Урожайный год на Островетчине

Усё! Можна ўздыхнуць з палёгкай – збожжавыя каласавыя культуры абмалочаны. Канешне, яшчэ чакаюць свайго часу грэчка, проса і частка зернебабовых культур. А бліжэй да халадоў запросіцца ў гумно кукуруза. І ўсё ж галоўная, самая адказная частка жніва-2012 ужо здзейснілася – хлеб новага ўраджаю трапіў у засекі. І хлеб, сціпла кажучы, нядрэнны!
Пракаменціраваць вынікі ўборачнай кампаніі мы папрасілі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэя Уладзіслававіча Янчэўскага.


– Андрэй Уладзіслававіч, над астравецкімі нівамі запахла сенсацыяй: кажуць, што такога ўраджаю, як сёлета, яшчэ на нашых землях не бывала…
– Тры сямёркі – такім абяцае быць валавы намалот. Не дакладна, канешне, але прыгожа. Па стане на 3 верасня абмалочана 17108 гектараў збожжавых і зернебабовых культур – а гэта 96 працэнтаў іх наяўнай колькасці. Валавы намалот складае 76283 тоны, што на 10 тысяч тон больш, чым у мінулым годзе. У рэкордным 2008-ым гаспадаркі раёна сабралі 74 тысячы тон збожжа – на дзве тысячы менш, чым сёлета. Да таго ж, сёлета 400 гектараў збожжавых былі ўбраны на зернесянаж – а гэта яшчэ пад дзве тысячы тон зерня. Валавы паказчык жніва яшчэ “падрасце” за лік грэчкі, проса, зернебабовых і кукурузы. Па папярэдніх разліках, на 78-тысячны намалот павінны па выніку выйсці.
– Як выглядае сёлетні ўраджай у пераліку на ўбраную плошчу?
– У сярэднім па раёне ўраджайнасць складае 44,6 цэнтнера з гектара. А ў СВК “Гервяты” – 48,9 цэнтнера.
– Лічбы ўражваюць. Асабліва, калі параўнаць іх з лічбамі суседніх з намі раёнаў, якія нават да 40 цэнтнераў з гектара не дацягнулі. Калі б ва ўсіх раёнах ураджай атрымаўся прыкладна аднолькавым, можна было б паціснуць плячыма: маўляў, падтрымала надвор’е… Але адчувальная розніца ва ўраджайнасці суседзяў дае зразумець: не надвор’ем адзіным… У такім разе, чым? Які фактар вызначыў падобны якасны скачок у вытворчасці збожжа ў нашым раёне?
– Мы з самага пачатку правільна вызначылі стратэгію дзеянняў. Не сакрэт, што вясной існавала праблема з мінеральнымі ўгнаеннямі. І пакуль іншыя раёны чухалі патыліцы або наогул задзелвалі насенне ў пустую глебу, нашы гаспадаркі ўзялі крэдыт, набылі “мінералку” і ўняслі яе фактычна пад патрэбнасць. Падкормкі таксама былі праведзены ў тэрмін і адпаведнымі дозамі. Яшчэ адным вызначаючым ураджайнасць фактарам лічу прымяненне фунгіцыдаў. Усе пасевы азімых збожжавых культур (за невялікім адступленнем у саўгасе “Падольскі”) былі апрацаваны прэпаратамі супраць ліставых хвароб, а пшаніца – нават двойчы. Эфект ад гэтых апрацовак, да якіх раней некаторыя кіраўнікі гаспадарак ставіліся скептычна (падумаеш, лісток пачарнее!), пераўзышоў усе чаканні – даў прыбаўку ў 10 і больш цэнтнераў. У той час, як у большасці суседніх з нашым раёнаў фунгіцыды ўносіліся хіба што на пшаніцы і то – аднаразова.
– Андрэй Уладзіслававіч, галоўная частка жніва ўжо за плячыма – самы час правесці папярэдні “разбор палётаў”…
– Лічбы гавораць самі за сябе – як хто папрацаваў, так у выніку і атрымаў. 49 цэнтнераў СВК “Гервяты” сведчаць: ад перадпасяўной падрыхтоўкі глебы да ўборкі гервяцкія земляробы максімальна вытрымалі тэхналогію вырошчвання. Таму і ўраджай атрымаўся адпаведны. Думаю, не здзіўляюцца свайму адставанню ад лідара працаўнікі СВК “Варняны” – яшчэ з восені яны прамарудзілі з сяўбой азімых, завяршалі яе ўжо пасля аптымальных тэрмінаў. Ды і на якасць падрыхтоўкі глебы ў гэтым СВК было шмат нараканняў. Зрэшты, да якасці сяўбы таксама. Сяўбу трэба давяраць самым вопытным механізатарам, а не прызначаць на яе юнакоў, якія толькі ўчора атрымалі правы трактарыста. У СВК “Гервяты”, да прыкладу, яе праводзяць чатыры “аксакалы”: Іван Лісоўскі, Эдуард Мілэйша, Рымантас Трапшыс і Валянцін Танковіч. І ўсё – высокая вытворчасць сучасных пасяўных агрэгатаў дазваляе не прыцягваць менш вопытных механізатараў. Так павінна быць ва ўсіх іншых гаспадарках – заладкай насення ў глебу павінны займацца самыя лепшыя сейбіты.
Разбіраючы “палёты”, няхай сабе і папярэднія, не магу не ўзгадаць і СВК “Гудагай” – яшчэ адно расчараванне. Гаспадарка, якая займаецца вырошчваннем элітнага насення, апрыёры павінна атрымліваць ураджайнасць на 10 цэнтнераў больш, чым іншыя. А СВК “Гудагай” намалаціў з гектара па 45,5 цэнтнера… І прычына недабору, думаецца, не ў недахопе мінеральных угнаенняў ці сродкаў аховы – прычына ў залішней самаўпэўненасці…
– І ўдзельнікі жніва, і гараджане цікавяцца, ці будуць сёлета ў раёне “Дажынкі”?
– Будуць, але мы плануем іх сумясціць з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі. Гаспадарка-пераможца раённага спаборніцтва атрымае ў якасці ўзнагароды аўтамабіль. Добрыя падарункі будуць падрыхтаваны і для людзей, якія сталі лепшымі на сёлетнім жніве.
– Восень, як кажуць, – работ восем: і ўбіраем, і глебу рыхтуем, і сеем, і бульбу пачынаем капаць…
– Дажджлівае надвор’е падкарэкціравала тэрміны – каб не выбіцца з аптымальнага графіка палявых работ, прыходзіцца працаваць з падвоенай энергіяй. Тым не менш азімы рапс пасеялі ў аптымальныя тэрміны, ёсць усе перадпасылкі для таго, каб і сяўба азімых збожжавых культур была праведзена своечасова.
Сёння дзве гаспадаркі – СВК “Варняны” і “Гудагай”– прыступілі да ўборкі бульбы, ураджайнасць якой абяцае быць высокай. Заўтра-паслязаўтра да іх далучыцца і СВК “Гервяты”, які, дарэчы, толькі што набыў бульбаўборачны камбайн.
З 31 жніўня распачалася ўборка цукровых буракоў. І не трэба ўсхліпваць з нагоды яе заўчаснасці – да закупачнай цаны на буракі ранніх тэрмінаў уборкі прадугледжана 20-працэнтная надбаўка. Так што гаспадаркі не толькі не страцяць, але яшчэ і выйграюць. Прынамсі, у тэрмінах уборкі і вывазкі “цукровікаў”, якія звычайна расцягваюцца да снегу.
– Давайце вернемся да сяўбы азімага рапсу… Сёлета яго ўраджай атрымаўся таксама небывалым…
– Мы ўжо намалацілі 2,5 тысячы тон крыжакветнага, а яшчэ ёсць што малаціць! Валавы намалот рапсу павялічыўся ў два з паловай разы. Тона яго насення каштуе 4 мільёны рублёў. Перамножце – атрымаеце 20 мільярдаў. Гэта ўжо адчувальная “капейка”!
– Сёлетні поспех у вырошчванні рапсу падштурхнуў тэхнолагаў палёў да значнага павелічэння яго пасяўных плошчаў. Але ж быў і год папярэдні, 2011 – азімы рапс у тую зіму вымерз ушчэнт. Няма апаскі?
– Мы працуем у зоне так званага рызыкоўнага земляробства, і стопрацэнтных гарантый ніхто не можа даць. Але можна зрабіць усё для таго, каб рапс пайшоў у зімоўку ў аптымальнай стадыі развіцця – задача ставіцца перад аграномамі гаспадарак менавіта такая.
– А якія карэктывы ўнесены ў структуру пасяўной плошчы збожжавых культур?
– Азімы клін сёлета запланавана павялічыць на 800 гектараў. І гэта апраўдана, таму што патэнцыял азімых збожжавых культур на 20 працэнтаў вышэйшы, чым яравых.
– Андрэй Уладзіслававіч, рэкорды – гэта заўсёды прыемна, у тым ліку і ва ўраджайнасці. Але гэта яшчэ і адказна, таму што нельга апускаць планку – трэба адпавядаць дасягнутаму ўзроўню…
– Не толькі адпавядаць, але ісці далей і вышэй. 780–800 цэнтнераў валавага намалоту для Астравеччыны – зусім не “дах”. Лічу, што патэнцыял раёна – 100 тысяч тон зерня. І перад гаспадаркамі ставіцца наступная задача: да 2015 года атрымаць 100 тысяч тон валавага намалоту. Не адразу. Паступова. Прырастаючы год за годам. З улікам усіх удач і промахаў. Але пастаўленая задача будзе выканана.


Гутарыла Ганна ЧАКУР.
Фота аўтара.