У Астравецкім раёне пачалася сяўба

Цяжка нараджаецца сёлетняя вясна. На календары ўжо амаль што сярэдзіна красавіка, а ў неба – лістападаўскі прысмак. То дождж, то снег. І ў існаванне сонца застаецца хіба што верыць.


А на палях, тым не менш, кіпіць работа: падкармліваюцца азімыя збожжавыя культуры і азімы рапс, шматгадовыя травы, паша і сенакосы; праводзіцца падсеў шматгадовых траў; рыхтуецца глеба і… І самае галоўнае: земляробы распачалі новую пасяўную.
Па стану на 8 красавіка сяўба яравых збожжавых і зернебабовых культур праведзена на плошчы 470 гектараў, што складае 5 працэнтаў да запланаванага.
На старце пасяўной у лідары вырваўся саўгас “Падольскі”, земляробы якога пасеялі ўжо 145 гектараў яравых збожжавых (55 – аўса і 90 – ячменю). У дагонку за лідарам спяшаецца СВК “Гервяты”, дзе насенне заладжана ўжо на 113 гектарах яравога поля. 97 гектараў засеяна ў СВК “Варняны”, 70 – у СВК “Гудагай”. Сейбіты СВК імя Гашкевіча сваю работу яшчэ не пачалі, але затое ў гэтай гаспадарцы высокімі тэмпамі праводзіцца перадпасяўная падрыхтоўка глебы. Як толькі ўсталюецца спрыяльнае надвор’е, зерне пасыплецца ў падрыхтаваную спелую глебу вясёлай ручаінкай. Тым больш што спецыяльна да пасяўной-2011 СВК імя Гашкевіча набыў яшчэ адзін высокавытворчы пасяўны агрэгат.
Не падвяло б толькі надвор’е! А за сейбітамі Астравеччыны справа не стане.


Ганна ЧАКУР.