Учащиеся Гудогайской школы стали участниками научно-практической конференции, посвящённой Великой Отечественной войне

Адчуць подых мінулага, дакрануцца душой да жахлівых падзей Вялікай Айчыннай вайны, даведацца пра гераічныя подзвігі і падзеі з вуснаў праўнукаў вайны – усё гэта змаглі зрабіць удзельнікі VII міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі «Вялікая Айчынная вайна 1941 – 1945 гадоў у гістарычнай памяці народа», прысвечанай 69-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і 70-годдзю вызвалення Беларусі.

Ідэйнымі натхняльнікамі і арганізатарамі мерапрыемства сталі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, упраўленне адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска і сталічная гімназія №174.
Ганаровымі гасцямі канферэнцыі былі дэлегацыі з Казахстана і Расіі. Удзел у мерапрыемстве прынялі і вучні Гудагайскай СШ.
Работа вучаніцы 10 класа Алесі Сцефановіч была прысвечана лёсам настаўнікаў Беларусі і Астравецкага раёна, якія ўнеслі важны ўклад у перамогу, а таксама жыццёвым шляху настаўнікаў-ветэранаў, якія працавалі ў Гудагайскай школе Астравецкага раёна.
Гісторыя не ведае больш жахлівых злачынстваў, чым тыя, якія здзейснілі гітлераўцы. Нечалавечую жорсткасць захопнікі праяўлялі ў адносінах да яўрэйскага насельніцтва. Таму тэма Халакосту была галоўнай у рабоце навучэнца 9 “А” класа Юрыя Васілевіча “Трагедыя яўрэяў на Беларусі падчас фашысцкай акупацыі 1941 – 1944 гадоў”. У даследванні юнак падрабязна расказаў і пра лёс яўрэйскага насельніцтва Астравецкага раёна.
Выступленні ўдзельнікаў былі яркімі і запамінальнымі. Па рашэнні кампетэнтнага журы абедзве работы гудагайскіх школьнікаў былі адзначаны Пахвальнымі водгукамі.


------------------------------
Галіна ШЛЫКОВІЧ, настаўнік гісторыі Гудагайскай СШ.