В Островце прошла презентация книги Нины Рыбик "Скрыжаванні"

2
У пачатку лютага ў “Выдавецкім доме “Звязда” выйшла ў свет кніга аповесцей і апавяданняў галоўнага рэдактара раённай газеты “Астравецкая праўда”, члена Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніны Рыбік “Скрыжаванні”.

“Астравецкая праўда” ўжо паведамляла, што ў мінулым годзе рукапіс кнігі прозы Ніны Рыбік “Скрыжаванні” стаў пераможцам абласнога літаратурнага конкурсу імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі), арганізатарамі якога сталі Гродзенскі аблвыканкам і абласная арганізацыя Беларускага саюза пісьменнікаў. Менавіта гэтая нагода, а таксама прэмія, якую Ніна Аляксееўна атрымала за перамогу ў конкурсе, і сталі падставай для выдання кнігі.
Напрыканцы мінулага тыдня ў Астраўцы прайшла прэзентацыя новай кнігі Ніны Рыбік “Скрыжаванні”.


– Вельмі сімвалічна, што прэзентацыя кнігі праходзіць напярэдадні дзяржаўнага свята –Дня Канстытуцыі. На адной сцэне сустрэліся дзве кнігі – Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і новая кніга Ніны Аляксееўны Рыбік “Скрыжаванні” – як сведчанне таго, што кожны грамадзянін мае права і свабоду для творчасці, – адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.


Многія жыхары раёна ўжо паспелі не толькі патрымаць новае выданне ў руках – яго, дарэчы, можна было набыць і падчас імпрэзы, але і перачытаць яго. Большасць, напэўна, знаёміліся з творамі таленавітай пісьменніцы на старонках раённай газеты “Астравецкая праўда”. І таму на сустрэчу з аўтарам і на своеасаблівыя “хрысціны” кнігі прыйшлі блізкія па духу людзі, а ў зале панавала цёплая, утульная атмасфера.
Напачатку літаратурнай імпрэзы пра аповесць расказала невялікая інсцэніроўка, пастаўленая на сцэне кінаканцэртнай залы, падчас якой жанчыны-акцёры бурна абмяркоўвалі аповесць “Скрыжаванні”. Пра новую кнігу расказаў і буктрэйлер, падрыхтаваны супрацоўнікамі Астравецкай бібліятэкі.
Слова для выступлення было прадстаўлена і аўтару “нованароджанага дзіцяці” Ніне Аляксееўне Рыбік.


– Я не лічу сябе пісьменнікам. Хутчэй за ўсё, я – журналіст з мастацкім ухілам. Найперш – рэаліст, таму што рэальных людзей стаўлю ў рэальныя сітуацыі. Калі сяброўка, якая мяне добра ведае, чытала рукапісы, яна з дакладнасцю называла прозвішчы ўсіх прататыпаў маіх герояў. Канешне, ёсць у маіх творах і мастацкі вымысел, але амаль ўсе мае героі – рэальныя асобы, – сказала аўтар.

І, канешне, любы жадаючы мог задаць аўтару цікавячыяяго пытанні. Калі пішуцца творы? Ці спіць аўтар увогуле? Ці будзе працяг аповесці? Ці ёсць прататыпы ў галоўных персанажаў? Чым сёння займаецца дачка Ніны Рыбік – Алена? Гэтыя і іншыя пытанні цікавілі людзей, што прыйшлі на сустрэчу з аўтарам.
Выхад кнігі – значны момант у жыцці любога аўтара, і таму з такой падзеяй Ніну Аляксееўну прыйшлі павіншаваць яе калегі, сябры, знаёмыя, прыхільнікі яе творчасці, якія адрасавалі аўтару не толькі словы віншаванняў, але і выказвалі шчырыя, цёплыя пажаданні і падзякі.
А закончылася імпрэза музычнымі падарункамі, якія для ўсіх выканалі інструментальны ансамбль “Інкварта”, харэаграфічны ансамбль “Астравок”, Аляксандр Юргелянец і Яраслаў Вянгроўскі.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.