У Рымдзюнах сустракалі вясну
Перад пачаткам Вялікага посту работнікі Рымдзюнскага аддзела культуры і вольнага часу, вучні Рымдзюнскага ясляў-сада – сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання і мясцовыя жыхары святкавалі Масленіцу. Тут было ўсё: і вясёлыя забавы, і гульні, і танцы, і карагоды, і перацягванне каната, і казачныя героі Стары Дзед і Баба Яга. Канешне, не абышлося без галоўных персанажаў – Зімы і Вясны, якія спаборнічалі паміж сабой за тое, хто пойдзе з двара, а хто застанецца. Перамагла Вясна, якой дапамаглі госці свята – яны палохалі Зіму сваімі маскамі.
Ну і якая ж Масленіца без спальвання пудзіла? Было і гэта! Як і бліны з рознымі начынкамі ад удзельніц клуба «Моладзь. Ініцыятыва. Творчасць» Нерынгі Лукша, Паліны Дмітрук, Валянціны Кулойць. Сустракаць вясну з прысмакамі дапамагала ўдзельніца аматарскага фальклорнага аб’яднання «Жыльвіціс» Вальда Ёч.

