В Островце прошёл первый турнир по каратэ
А вы ведаеце, што такое “ос”, “хадзімэ”, “камаэтэ”, “кумітэ”, ката”, “наорэ”, “сэйдза”? Не палохайцеся, аўтар гэтых радкоў не звар’яцела і артыкул не прысвечаны вывучэнню кітайскай ці японскай мовы. Усё больш проста, хаця і заблытана адначасова. Бо размова пойдзе аб сапраўдным таямнічым усходнім майстэрстве бою, пранікнуць ва ўсе падрабязнасці якога зможа не кожны. Дзе сіла мышцаў працуе толькі ў супольнасці з моцай духу. Дзе няма месца гневу і дзе ў саперніку бачыш перш за ўсё воіна, якога паважаеш. Дзе кланяешся не толькі трэнеру, суддзі, гледачам, але і пустой зале, бо важна ўшаноўваць усё жывое і нежывое, што прыносіць табе карысць. Спіс можна працягваць доўга. Але скажам коратка – размова пойдзе пра каратэ. Дакладней, пра адкрыты турнір па каратэ, які ўпершыню прайшоў у Астраўцы.Ці ведаеце вы, што
Каратэ – гэта японскае баявое майстэрства, сістэма абароны і нападзення. У перакладзе з японскага каратэ азначае “шлях пустой рукі.” Такім чынам падкрэсліваецца, што гэта паядынак без зброі і двайной задумы, а пустая далонь адкрытая як для бою, так і для дапамогі. У адрозненне ад іншых адзінаборстваў Японіі, у каратэ ступень непасрэднага кантакту паміж удзельнікамі схваткі мінімальная, а падчас бою выкарыстоўваюцца дакладна нацэленыя моцныя ўдары рукамі ці нагамі, якія наносяцца ў жыццёва важныя часткі цела.
Кёкусінкай – у перакладзе “саюз вышэйшай ісціны” – стыль каратэ, заснаваны Масутацу Аямай у 1950 годзе. Лічыцца адным з найцяжэйшых разнавіднасцей каратэ. Гэты стыль быў створаны ў процівагу самому прынцыпу “каратэ без кантакту”. Для заснавальніка сэнс заключаўся ў аднаўленні каратэ як воінскага майстэрства. Аднак развіццё стылю кёкусінкай у выніку аказалася больш звязаным са спартыўнымі адзінаборствамі. І больш чым за паўстагоддзя свайго існавання гэты стыль каратэ трывала дзейнічае як яшчэ адзін цікавы і вельмі відовішчны від спорту.
Нагадаю, што гэты від баявога адзінаборства з’явіўся ў Астраўцы ў 2009 годзе. Ён прыйшоў на Астравеччыну з маладым спецыялістам Дзмітрыем Куцько. Не на жарт захапіўшыся каратэ падчас студэнцтва, ён вырашыў навучыць усяму, што ўмее сам, іншых. Так узнікла ідэя адкрыць секцыю, якая з цягам часу пераўтварылася ў рэальнасць. Як і належыць навінцы ў невялікім горадзе, секцыя прайшла тры стадыі: спачатку ў яе запісаліся амаль усе, пасля большая частка адсеялася, у выніку засталіся тыя, каму гэта сапраўды падабалася. А далей юныя каратысты, самыя стойкія і мэтанакіраваныя, паступова асвойвалі азы баявога майстэрства: спачатку нясмела пачалі ўдзельнічаць у розных турнірах, затым усё больш упэўнена заяўляць пра сябе і займаць прызавыя месцы. Зараз астравецкіх каратыстаў ведаюць у многіх гарадах нашай краіны. Выступаючы на розных турнірах і дэманструючы сваё ўменне, яны ў той жа час набіраліся вопыту ў сваіх таварышаў па татамі.
Нарэшце першы адкрыты турнір па каратэ кёкусінкай прайшоў і ў Астраўцы. Падзея, безумоўна, значная для аматараў гэтага ўсходняга баявога адзінаборства. Зрэшты, не толькі для іх. Шчыра кажучы, калі атрымала запрашэнне на турнір, злавіла сябе на думцы, што яшчэ ні разу не бачыла баі каратэ ўжывую. Паказальныя выступленні, трэніроўкі з уяўным сапернікам – так, а вось каб на татамі (спецыяльнае пакрыццё на падлозе, дзе адбываецца бой) “махаліся” па-сапраўднаму – гэтага назіраць не даводзілася. Прызнаюся: да падобных паядынкаў, калі вочы ў вочы ідзе барацьба паміж двума байцамі, якія сапернічаюць не толькі ў лоўкасці і сіле, але ў першую чаргу ў вытрымцы духу, сіле волі і ўпэўненасці ў сабе, даўно адчуваю слабасць. Магчыма, дзяцінства з фільмамі ў стылі Джэкі Чана аказалі на мяне свой уплыў. Словам, на турнір ішла з падвоенай цікаўнасцю.
У фае раённага дома культуры “Галактыка” не было дзе яблыку ўпасці. Бацькі дапамагалі нашчадкам пераапранацца ў кімано, трэнеры давалі апошнія наказы і строілі рабят у шарэнгі для ўрачыстага шэсця, а ў вачах балельшчыкаў стракацела ад чырвоных, жоўтых, сініх паясоў удзельнікаў. І парадокс – літаральна праз некалькі хвілін гэты хаос ператварыўся ў прыгожыя роўныя радочкі ўдзельнікаў – басанож, у кімано, настроеных на баі. І амаль такія ж дысцыплінаваныя шнуркі гледачоў стаялі ля сцяны, бо не паспелі заняць сядзячыя месцы на трыбунах. О каратэ, ты сапраўды ствараеш цуды!
Як і належыць, турнір адкрыў гаспадар і арганізатар спаборніцтва, трэнер па каратэ Дзмітрый Куцько, які прывітаў усіх удзельнікаў, бацькоў і гледачоў на астравецкай зямлі і пазнаёміў з праграмай выступленняў. Прывіталі ўдзельнікаў турніру і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Віктаравіч Шэін, прадстаўнік міжнароднай арганізацыі кёкушынкай-інтэрнэшнл у Беларусі Яўген Вячаслававіч Касачук і дырэктар фермерскай гаспадаркі “Світанак” Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі, які ўжо на працягу многіх гадоў не проста сябруе з каратэ, але і аказвае маральную і матэрыяльную пад- трымку яго прыхільнікам.
Затым, каб настроіць удзельнікаў на баявы дух, юныя выхаванцы Дзмітрыя Куцько прадэманстравалі паказальныя баі, дзе дакладнасць спалучалася з моцай, сінхроннасць дапаўнялася мэтанакіраванасцю, а стрыманасць і вытрымка сімвалізавалі настроенасць і баявы дух.
На турнір у Астравец прыехалі прыхільнікі кёкусінкай з Ашмян, Смаргоні, Ліды і Гродна. Баі праходзілі ў залежнасці ад узросту і вагавой катэгорыі. Права распачаць спаборніцтва прадставілі старэйшым удзельнікам. Пяціхвілінная гатоўнасць – і першыя ўдзельнікі выходзяць на татамі. Адпаведныя прывітальныя жэсты, паклон і… Я не ведаю ўсіх правілаў каратэ, але ўзмахі рук і ног, дакладныя ўдары, атака, абарона і абсалютна спакойныя вочы ўдзельнікаў, дзе не было ні кроплі злосці, не маглі не зачараваць. Недарэмна кажуць, што сапраўднае каратэ – гэта выхаванне, развіццё і ўдасканаленне не толькі фізічных здольнасцей, але і духоўных каштоўнасцей.
Пакуль удзельнікі дэманстравалі майстэрства на татамі, вакол разгортваліся сапраўдныя жарсці: суддзі кантралявалі правільнасць бою, трэнеры назіралі за сваімі выхаванцамі і ў думках рабілі паметкі на будучыя трэніроўкі, а гледачы не маглі стрымаць эмоцыі: “Пачынай працаваць нагамі…”, “Давай, правай, левай!”, “Не расслабляйся, пака- жы, што ты ўмееш!” Дарэчы, прамудрасці каратэ асвойваюць не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. І ўбачыўшы, як лоўка і ўпэўнена “юныя ледзі” дэманстравалі майстэрства бою, магу з упэўненасцю сказаць, што атрымліваецца гэта ў іх нічым не горш, чым у юнакоў.
Баі праходзілі па алімпійскай сістэме: прайграўшы выбываў, выйграўшы працягваў змагацца ў паўфінале, а калі пашанцавала, то і ў фінале. У выніку сярод старэйшых удзельнікаў у ліку прызёраў і пераможцаў аказаліся і астравецкія рабяты.
Так, ва ўзроставай катэгорыі 10-11 гадоў трэцяе месца заняў Ігар Улан, сярэбранымі прызёрамі сталі Канстанцін Пятровіч, Данііл Махневіч, Дзмітрый Грыва і Мікіта Спірыдонаў, а першае месца заняў Аўгусцін Вярбовіч. Сярод удзельнікаў 14-15 і 15-16 гадоў пераможцамі турніру сталі астраўчане Сяргей Кандратовіч і Яраслаў Бароўскі. Бліснулі на татамі і дзяўчаты: Яна Ігнатовіч і Кацярына Шадзяніс сталі бронзавымі прызёрамі, а Карына Захарэўская – пераможцай турніру.
Старэйшыя “адстраляліся”, а на татамі выйшлі ўдзельнікі ўзроставых катэгорый 7 і 8-9 гадоў. Каратыстаў у малодшай группе ўсіх вагавых катэгорый, было, безумоўна, больш. Шчыра кажучы, пасля вытрыманых і сур’ёзных баёў падлеткаў, гледзячы на непасрэдную рашучасць сямігадовых малышоў у кімано, якія выходзілі на татамі, нельга было стрымаць усмешку. Трэба адзначыць, што і
падчас баёў яны вялі сябе дастойна – да канца змагаліся за перамогу. Сярод сямігадовых астравецкіх пачынаючых каратыстаў Анатоль Велінец заняў другое месца, а Кірыл Вярбовіч стаў першым. У катэгорыі 8-9 гадоў Дзмітрый Філістовіч быў прызнаны бронзавым прызёрам турніру.
Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання ўдзельнікі, заняўшыя чацвёртае месца, атрымалі дыпломы, прызёры (трэцяе, другое месцы) былі ўзнагароджаны дыпломамі і медалямі, а пераможцы турніру – яшчэ і прыгожымі кубкамі. Некаторыя з рабят атрымалі салодкія падарункі ад Часлава Станіслававіча Лабачэўскага.
“Мы будзем трэніраваць нашы сэрцы і цела для дасягнення цвёрдага і стойкага духу, мы будзем выконваць правілы этыкету, паважаць старэйшых і ўтрымлівацца ад насілля, мы будзем імкнуцца да мудрасці…” Гэта толькі некаторыя пункты клятвы кёкусінкай. І мне здаецца, што той, хто сапраўды спасцігне гэту ісціну, стане не толькі добрым каратыстам, але і чалавекам.
Уражанні ад турніру
Дзмітрый Куцько:
– Эмоцыі ад правядзення спаборніцтва засталіся самыя станоўчыя. Канешне, перад гэтым была зроблена каласальная работа, адчувалася вялікая нагрузка. Але калі бачыш добры вынік, задаволеныя твары дзяцей, перажыванні і гонар бацькоў за сваіх нашчадкаў, то атрымліваеш неверагоднае задавальненне. Хачу падзякаваць за садзейнічанне і падтрымку Чаславу Станіслававічу Лабачэўскаму, які дапамог у набыцці кубкаў, аддзелу адукацыі, спорту і турызму і Сяргею Віктаравічу Шэіну – за медалі, а таксама суддзям Юрыю Грыневічу, Аляксандру Тумашчыку, Андрэю Меньшову і Дзмітрыю Патаповічу, а таксама дырэктару РДК Ірыне Расамацкай, вадзіцелям, бацькам і ўсім, хто дапамагаў у правядзенні турніру.
Калі плануецца наступны турнір? (Усміхаецца) Ну, трэба яшчэ ад гэтага адысці. Шчыра кажучы, я трэнірую дзяцей не толькі ў Астраўцы, а яшчэ ў Ашмянах і Смаргоні. Таму будзе справядлівым спачатку арганізаваць падобнае там. А пасля зноў сустрэнемся ў Астраўцы.
Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі:
– Канешне, мне спадабаўся турнір! За поспехамі нашых каратыстаў сачу даўно. У асаблівым захапленні ад выступлення дзяўчат. Жанчына – гэта ж увасабленне прыгажосці і пяшчотнасці,
захавальніца сямейнагаачага, маці, гаспадыня. А з якой грацыяй, непасрэднасцю і баявым духам дэманстравалі яны тэхніку каратэ! Я ў захапленні! Хоць і не лічу, што ўсім дзяўчатам месца ў вялікім спорце, але валодаць некаторымі прыёмамі гэтага прыгожага баявога майстэрства ў наш неспакойны час будзе нялішнім.
Марына МАЦКЕВІЧ
