Віншаванне з Днём Перамогі Віктара Свілы
Май багаты на святы. У першы дзень самага прыгожага месяца года мы ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў раёна. Сёння і паслязаўтра адзначаюць прафесійныя святы людзі, дзякуючы працы якіх мы заўсёды своечасова атрымліваем аб’ектыўную інфармацыю, – журналісты, работнікі радыё, тэлебачання і ўсіх галін сувязі. Усе, хто мае дачыненне да гэтых свят, заслугоўваюць самых цёплых віншаванняў і добрых пажаданняў.
І ў гэтым святочным калейдаскопе асобна стаіць Дзень Перамогі – самае галоўнае наша свята. Бо калі б нашы бацькі, дзяды і прадзеды не перамаглі фашызм, не было б у нас і іншых свят, дзяржаўных, прафесійных і сямейных.
Не хапае слоў, каб перадаць усю ўдзячнасць нашчадкаў тым, хто адстаяў свабоду і незалежнасць Айчыны на франтах Вялікай Айчыннай і змагаючыся з акупантамі ў тыле ворага. Адзінае, што хочацца сказаць: мы памятаем іх подзвіг і ганарымся імі!
Нам жа застаецца адно: выканаць свяшчэнны наказ, які бясконца паўтаралі ветэраны: зберагчы мір, самую вялікую нашу каштоўнасць. Гэта – наш абавязак перад светлай памяццю тых, хто яго заваяваў.
Віктар СВІЛА, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Смаргонскай выбарчай акрузе №59.