У Гервятах адкрылі новае кафэ

1

У першым у раёне аграгарадку Гервяты з’віўся яшчэ адзін немалаважны аб’ект сацыяльнай інфраструктуры: у мінулую пятніцу там ва ўрачыстай абстаноўцы было адкрыта кафэ мясцовага сельгаскааператыва.


Гісторыя ў будынка, у якім размясцілася вясковае кафэ, багатая, амаль што стогадовая. Па расказах ветэранаў, ён быў узведзены яшчэ ў 1914 годзе, напачатку Першай сусветнай вайны, мясцовым панам Дамейкам. Пабудаваны ён адмыслова: драўляныя ўмацаванні так “звязвалі” будынак, каб ніякія прыродныя катаклізмы – паводка, усадка грунту і яшчэ што непрадбачанае – не маглі пашкодзіць ні фундамент, ні сцены. Майстры працавалі!




Вадзяны млын быў абсталяваны па апошняму слову тагачаснай навукі і тэхнікі, там існавалі нават грузапад’ёмныя механізмы, каб падымаць мяхі са збожжам наверх. Муку малолі на розны густ і патрэбу – нават самага тонкага памолу, пшанічную пытляваную. Была і свая крупадзёрка. Словам, мукамольная прамысловасць пана Дамейкі працвітала – на карысць людзям і для даходу гаспадара.
З прыходам саветаў млын быў калектывізаваны, але працягваў працаваць – хлеб і мука патрэбны былі і новай уладзе. Як гэта ні парадаксальна, але дамоклаў меч над старым млыном быў занесены навукова-тэхнічным прагрэсам: амаль што бясплатная электраэнергія ў савецкія часы дазволіла амаль на кожнай ферме паставіць так званыя драбілкі, якія здрабнялі збожжа. І стары млын стаў непатрэбны...
—Калі я прыехаў у 1982 годзе ў Гервяты, млын ужо не працаваў, — расказвае былы старшыня калгаса “Радзіма”, які ўзначальваў гэтую гаспадарку 21 год, Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі. – І як заўсёды бывае з будынкамі, якія засталіся без гаспадара, паціху прыходзіў у заняпад. Дах да таго часу ўжо працякаў, пачалі гніць драўляныя канструкцыі… Шкада было старога дыхтоўнага будынка. Спачатку перакрылі дах, падрамантавалі, а потым сталі думаць, як яго можна выкарыстаць. Розныя былі прапановы, да прыкладу, стварыць там музей. Але потым вырашылі зрабіць у млыне залу сямейных урачыстасцей.
Гэта было другое нараджэнне гервяцкага млына. Доўгі час вяселлі, юбілеі і іншыя сямейныя святы мясцовыя жыхары адзначалі менавіта тут. Але з цягам часу будынак зноў запатрабаваў рамонту. Не, яго моцныя, на стагоддзі робленыя сцены былі гэткімі ж трывалымі — а вось унутранае ўбранства прасіла абнаўлення.
Рэканструкцыя памяшкання – трэцяе яго нараджэнне — пачалося ў рамках будаўніцтва першага ў раёне аграгарадка ў 2005 годзе. Тагачаснае кіраўніцтва гаспадаркі запланавала адкрыць там калгаснае кафэ. Але справа зацягнулася: кропка грамадскага харчавання – гэта не ферма і не мехдвор, а значыць – не аб’ект першай неабходнасці для сельгаспрадпрыемства. І фінансаванне рэканструкцыі, выдзяленне рабочай сілы на гэты аб’ект ішло па астаткаваму прынцыпу. Вось і працягвалася будаўніцтва больш чым на пяць гадоў.
—У многіх былі сумненні ў тым, што і сёлета мы яго ўвядзём, — расказвае старшыня СВК “Гервяты” Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі. – Ды мяне ўрэшце проста нейкая злосць разабрала: ну колькі ж можна?! Не самы грандыёзны і дорагакаштуючы аб’ект – 400 мільёнаў рублёў, гэта, вядома, нямала, але і не нешта асаблівае… Вырашана было завяршаць рэканструкцыю. І ў выніку — усё як у тым мультфільме пра Чабурашку: будавалі, будавалі – і нарэшце пабудавалі. Хоць і сёння тут яшчэ шмат чаго трэба дашліфоўваць, не ўсё даведзена да ладу…
Хоць справядлівасці дзеля трэба сказаць, што дробныя недапрацоўкі бачны толькі тым, хто гэтым займаўся і ведае, як павінна быць, і нават тыя прычыны, па якіх так, як задумана, пакуль не атрымалася. А звычайных наведвальнікаў новае кафэ ўражвае сваім асаблівым шармам, гэткім спалучэннем сучаснасці і даўніны. Масіўныя драўляныя крэслы і сталы, ліхтары на сценах “пад старажытнасць” — і сучасная светламузыка, нават з дымавым эфектам. Смачная і сытная дамашняя кухня – і выбар сучасных прысмакаў, якія, нягледзячы на іх шкоду для здароўя, выбірае сучасная моладзь. Словам, за чым бы ні прыйшоў наведвальнік у гервяцкае кафэ – падсілкавацца, пасядзець з сябрамі за кубкам кавы, “патусавацца” ў кампаніі, адзначыць дзень нараджэння, проста патанцаваць ці павячэраць – усё будзе так, як ён захоча.
Асаблівыя надзеі кіраўніцтва СВК і персанал новаадкрытага кафэ ўскладваюць на турыстаў, якія едуць у Гервяты амаль што няспынным патокам, без уліку пары года і дня тыдня — штодня два-тры аўтобусы, не лічачы легкавушак, стаяць каля мясцовага касцёла. І колькі даводзілася выслухоўваць нараканняў ад гасцей, што на Астравеччыне, акрамя райцэнтра, няма дзе нават перакусіць, не тое, што смачна паабедаць. Цяпер, трэба спадзявацца, гэтыя нараканні знікнуць – да задавальнення турыстаў і прыбытку гаспадаркі.
—Хочацца пажадаць, каб гэтае кафэ прыносіла вам не толькі прыбытак, але і маральнае задавальненне, — сказаў, пераразаючы сімвалічную чырвоную стужку пры адкрыцці кафэ і віншуючы гаспадароў з гэтай адметнай падзеяй, старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька.
Ну што да гэтага можна яшчэ дадаць? Хіба што — апладысменты!


Ніна РЫБІК, фота аўтара.