Всем верующим Ворнян дети подарили театрализованное представление рождения Христа

Сёлета вернікі Астравецкага дэканату сустракалі Ражаство пры Бэтлеемскім агні. У кожным доме, у кожнай сям’і благадатнае святло з месца нараджэння Збавіцеля сагравала людзей, пасяляючы ў душы шчымлівую, ціхую радасць і невымоўную веру ў цуды, якой, здавалася, пранізана ўсё навокал…
І такі цуд адбыўся! Пасля шматгадовага перапынку ў варнянскім касцёле святога Юрыя на Ражаство дзеткі разам з катэхеткай Жаннай Радзевіч падарылі ўсім вернікам тэатралізаванае прадстаўленне з біблейскай гісторыі Божага Нараджэння.

Штогод вернікі ў Варнянах, як і ў астатніх парафіях нашага раёна, пасля Вілігійнай вячэры ідуць апоўначы ў касцёл, каб супольна прывітаць шматгалосным “Хвала на вышынях!” Езуса, які прыходзіць у гэты свет, дзеля збаўлення чалавека…
Калі мне не здраджвае памяць, апошні раз у сценах нашага касцёла пастэрку бачылі прыблізна васямнаццаць гадоў таму, калі арганістка пані Аня (менавіта так мы, васьмі- і дзесяцігадовыя дзеці, яе называлі) яшчэ прыязджала ў Варняны. Памятаю тыя дзіцячыя ўспаміны “анёла”, ролю якога я, як і мае сяброўкі, выконвала з задавальненнем і адначасова ўсведамленнем вялікай адказнасці, якая ляжыць і на маіх плячах. Памятаю тое хваляванне, якое панавала кожны раз, калі мы ў белых сукенках і з крыламі за спінамі “выляталі” на імправізаваную сцэну. Памятаю незвычайную і ўзнёслую радасць нашага ксяндза-пробашча Здзіслава Пікулы, дзякуючы якому пастэрку змаглі ўбачыць далёка за межамі вёскі, у іншых парафіях.
І цяпер, праз многа гадоў, ведаю на памяць, нават не трэба зазіраць у песеннік, калядныя песні, ухваляючыя Хрыста: Пойдзем усе мы да стаенкі,
Да Езуса і Паненкі.
Прывітайма мы Малога
І Марыю – Маці Бога…
…У гэты дзень з усіх куткоў мястэчка і бліжэйшых вёсак людзі пешшу і на машынах спяшаліся ў касцёл на Пастэрку. Да імшы заставалася больш за гадзіну. І людзі з вялікім нецярпеннем чакалі, як і многа гадоў назад: хтосьці маліўся, хтосьці перамаўляўся… Дэжа вю. Марыя і Юзаф стукаюцца ў хаты і просяць прыняць іх на начлег, але ім усюды адмаўляюць. І толькі ў хляве сярод хатніх жывёл падарожнікі знаходзяць прытулак, дзе і прыходзіць на гэты свет Езус. А Ірад тым часам аддае загад на забойства ўсіх немаўлятак і дзяцей да двух гадоў… Але Божы замысел – пасланне людзям свайго сына – ніхто не можа змяніць…
І Бэтлеемская зорка прыводзіць да ясляў, дзе нарадзіўся Езус, спачатку пастушкоў, а пасля і трох каралёў – Каспера, Мельхіёра і Балтазара. Мудрацы адорваюць Божае дзіцятка кадзілам (дар для Бога), мірай (увасабленне чалавечай натуры Збавіцеля) і золатам (як дар караля).
Юзаф бярэ на рукі маленькага Езуса – і той благаслаўляе ўсіх сабраўшыхся ў касцёле. Пасля заканчэння тэатралізаванага прадстаўлення ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула цэлебраваў Святую Імшу, і ўсе вернікі ў гэтую ноч дзяліліся адзін з адным аплаткай – сімвалам еднасці ў Хрысце. Пасля заканчэння Імшы кожны чалавек падыходзіў да ясляў і ў думках дзякаваў і за дар жыцця, і за ціхую радасць, і за магчымасць удзельнічаць у Пастэрцы.
…Менавіта пагэтаму Святая Імша, якая цэлебруецца з надыходам ночы, называецца Пастэрка (ад лацінскага слова “pastor”, што ў перакладзе азначае “пастух”). Бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра Нараджэнне Хрыста, былі бэтлеемскія пастухі, што ў тую ноч пасвілі свой статак.
…Прадчуванне святла і святасці вітала ў паветры. Перадавалася ад чалавека да чалавека – гэтак жа, як суткі назад трапяткі агонь злучаў у адно цэлае ўсіх вернікаў.


Алена ГАНУЛІЧ