Удзельнікі суботніка зарабілі каля 23 мільёнаў рублёў

У мінулую суботу на Астравеччыне, як і ва ўсёй краіне, прайшоў суботнік. Удзел у ім прыняло каля 9 тысяч чалавек, што складае 95 працэнтаў эканамічна актыўнага насельніцтва раёна.


Работы па добраўпарадкаванні вуліц, лесапаркавай зоны ў Астраўцы, ачыстка берагоў рэк і вадасховішча ад бытавога смецця, прывядзенне ў належны парадак пахаванняў воінаў па традыцыі сталі асноўнай справай удзельнікаў суботніка.
Работнікі раённага выканаўчага камітэта, упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва, фінансавага аддзела, фонду сацыяльнай абароны, упраўлення капітальнага будаўніцтва, ВУ “Астравецрайгаз” прывялі ў парадак лесапаркавую зону, дзе любяць адпачываць гараджане і госці горада – і, на жаль, пакідаюць пасля сябе сляды гэтага адпачынку.
Працаўнікі завода “Радыёдэталь”, аўтапарка №4, ДРБУ-159, РУП ЖКГ, землеўпарадкавальнай службы, аддзела архітэктуры райвыканкама, інспекцыі па ахове прыроды, райЦГЭ, падатковай інспекцыі правялі ачыстку берагоў рэчак Лоша і Кавалёўка ад бытавога смецця.
Камунальная служба праводзіла работу па добраўпарадкаванню дваровых тэрыторый у Астраўцы, упарадкаванню смецця на гарадской звалцы. Звяно кветкаводаў высадзіла першыя веснавыя кветкі на клумбах цэнтральнай плошчы, якія надалі гораду святочны выгляд.
Рабочыя ДРБУ-159 у дзень суботніка прыводзілі ў парадак прыдарожныя палосы, вялі бягучы рамонт дарог.
Усе арганізацыі і ўстановы навялі парадак на сваіх тэрыторыях: зрабілі абрэзку дрэў, рамонт агароджы, афарбоўку фундаментаў адміністрацыйных будынкаў і інш.
Жывёлаводы сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, акрамя асноўнай працы, паспелі падчас суботніка добраўпарадкаваць прыфермскія тэрыторыі. Найбольш актыўна працавалі ў гэтым накірунку жывёлаводы ферм “Рымдзюны” СВК “Гервяты”, “Рытань” саўгаса “Падольскі, “Малі” СВК імя Гашкевіча, “Германішкі” СВК “Гудагай”.
У механізатараў праца на суботніку не адрознівалася ад звычайнай веснавой: яны праводзілі сяўбу яравых культур, падрыхтоўку глебы, уносілі на палі арганіку.
У дзень суботніка супрацоўнікі аддзела адукацыі працавалі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Ластаўка”: рамантавалі падлогу, ценевыя павеці, наводзілі парадак на тэрыторыі і ў карпусах.
Актыўна ўдзельнічалі ў суботніку жыхары Міхалішкаўскага сельскага Савета. Яны навялі парадак на магіле Гімбіцкага, ачысцілі сквер у вёсцы Міхалішкі, адрамантавалі помнік воінам-землякам і памятны знак загінуўшым лётчыкам. Воіны-пагранічнікі падчас суботніка добраўпарадкавалі брацкія магілы ў пасёлку Гудагай і вёсцы Кямелішкі. Вучні Варонскай і Варнянскай школ прывялі ў парадак воінскія пахаванні ў сваіх вёсках. Прыведзены ў парадак і пахаванні часоў першай Сусветнай вайны ў вёсках Кавалёўка і Тартак.
Падчас суботніка яго ўдзельнікі зарабілі каля 23 мільёнаў рублёў, які будуць пералічаны ў рэспубліканскі фонд на вырашэнне актуальных задач сацыяльнага характару.


Аляксандр КЛІМЧЭНЯ, начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама.




Моладзь наводзіла парадак ў зоне адпачынку Янаўскага вадасховішча

Вясна – час, калі ўсе наводзяць парадак на сваіх падворках і гаспадарках. А як быць з тэрыторыяй, дзе адпачываць падабаецца ўсім, а прыбраць за сабой здагадваецца не кожны? Тут на дапамогу прыродзе прыходзіць моладзь раёна, якая ў рамках маладзёжнага суботніка “Моладзь – за чысціню роднай Астравеччыны”, які штогод арганізоўваюць аддзел па справах моладзі райвыканкама і райкам БРСМ адправілася наводзіць парадак ў зоне адпачынку Янаўскага вадасховішча.


Работы тут хапала, бо асартыменту смецця магла пазайздросціць любая звалка – бутэлькі, пакеты, пустыя скрынкі, бляшанкі і многае іншае траплялася на кожным кроку. Нямала часу прыйшлося пазмагацца з імі дружнай камандзе моладзі з ЖКГ, завода “Радыёдэталь”, аддзела адукацыі, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, райЦГЭ, аддзела ўнутраных спраў, РАНС, лясгаса, сельгастэхнікі, ТВВАД, РВЭС і РЭС, але перамога ў выніку аказалася ўсё роўна на іх баку. Смецце адправілася ў кузаў грузавіка, а крыху стомленыя, але задаволеныя хлопцы і дзяўчаты паехалі дадому. А прырода ў чарговы раз дзякавала людзям за чысціню і ўсміхалася навокал сінімі пралескамі і зялёнай травой.



Дарэчы, моладзь шчыравала не толькі на Янаўскім вадасховішчы. У той дзень работа кіпела ўсюды. Сіламі валанцёраў атрада БРСМ “Ветразь” Гудагайскай СШ на Ліпковай гары з’явіўся надпіс “Квітней, Беларусь!” Пагранічнікі з пагранзаставы “Лоша” таксама аднавілі свой надпіс – зараз тут красуецца “Граница Родины священна”. Тым часам валанцёры атрада “Надзея” з Гервяцкай школы правялі ўборку на салдацкіх могілках, а іх калегі з атрада “Юнацтва” (Варнянскі НПК) навялі парадак ля помніка. Не засталіся ў баку ад агульнай справы і міхалішкаўскія “Анёлы”, якія займаліся пасадкай дрэў.


Марына МАЦКЕВІЧ.