В Островецком лесхозе прошла акция к Дню Победы

У Астравецкім лясгасе напярэдадні Дня Перамогі прайшла акцыя, прысвечаная 70-годдзю з дня вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Перад работнікамі лясгаса выступіў старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт, які пранікнёна расказаў не толькі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якія разгортваліся на тэрыторыі нашага раёна, краіны і ўсяго Савецкага Саюза, але і пра іх уплыў на сусветную геапалітыку. У сваім выступленні Расціслаў Арсенцьевіч не абмінуў і падзеі, якія зараз адбываюцца ва Украіне, і нагадаў усім прысутным, што незалежнасць, стабільнасць, мірнае неба і памяць аб тых, хто аддаў за гэта жыццё семдзесят гадоў назад дзеля будучыні сваіх нашчадкаў, – клопат кожнага грамадзяніна нашай рэспублікі.
У другой частцы мерапрыемства перад работнікамі Астравецкага лясгаса выступіў народны хор ветэранаў працы пад кіраўніцтвам Дануты Адольфаўны Папеня. Свае сольныя нумары ў гэты дзень прысвяцілі вялікай даце В.І. Невяроўскі і А.І. Варэйка.
Хочацца адзначыць, што работнікі Астравецкай лясной гаспадаркі, як і лесагаспадарчыя ўстановы ўсёй краіны, у рамках “Тыдня лесу” сёлета садзілі дрэвы на месцах баявых дзеянняў, ля брацкіх магіл у гонар тых людзей, якія змагаліся за сябе, за будучыню краіны і за нас, сваіх нашчадкаў.


--------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ.