Юбілей астравецкага паэта Станіслава Валодзькі адзначылі ў бібліятэках раёна

10:34 / 17.11.2021

Астравеччына нарадзіла і ўзгадавала безліч талентаў. Адным з такіх з'яўляецца Станіслаў Валодзька – паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нядаўна ў бібліятэках раёна адзначылі яго 65-гадовы юбілей.

Станіслаў Валодзька нарадзіўся ў Падольцах. У мясцовай бібліятэцы чытачоў запрасілі на мерапрыемства «І з Радзімай нітачка век не абрываецца». Магутнай ракой лілася ў гэты дзень паэзія і кранала душы ўсіх прысутных. Асаблівая ўвага была ўдзелена біяграфіі пісьменніка. Школьнікі ўважліва слухалі аповед, уключаліся ў гутарку і абмеркаванне.

Не абмінулі юбілей і ў Астраўцы. Бібліятэкары наведалі гімназію №1 і правялі для вучняў 11 класаў творчы вечар. Тонка і пранікнёна гучалі вершы, якія суправаджалі слайды з краявідамі куткоў нашай мясцовасці. Звярнуліся і да біяграфіі, бо важна, каб моладзь ведала і памятала пісьменнікаў-землякоў.

У раённай бібліятэцы працавала кніжная выстава, дзякуючы якой кожны мог стаць бліжэй да творчасці таленавітага паэта.

Мэта любой творчасці – ускалыхнуць чалавечыя сэрцы, прымусіць перагледзець уласнае жыццё, стаць бліжэй да вытокаў. Творчасць Станіслава Валодзькі менавіта такая: простая, удумлівая, шчымлівая…

1.jpg

2.jpg

3.jpg

Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, Астравецкая раённая бібліятэка.