Возможно ли в Островце открытие группы круглосуточного пребывания детей?
Вольга, якая жыве ў Астраўцы, на сайце нашай газеты www.ostrovets.by пакінула свой зварот, у якім цікавілася магчымасцю адкрыцця ў нашым горадзе дзіцячага садка з кругласутачным знаходжаннем дзяцей.– Часта ўзнікаюць праблемы, калі няма дзе і з кім пакінуць дзяцей, – пісала жанчына. – Асабліва гэта актуальна для тых сем’яў, у якіх бацькі працуюць па зменах. Праблема здымалася б аўтаматычна, калі б існавалі дзіцячыя ўстановы, у якіх дзіця можна было б пакінуць не толькі на дзень, але і на ноч. Ці магчыма адкрыць такія групы кругласутачнага знаходжання дзяцей у Астраўцы?
За адказам на пытанне Вольгі мы звярнуліся да намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Наталлі Вікенцьеўны Баніцэвіч:
– Згодна з Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь час знаходжання выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі вызначаецца заснавальнікам у адпаведнасці з запытамі законных прадстаўнікаў выхаванцаў.
У Астраўцы ёсць магчымасць адкрыцця групы з кругласутачным знаходжаннем дзяцей. Як правіла, адкрываецца рознаўзроставая група, якая складаецца з дзяцей ва ўзросце ад года да сямі. Пры гэтым напаўняльнасць такой групы не павінна перавышаць 12 дзяцей.
Калі ў бацькоў узнікне такая неабходнасць, ім варта звярнуцца ў аддзел адукацыі і прадаставіць даведку з месца работы абодвух бацькоў (законных прадстаўнікоў дзіцяці) аб начным, пазменным графіку работы, медыцынскую карту адпаведнага ўзору, ксеракопію пасведчання аб нараджэнні дзіцяці. Пры наяўнасці ўсіх неабходных дакументаў, а таксама пры ўмове, што набярэцца 12 дзяцей, групу кругласутачнага знаходжання дзяцей можна будзе адкрыць у адной з дашкольных устаноў нашага горада.
