Второй тур конкурса "Звездный дождь" прошёл в Островце
У нядзелю дажджыла не толькі надвор’е, але і кінаканцэртная зала “Астравец”. У другі тур конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Зорны дождж” перайшлі восем галасістых, прыгожых і харызматычных канкурсантак. Яны павінны былі ўсяго за тры тыдні падрыхтавацца да новага выпрабавання, каб здзівіць і ўразіць членаў журы, каб перамагчы сваё хваляванне, каб зрабіць яшчэ адзін крок, упэўнены і адчайны, да фінальнага акорда конкурсу… Не ўсё атрымалася, не ўсе стануць фіналістамі – але не будзем заглядваць наперад, каб захаваць інтрыгу, якая, бясспрэчна, адрознівала другі тур “Зорнага дажджу”ад першагаМесца і час дзеяння
кінаканцэртная зала “Астравец”, 16.00, нядзеля, 13 красавіка 2014 года.
Аўдыторыя
Рознаўзроставая – пачынаючы ад трохгадовых прыгажунь і заканчваючы прыгажунямі, якім “за”... Рознаякасная – яе можна падзяліць на дзве асноўныя катэгорыі – балельшчыкі і цікаўныя назіральнікі. Балельшчыкаў, або фан-групу, у асноўным складалі мамы, таты, браты, сёстры, бабулі і іншыя родзічы, а таксама сябры, аднакласнікі і педагогі, якія хваляваліся не менш за сваіх падапечных “зорных дажджынак”.
Назіральнікі таксама былі розныя, і іх характарыстыкіне абмяжоўваліся полам або ўзростам. Хутчэй, гэтых людзей аб’яднаў жывы інтарэс да музыкі і культурнага жыцця Астравеччыны.
Журы (“злосная” пяцёрка суддзяў)
Сяргей Лявонцьевіч Сяўко, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры, і па справах моладзі; Ірына Іванаўна Расамацкая, дырэктар Астравецкага раённага Дома культуры; Павел Генадзьевіч Букель, загадчык аддзела па справах моладзі Астравецкага РДК; Данута Адольфаўна Папе- ня, кіраўнік народнага хору ветэранаў працы; Алена Ігараўна Гануліч, карэспандэнт раённай газеты “Астравецкая праўда”.
Інструмен тарый пяцёркі “інквізі тараў”
(для тых, у каго ўзнікаюць пытанні, якім чынам журы ацэньвае канкурсантак)
Па-першае, гэта органы ўспрымання інфармацыі: слых, зрок, ну і, канешне, музычны густ кожнага члена журы. Па-другое, гэта жорстка вызначаныя крытэрыі: вакальнае вы- кананне, артыстызм, касцюм і рэпертуар. Максімальная адзнака па кожнай характарыстыцы – 5 балаў. Такім чынам, кожная канкурсантка за адзін нумар ад аднаго члена журы можа атрымаць да 20 балаў, адпаведна агульныя выніковыя балы могуць “дацягнуць” да сотні.
На ПАРАДКУ дня
Тузін яркіх і запамінальных нумароў, некаторыя з якіх яшчэ ў суправаджэнні падтанцоўкі (“ізюмінка” нумар адзін). Толькі жывы гук і сапраўдныя эмоцыі. Дзве часткі канцэрта: першая – сольнае выкананне эстраднай песні, другая (“ізюмінка” нумар два) – дуэтнае выкананне песенных кампазіцый.
Дуэты фарміравалі арганізатары конкурсу. Самастойна або па ўзгадненню з педагогамі дзяўчаты выбіралі песні, касцюмы, рухі – і рэпеціравалі літаральна дзень і ноч, не толькі адточвалі вакальнае майстэрства, але і вучыліся працаваць у пары: слухаць і чуць свайго партнёра і пры гэтым не “глушыць” і не “травіць” уласнае меркаванне і ўнутраны голас. Згадзіцеся, задача не з лёгкіх. Ці ва ўсіх атрымаецца “саспявацца”?..
Дзеючыя асобы
Першую частку канцэрта адкрыла Ангеліна МЕЛЬГУЙ кампазіцыяй з рэпертуару Лаймы Вайкуле “Гэй, марак”. Сцэнічны вобраз дзяўчыны цалкам адпавядаў заяўленаму нумару, а дзяўчаты з падтанцоўкі ў паласатых цяльняшках дапамаглі гледачам адчуць, няхай і ўяўныя, сонца, пляж і мора.
Святлана ХАМЯКОВА літаральна на сцэне пераўвасобілася ў “характар- ную” прынцэсу з каронай на галаве. І як вы думаеце, хто каго ўпрыгожыў? Ну канешне ж, Света-прынцэса – і сцэну, і песню, і карону.
Нягледзячы на тое што гэты канцэрт стаў другім выступленнем на сцэне кінаканцэртнай залы, не заўважыць “фішкі”, якія надаюць сваім “носьбіткам” яшчэ больш няўлоўную адметнасць і асаблівасць, было складана.
“Вышэй аблокаў” са сваёй аднайменнай кампазіцыяй паднялася Дар’я КРЫ ВІЦКАЯ. Цэласнасць нумару, у якім магло і не быць падтанцоўкі, надавала традыцыйная “варыятыўнасць” Дашынага голасу.
Юлія ІВАШКА “прапусціла” праз сябе песню “Як шмат гадоў у ва мне спала каханне”.
Прастата песні і рухаў яшчэ раз пацвердзілі ісціну, што прыцягвае ўвагу не толькі мудрагелістае і складанае. Завадную і “жывую” кампазіцыю “Torrero”, якая прымусіла некаторых гледачоў падтанцоўваць, выканала Ганна ПАЗЛЕВІЧ.
Рок-амплуа прымерыла на сябе ў гэты раз Вікторыя РУД АЯ. І, варта адзначыць, што яно пасавала дзяўчыне і раскрывала тыя якасці, якія да гэтага часу ў канкурсанткі драмалі, – няўрымслівасць, эмацыйнасць і задор панавалі на сцэне.
Трэк “Я цябе, ты мяне” групы “Ігла” ў выкананні Юліяны МАСЕЙКА набыў своеасаблівае, аўтарскае гучанне. І сапраўды, як мне здаецца, мелі рацыю тыя гледачы (каюся, іх размова даляцела да маіх вушэй), якія параўноўвалі гудагайскую прыгажуню з Рэнатай Літвінавай.
Каго здзівіла, каго ўразіла, каго крыху шакіравала, а асабіста мне спадабалася выступленне Сняжаны БЕЗЛЯПОВІЧ. Усходнія матывы “Танца сонца і агню” ў аздабленні танцуючых дзяўчат, апранутых у беларускія народныя касцюмы, набылі няўлоўны беларускі каларыт з “нянашынскай” пярчынкай.
Калі параўноўваць выступленні канкурсантак (вядома з самімі сабой!) у першым і другім турах “Зорнага дажджу”, то станоўчая дынаміка відавочная. І складана адназначна сказаць: сцэнічны рост юных “зорных дажджынак” – заслуга педагогаў, якія за тры тыдні змаглі добра падцягнуць падапечных, або саміх дзяўчат, якія перамаглі хваляванне і паверылі ў тое, што яны – лепшыя.
Першы тур яскрава прадэманстраваў, хто – лідар, а хто аказаўся слабейшым за сваіх канкурэнтаў. А вось у другім “зорным” туры ўсе дзяўчаты ў сольным выкананні эстраднай кампазіцыі крочылі нага ў нагуі глядзеліся на сцэне роўна. Вось толькі нумары, як мне падалося, у дэбютным “зорным” туры вылучаліся самабытнасцю і аўтатэнтычнасцю, а ў другім былі не да канца цэласнымі.
Пакуль не пачалася другая частка выступлення канкурсантак – дуэтнае выкананне, я вырашыла пацікавіцца ў “калег па судзейству”: хто, на іх думку, дойдзе да фіналу і стане лідарам? Пытанне аказалася з разраду рытарычных, бо, як заўважыў Павел Букель, учарашні лідар можа сёння стаць намінантам на выбыванне і пакінуць праект. Пацвярджэннем “роўнасці” канкурсантак у сольным выкананні сталі і балы: яўныя фаварыты не вымалёўваліся, а разбежка ў адзнаках паміж канкурсанткамі складала ўсяго 1-2 балы.
Інтрыга пачала закручвацца, бо стала зразумела, што менавіта дуэты і вырашаць далейшы лёс дзяўчат.
Тандэм Рудая-Мельгуй як увасабленне інь-янь на сцэне (Віка ў белай, а Ангеліна ў чорнай сукенках), дзе дзяўчаты гарманічна дапаўнялі адна адну, на некалькі хвілін, пакуль кампазіцыя “Белыя лебедзі” лунала ў прасторы, глядзеліся сапраўдным і зладжаным дуэтам.
Пара дзяўчат Безляповіч-Пазлевіч прадставіла на суд журы маладзёжную песню “Прачынайся”. Сняжана, аказваецца, нядрэнна чытае рэп, а Ганна – рухаецца, як гэта робяць рэперы са “стажам”. Аднак, як мне здаецца, “Прачынайся, мой сябар” не разбудзіла адну з дзвюх дзяўчат, а, наадварот, зацямніла яе. Коўдра была відавочна перацягнута на адзін бок, пагэтаму другая канкурсантка ў гэтым нумары не раскрылася.
Беларуская народная песня ў апрацоўцы “Ружа-кветка” раскрыла вакальную пару Крывіцкая-Масейка. Не “падкачалі” не толькі самі дзяўчаты, але і іх рухі, касцюмы, выкананне… Вяртанне нашага, спрадвечнага, “падфарбаванага” на сучасны лад і густы, мне здаецца, заўсёды будзе ў трэндзе.
І завяршаў другі “Зорны дождж” дуэт Івашка-Хамякова. Дзяўчаты абралі песню К. Меладзе “Прыгожа”, якую выканалі ў два галасы. Было бачна, што Юлі і Свеце гэтая кампазіцыя далася не вельмі лёгка. Але ж “змагары”, нават і ў прыгожых вячэрніх сукенках, лёгкіх шляхоў не выбіраюць.
Пакуль канкурсанткі пераводзілі дух за кулісамі пасля выступлення, а некаторыя з іх хваляваліся і маліліся: “Толькі не я”, – члены журы падлічвалі балы і вызначаліся з тройкай намінантаў на выбыванне. Варта адзначыць, што за выступленне ў дуэце дзяўчаты атрымлівалі адзнаку як дуэт, а не кожная паасобку. Гэтая адзнака сумавалася з баламі, атрыманымі за сольнае выкананне эстраднай кампазіцыі. Менавіта выніковыя балы вызначылі тройку намінантак: Аня, Света і Сняжана. І толькі адна вакалістка па ўмовах конкурсу павінна была прадоўжыць далей свой шлях у гэтым праекце.
Гледачоў у зале чакала караоке і музычны падарунак ад Вікторыі Гарбачэўскай, а членаў журы – гарачае абмеркаванне. Галасы раздзяліліся – і пяцёрка суддзяў не прыйшла да кансэнсусу. Сняжане Безляповіч і Святлане Хамяковай было вырашана даць яшчэ адзін шанс.
Павінна было застацца шэсць канкурсантак, аднак насуперак усім правілам (яны і існуюць для таго, каб іх парушаць!), меркаванням і прагнозам у наступны тур зрабілі крок сем дзяўчат, з якіх толькі адна пераможа ў “Зорным дажджы”. Магія лічбы 7 спрацавала тут ці пасыл некаторых дзяўчат – “толькі не я” – дасягнуў свайго адрасата і членаў журы, так і застанецца невядомым.
Не ўсім пашанцавала, але той вопыт, які дзяўчаты атрымалі пры рабоце ў дуэтах, каштуе нашмат даражэй, чым нават перамога ў гэтым конкурсе. Гэта як з марамі. Галоўнае – не іх увасабленне, а сама дарога да ажыццяўлення гэтай мары ў прасторы і жыцці.
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.
