Што аб'ядноўвае беларусаў, расказала Алеся Валэйка
…Дружная сям'я
Алеся Валэйка, вядучы аграном інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін:
– Пасля вяселля, як і большасць дзяўчат, малявала карціну будучыні з ідэальным і звыклым для многіх планам: сыночкам і дачушкай. З Юрам нават не здагадваліся, які шчодры падарунак падрыхтуе для нас лёс: мы сталі бацькамі трох цудоўных дзетак: Багдана, Яна, Эміліі.
У нашым родзе ёсць традыцыя збірацца на вялікія святы разам. Яна пайшла ад маіх прадзедаў па матчынай лініі Баляслава і Стэфаніі Радкевічаў, у якіх было сямёра дзяцей.
Стрыечныя сёстры для мяне вельмі блізкія, як і родная. З Вікай, Насцяй, Таняй і Дашай у нас сакральны ўзровень стастункаў. Мы не толькі дзелімся радасцямі і праблемамі, абмяркоўваем паўсядзённыя клопаты (накшталт, якую сукенку лепш апрануць на юбілей цётачкі) ці глабальныя (як уладкавана светабудова), але і адчуваем адна адну на адлегласці.
Як кажуць, і ў радасці, і ў горы разам. І не таму, што сёстры, а таму што кожная разумее: мы галінкі аднаго вялізнага дрэва пад назвай «сям’я». Гэтаму вучым і сваіх дзяцей. Перад іх вачамі ёсць прыклад – усе мы разам у святы.
З апошняга – юбілей цётачкі Жэні з Калінінграда, якая спецыяльна прыязджала на Астравеччыну святкаваць сваё 80-годдзе. На ўрачыстасць запрасіла каля 120 чалавек, і гэта былі толькі самыя блізкія людзі. Хтосьці павіншаваў яе на імшы ў касцёле, хтосьці не змог прысутнічаць. Тым не менш, на застоллі сабралася больш за 60 чалавек. Тады і вырашылі заснаваць дзень нашай сям’і, каб раз на год збірацца ў пэўную дату. (Усміхаецца.)
Калінініград, Вільнюс, Мінск, Астравец, Варняны – гэта далёка не ўсе населеныя пункты, дзе жывуць родзічы. Але нягледзячы на адлегласць мы разам.
