В Островецком районе снизилось количество правонарушений среди несовершеннолетних

Семінар па прафілактычнай рабоце “Узаемадзеянне суб’ектаў выхавання, накіраваных на прафілактыку супрацьпраўных паводзін непаўналетніх” прайшоў у Астраўцы. Падобныя семінары для ўсіх зацікаўленных у пытаннях прафілактыкі структур праходзяць штогод.

На сёлетні, куды акрамя намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце школ, якія займаюцца ў тым ліку і пытаннямі прафілактыкі, былі запрошаны сацыяльныя педагогі і псіхолагі, а таксама намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Т.М. Драган, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў Р.І. Гайдуль і выконваючы абавязкі начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях С.К. Дыдышка.
Мінулы год быў значным для нашага раёна. Ён азнаменаваўся тым, што ўпершыню за дзесяць гадоў у раёне дасягнуты самы нізкі ўзровень злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Але ў раёне яшчэ сустракаюцца выпадкі п’янства непаўналетніх і ўдзел іх у дарожна-транспартных здарэннях. Трывогу дарослых выклікае і выкарыстанне наркатычных сродкаў – таго ж спайса, які становіцца ўсё больш папулярным сярод падлеткаў.
Усё гэта стала падставай для таго, каб яшчэ раз абмеркаваць праблемы, якія ўзнікаюць у пытаннях прафілактыкі, і скаардынаваць работу прафілактычных структур.
Прафілактычнае мерапрыемства, арганізатарам якога выступілі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Л.М. Апановіч і кіраўнік раённага метадычнага фарміравання намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце І.М. Жалток, прайшло ў форме круглага стала з элементамі дзелавой гульні.
Пасля абмеркавання важнейшых пытанняў прафілактычнай работы ў раёне, экспертная камісія, у склад якой увайшлі запрошаныя госці, указала на недахопы ў арганізацыі прафілактыкі ва ўстановах адукацыі. Кожны, хто прысутнічаў на пасяджэнні, змог задаць цікавячыя яго пытанні і адразу ж атрымаць на іх адказ.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ
.