У астравецкім доследным лясгасе расказалі, як самастойна нарыхтаваць драўніну
У тэлефанаванні ў рэдакцыю жыхарка аднаго аграгарадка Астравеччыны цікавілася, ці можна самастойна нарыхтаваць дровы і як гэта зрабіць.
Пытанне пераадрасавалі ў Астравецкі доследны лясгас.
Па словах намесніка дырэктара Віталя Шарэйкі, прадастаўленне грамадзянам участка для самастойнай нарыхтоўкі драўніны рэгламентавана Лясным кодэксам.
Чалавек павінен напісаць заяву ў лясніцтве па месцы жыхарства з пазначэннем мэты атрымання ўчастка ляснога фонду; прозвішча, імя, імя па бацьку і месцам жыхарства. Таксама трэба будзе ўказаць плануемы аб'ём нарыхтоўкі і яе тэрмін. Спецыялісты лясніцтва прапануюць пералік участкаў ляснога фонду, дзе магчыма саманарыхтоўка, а таксама пакажуць гэтыя ўчасткі на картаграфічных матэрыялах і ў натуры.
– Многія, напэўна, памятаюць мінулагодні ажыятаж з дровамі. Некаторыя выпісвалі іх па ільготнай цане і прадавалі ў некалькі разоў даражэй. Пагэтаму сёлета патрэбна пацверджанне, што драўніна будзе выкарыстоўвацца на ўласныя патрэбы, – патлумачыў Віталь Сяргеевіча. – Вывезці лес з участка можна будзе толькі пасля агляду работнікам дзяржаўнай лясной аховы нарыхтаванай драўніны.
Лясніцтвы працуюць з 8.00 да 17.00 з перапынкам на абед з 13.00 да 14.00 (субота і нядзеля – выхадныя).

