх, а таксама жадаюць здароўя, спагады, дабрыні. Як адзначалі ў дзяцінстве гэтую ўрачыстасць і як святкуюць зараз Ражаство, расказала сям’я Карповіч. 

Пяць гадоў гэтая сям’я жыве ў Па­лушах ва ўласным доме, які збу­даваў Яўген. З Аленай яны гадуюць дваіх пагодак-прыгажунь Эмі­лію і Эвеліну. Па словах сямейнай пары, перададзеныя ад бацькоў і пра­дзедаў традыцыі захоўваюць і на ўласным прыкладзе паказваюць сваім дзецям.

 – Мой тата родам з Іўеўшчыны, і на Каляды мы часцей за ўсё ездзілі на яго радзіму да бабулі з дзядулем, – успамінае Каляды свайго дзяцінства Яўген.

– Як з’явілася свая сям’я, то застаёмся на Астравеччыне – святкуем ці ў цешчы, ці ў бацькоў. Сёлета Каляды будзем сустракаць у Астраўцы з блізкімі Алены і маімі. 

 – Менавіта раніцай 24 снежня, ні ў якім выпадку не раней, тата прыносіў дадому жывую, да самай столі елачку. Лясную госцю ўпрыгожвалі мы з сястрой, – нітачку размовы перахапіла Алена. – Мама ў гэты час займалася прыгатаваннем святочных і абавязкова пос­ных страў на вігілійны стол. Пякла вушкі з грыбамі, макам і варэннем. Тата дапамагаў пераціраць мак, які вельмі смачна было піць з крупяной кашай, куццёй. Смажылі і запякалі рыбу, гатавалі грыбныя катлеты і шмат іншых страў. Вечарам накрывалі стол. Сцялілі абрус, паверх яго клалі сена, якое засцілалі другім белым абрусам. Памятаю, што талеркі заўсёды стаялі няроўна. (Усміхаецца.) За вігілійным сталом збіраліся ўсёй сям’ёй, абавязкова была бабуля. Вячэру пачыналі малітвай, потым ламалі аплатку з пажаданнямі адзін аднаму ўсяго найлепшага. На стале пакідалі адну пустую талерку для тых, каго няма побач, ці на выпадак нечаканага госця. А пасля пачыналі жартаваць і ўзгадваць розныя святочныя прыкметы, напрыклад, цягнулі сена і параўновалі саломінкі. Лічылася, у каго найдаўжэйшая, таму абавязкова пашчасціць. У гэтым годзе збяромся ў доме мамы. Шкада, што кагосьці з намі ўжо няма, але радуе, што нашы сем’і павялічваюцца. 

 Да Божага Нараджэння маладая і прыгожая сям’я Карповіч рыхтуецца загадзя. Яны стараюцца не прапускаць ніводнай ранішняй імшы ў астравецкім касцёле Святых Космы і Даміяна. Праўда, у таты Яўгена часцей за ўсё гэта атрымліваецца  толькі на выхадных, бо працоўны дзень пачынаецца ў 7 раніцы. Затое двайняты Эмілія і Эвеліна з мамай Аленай штодзень на Раратах, а потым на занятках у гімназіі. Дзяўчынкі ходзяць у першы клас. 

 Цікаўлюся ў прыгажунь, ці не складана ім штодзень так рана прачынацца.

 – Бывае так не хочацца вылазіць з-пад коўдры! – прызнаецца Эвеліна. 
– Цяжка, але мы прывыклі, – пад­трымлівае сястрычку Эмілія. 
На Рараты ў касцёле ёсць цудоўная традыцыя. Перад пачаткам імшы дзеткі кідаюць у кошычак сардэчкі  са сваімі імёнамі і прозвішчамі. Напрыканцы службы святар выцягвае некалькі каляровых лісточкаў і іх уладальнікаў адорвае невялікімі падарункамі. 
Пытаюся ў дзяўчынак, ці атрым­лі­валі яны сюрпрызы ў храме. 
– Я сёння цацку атрымала, – падзя­лілася Эвеліна. – Ніякіх заданняў для гэтага выконваць не трэба.
– Толькі падрыхтаваць сардэчка і падпісаць яго, – дапаўняе Эмілія. 
–  Я няшмат разоў выходзіла за падарункам, – засмучана кажа першая дзяўчынка. 
– А я больш за Эвеліну. Можа, таму што старэйшая? – гарэзліва дадае другая. 
На маё пытанне, ці любяць яны Божае Нараджэнне і што адбудзецца на свята, дзяўчынкі ў адзін голас гучна адказалі: «Любім! Бо народзіцца маленькі Пан Езус!»

Каб доўга не затрымліваць прыгажунь сваімі размовамі, на развітанне пацікавілася, што яны папрасілі б у Дзіцяткі:
– Сястрычку! – ціха прамовіла Эмілія. 
– Абавязкова гэта зробім! – пад­міргнула Эміліі дзяўчынка. 


Текст:
Фото: Дмитрий Соколовский