Выпадковая сустрэча на Каляды стала лёсавызначальнай для Юрыя і Алесі Валэйкаў
Сям'я Валэйкаў узгадвае калядныя традыцыі дзяцінства і сённяшняе святкаванне.
– Каляды вашага маленства – якія яны?
Юра:
– У нас збіралася ўся вялікая сям’я, абавязкова прыязджалі шматлікія сваякі па бацькавай лініі. За вігілійным сталом было каля 15-ці чалавек. Добра памятаю водар сена і чаканне падарункаў.
Калі быў падлеткам, то з іншымі хлопцамі свавольнічалі: у Слабадзе не было каму здымаць вароты, ішлі гэта рабіць у Варняны. (Усміхаецца.)
Алеся:
– Каляды майго дзяцінства былі вельмі вясёлымі. Адзін год святкавалі ў бабулі ў Чэрнішках, а на наступны ехалі да другой бабулі ў Астравец. У яе 4 дзяцей, якія прыязджалі ўжо са сваімі сем’ямі. Нас збіралася каля 15-18 чалавек. Мы з сёстрамі варажылі. Па колькасці штыкецін лічылі, ці будзем у пары, кідалі чаравік, у які бок ён паляціць – адтуль і суджаны будзе. Але гэта былі жарты і забаўкі.
Юра:
– Хто ведае (запытальна паглядзеў на жонку. – Заўв. аўт.), можа, і наваражыла мяне? З Алесяй бліжэй пазнаёміліся на Каляды. Пасля вячэры мы з хлопцамі паехалі ў Астравец. Там Алеся з сям’ёй святкавала Каляды ў бабулі.
Алеся:
– З 24 снежня 2007 года так і не расстаёмся. (Усміхаецца.) На Ражаство, можна сказаць, і зарадзілася наша сям’я. Шлюбам пабраліся ў 2011 годзе.
– Вас пастаянна можна бачыць у касцёле. Што для гэтага стала штуршком?
Алеся:
– Мы хадзілі ў касцёл, як і большасць людзей, толькі на вялікія святы ці па важнай прычыне. Практыкуючымі католікамі сталі дзякуючы старэйшаму сыну Яну, калі ён рыхтаваўся да першай споведзі.
Юра:
– З ім мы сталі хадзіць у касцёл, таму што бацькі павінны быць прыкладам для дзіцяці.
Алеся:
– І на Рараты перад Божым Нараджэннем, і на крыжовую дарогу напярэдадні Вялікадня ў касцёле ўсёй сям’ёй. Эмільку, напрыклад, сталі браць з сабой у храм з 2-х гадоў. Стараемся не прапускаць літургію. Канешне, здаралася, што з-за работы ці па іншай прычыне не прыходзілі на нядзельную імшу, а сярод тыдня ўжо лавіла сябе на думцы, што чагосьці не хапае – хочацца ў касцёл.
– Ведаю, што вы актыўныя ўдзельнікі парафіяльнага тэатра. Раскажыце, калі ласка, пра гэты вопыт.
Юра:
– У першай пастаноўцы я быў пастухом – роля простая. У другой – ксяндзом Янам Селевічам, якога прызналі праведнікам народаў свету. Прызнаюся, гэта было складана, бо святар – гэта незвычайны чалавек, асабліва такога маштабу, як былы варнянскі пробашч. Мы нават ездзілі на могілкі ў Свір, хоць не ведалі дакладнага пахавання. Уяўляеце, наўпрост выйшлі на могілку ксяндза Яна, быццам нас нехта вёў.
Роля была незвычайнай, як для мяне, так і для астатніх: людзі першы раз бачылі мяне ў сутане. (Усміхаецца.) Хоць у дзяцінстве хацеў стаць ксяндзом.
Алеся:
– У мяне хоць былі і не галоўныя ролі, але яны дапамаглі многае зразумець і адчуць. У пастаноўцы пра Божае Нараджэнне іграла анёла.
Так сталася, што падрыхтоўка прыпала на Адвэнт. Раніцай мы хадзілі на Рараты, а вечарам – на рэпетыцыі. Прыходзіш з работы, шмат спраў, часам хочацца адпачыць, але ты пераадольваеш сябе і ідзеш у касцёл. Дзве-тры гадзіны праляталі як імгненне і дадому вярталася натхнёная.
Упэўнена, што першая пастаноўка кожнаму з нас дала магчымасць пражыць і зразумець сэнс свята і адчуць, што перажыла Святая Сям’я, калі ні ў адным доме не знайшлося для яе месца. Для мяне гэта быў вельмі каштоўны вопыт. І цяпер адчуваю цеплыню, ціхую радасць, якімі хочацца дзяліцца з іншымі.
Роля жанчыны ў другім спектаклі пра ксяндза Яна Селевіча, які ўратаваў яўрэяў, таксама ў нечым змяніла мяне. Некалькі стагоддзяў назад людзі радаваліся, што дзякуючы пані Марцыяне аднавіўся касцёл. Думаю, цяпер мы перажываем тое ж. Касцёл ёсць, ён аднаўляецца і прыгажэе, у тым ліку і дзякуючы нам, вернікам. Кожны ўкладвае ў яго не толькі працу, але і часцінку сваёй душы. Веру, што ў нашай касцёльнай трупы наперадзе яшчэ не адна пастаноўка.
Юра:
– Нядаўна Алеся падзялілася красамоўным выразам, які пачула. Падчас Адвэнту трэба пастарацца абняць нованароджанага Езуса душой і патрымаць яго на руках.
Алеся:
– Многія здзіўляюцца, чаму мы столькі часу праводзім у касцёле. Але хто, калі не мы, парафіяне, будзем яго прыбіраць, упрыгожваць? Мы ж гэта робім не дзеля самога храма, а дзеля людзей. Усім прыемна прыйсці на свята ў касцёл і бачыць навокал прыгажосць – яе трэба некаму стварыць.
– Як сёлета будзеце сустракаць свята Божага Нараджэння?
Алеся:
– На Каляды збяромся ў маёй мамы, напэўна, гэта будзе самае маштабнае Ражаство. Вігілійны стол накрыем на 24 асобы, па традыцыі паставім адну дадатковую талерку. Наша бабуля Дамініка Баляславаўна Глазко (вельмі пабожная жанчына), якой ужо больш за 80 гадоў, прачытае ўрывак з Евангелля, а потым падзелімся аплаткай. У нас ёсць традыцыя: спачатку ламаем мінулагоднюю аплатку, потым – сёлетнюю.
На Каляды падчас вігіліі мы заўсёды адзін аднаго абдымаем, жадаем добрых свят. Да нашых дзяцей у гэтую ноч прыходзіць Дзядуля Мароз. Пасля вячэры абавязкова ідзём на Пастэрку. Падабаецца, што на каляднай імшы мы таксама дзелімся аплаткай – гэтую прыгожую і патрэбную традыцыю ўвёў ксёндз Віктар.
Зразумела, што ў сям’і, ламаючы яе, мы дзелімся радасцю толькі з роднымі і блізкімі, а тут атрымліваецца аддаць часцінкі цеплыні і дабрыні аднавяскоўцам. У жыцці здараецца рознае: магчыма, хтосьці адзінокі ці да яго не змаглі прыехаць родзічы, і падчас каляднай імшы гэты чалавек ужо не будзе адчуваць сябе такім самотным. І дзеля гэтага таксама хочацца ісці на Пастэрку, каб ад душы павіншаваць са святам іншых.
Па вяртанні дадому, калі заснуць дзеці, мы з Юрам выпіваем па бакале (яны абавязкова вясельныя) шампанскага, таму што менавіта ў гэты дзень калісьці разгледзелі адзін аднаго.
Раніцай едзем на могілкі, таму што і ў Юры, і ў мяне таты памерлі. А потым ідзём на імшу, пасля якой святкуем у вялікім сямейным коле.
Пажаданні
Юра:
– Верыць і хадзіць у касцёл, навярнуцца. І ваша жыццё кардынальна зменіцца, калі вы будзеце з Богам. Гэта класна! Усім нам хачу пажадаць міру.
Алеся:– Неістотна, які ты: добры ці злы, багаты ці бедны, здаровы ці хворы, галоўнае – жыць з верай у душы. Менавіта свята Божага Нараджэння і аднаўляе яе. У любы момант можна звярнуцца да Бога, і ён абавязкова цябе пачуе. Нават калі ў жыцці нешта не ладзіцца ці ёсць праблемы – з верай у сэрцы гэта ўсё прасцей перажыць.
Я б пажадала людзям быць крыху дабрэйшымі адзін да аднаго, адчуць душой цеплыню Дзіцяткі Езуса і падзяліцца ёй з усімі навакольнымі. І каб з гэтым святлом кожны быў і здаровым, і шчаслівым, і радасным!