У бібліятэках Астравеччыны ўспаміналі паэта Максіма Багдановіча
Юбілейны, 130-ты дзень нараджэння беларускага паэта Максіма Багдановіча адзначылі ў бібліятэках Астравеччыны.
У раённай бібліятэцы прайшоў музычна-паэтычны вернісаж для вучняў 8 класа СШ №3. Школьнікам расказалі пра жыццёвы і творчы шлях класіка, прачыталі вядомыя творы.
Пяцікласнікі СШ №3 у дзіцячай бібліятэцы адправіліся ў паэтычную вандроўку па творчасці Максіма Багдановіча. Дзяцей пазнаёмілі з біяграфіяй паэта, ім прапанавалі паслухаць аўдыёзапісы дэкламацыі вершаў Багдановіча і песню на яго словы. Вучні жыва каментавалі моманты жыцця класіка, цікавіліся падрабязнасцямі.
Падольскай бібліятэка правяла ў мясцовай школе і ў філіяле Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва літаратурную вечарыну. Бібліятэкар расказала пра жыццё знакамітага паэта і пра гісторыю выдання адзінага прыжыццёвага зборніка «Вянок».
У Рытанскай бібліятэцы наа мерапрыемстве чыталі творы паэта і прыгадвалі вершы, якія былі пакладзены на музыку. Прысутныя здзейснілі завочную экскурсію ў музей класіка.
Максім Багдановіч – адна з самых яркіх зорак на небасхіле беларускай літаратуры. Ён жыве ў сваіх творах, у памяці нашчадкаў. А яго паэтычная спадчына – каштоўны скарб для літаратуры і культуры.



Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, Астравецкая раённая бібліятэка.
