У СВК «Варняны» справілі дажынкі
Праўду кажуць: як пачнеш справу, так яе і завершыш! І тычыцца гэта, аказваецца, не толькі сустрэчы Новага года.
Пераканацца ў гэтым у чарговы раз давялося на свяце “Дажынак” у СВК “Варняны”. Крыху больш месяца назад тут адзначылі свята вёскі, прымеркаванае да 620-годдзя Варнян, якое адначасова можна было лічыць і зажынкамі: назаўтра жнеяры выйшлі ў поле. Хваляваліся тады і старшыня СВК Аляксандр Часлававіч Вярбовіч, і галоўны аграном Аляксандр Паўлавіч Грымбоўскі: для абодвух гэты ўраджай – у пэўнай ступені першы: Аляксандр Часлававіч хоць і ўзначальваў да гэтага не адзін год СВК “Трокенікі”, але ж маштабы і аб’ёмы трокеніцкіх і неаднаразова ўзбуйненых варнянскіх плошчаў — непараўнальныя.
А для Аляксандра Паўлавіча гэты сельскагаспадарчы год увогуле першым у яго кар’еры галоўнага тэхнолага палёў. Прагнозы на ўраджай абодва тады давалі вельмі асцярожна: маўляў, убяром – тады і палічым. “Павінна атрымацца нядрэнна, не горш, чым летась”, — усміхаліся абодва загадкава…
І вось убралі практычна ўсё – за выключэннем “экзатычных паўднёвых культур” проса, грэчкі і кукурузы. Палічылі – атрымалася і сапраўды нядрэнна. Хоць да рэкорднага 2008-га і не дацягнулі – не такім спрыяльным выдаўся сёлетні год, і не для адных варнянцаў, але ж леташні пераўзышлі. У засекі засыпана больш за 19 тысяч тон зерня – на 6 тысяч тон больш, чым у мінулым годзе. Ураджайнасць склала 40,5 цэнтнера з гектара – таксама больш, чым летась. Ужо можна не пляваць цераз левае плячо, каб не сурочыць, а шчыра парадавацца агульнаму поспеху і падзякаваць людзям за добрасумленную працу. Значыць, трэба зладзіць дажынкі!
Я часам думаю: можа, таму у варнянцаў усё так ладзіцца, што кожную справу яны пачынаюць і завяршаюць, як і належыць, з малітвай і Божай падтрымкай? Пачыналася жніво з блаславення ксяндза-дэкана Здзіслава Пікулы – і на дажынках ён таксама быў адным з пачэсных гасцей. Расказаў, што на працягу ўсёй уборкі маліўся Богу за хлебаробаў, за ўраджай, прасіў дапамогі і добрага надвор’я… А сёння разам з усімі падзякаваў Усявышняму за дапамогу і акрапіў святой вадой усіх герояў жніва – сціплых вясковых мужчын і жанчын, працай якіх і здабыты важкі агульны сноп.…А ён, прыгажун, адмыслова звязаны, упрыгожаны кветкамі і стужкамі, як сімвал новага ўраджаю, стаяў на імправізаванай сцэне, у якую ў той дзень ператварыўся ганак праўлення СВК. Пакуль маладыя жнейкі ў вышываных хусцінках не паднеслі яго галоўнаму аграному кааператыва Аляксандру Паўлавічу Грымбоўскаму. А той – Аляксандру Часлававічу Вярбовічу, галаве гаспадаркі. Ён у сваю чаргу перадаў гэты сноп, які сімвалізаваў сабраны ўраджай, кіраўнікам жывёлагадоўчай галіны: ім цяпер распараджацца здабыткам хлебаробаў, імкнуцца, каб вырашчаны і сабраны хлеб даў добры плён і стабільныя фінансавыя вынікі – на карысць усёй гаспадаркі і яе працаўнікоў.
А затым надышла чарга ўзнагароджання перадавікоў, што вызначыліся на жніве. Адзначаць было каго! Дастаткова сказаць, што раённая “Дошка гонару” лепшых камбайнераў доўгі час была занята аднымі варнянцамі! Ды і то сказаць: у гаспадарцы дзевяць камбайнавых экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон збожжа! А ў лепшага экіпажа ў складзе Тадэвуша Іванавіча Юркойця і Анатоля Анатольевіча Асадчука намалот дасягнуў 1550 тон! 2400 тон зерня перавёз лепшы вадзіцель гаспадаркі Уладзімір Карлавіч Грынцэвіч. 1500 тон дасушыў аператар сушыльнай устаноўкі СЗК-10 Часлаў Баляслававіч Ігнатовіч. Усе яны — і не толькі яны, а практычна ўсе ўдзельнікі жніва: камбайнеры, вадзіцелі, сушыльшчыкі, вагаўшчыкі, аграномы, інжынеры, насенняводы — усе, чые рукі ў сёлетняе жніво зведалі цяжар збожжа новага ўраджаю, атрымалі ў гэты дзень заслужаныя падарункі і прэміі.
І агульным падарункам, які замацаваў добры настрой, стаў для ўсіх прысутных цудоўны канцэрт, які далі работнікі культуры раёна.
…Вось і сапраўды кажуць: як распачнеш справу, так яе і завершыш! На высокай, узнёслай ноце завяршылі жніво варнянцы – і яна ж стала першым акордам сімфоніі новага ўраджаю, бо ўжо зараз поўным ходам ідзе сяўба азімых культур, пачынаецца ўборка бульбы, чакаюць сваёй чаргі “паўднёвыя экзоты” і яшчэ безліч асенніх работ. І трэба спадзявацца, што і гэтая сімфонія будзе сыграна гэтак жа суладна і без фальшу – як і жнівеньская. Бо майстры-выканаўцы – усё тыя ж. І дырыжоры гэтага зладжанага аркестра, падобна, знайшлі агульную мову з калектывам. Так што атрыманыя перамогі і ўзнагароды ў іх, трэба думаць, – не апошнія.
Ніна АЛЯКСЕЕВА, фота аўтара.

