Тыдзень postfactum: бывай, г.п.!
На мінулым тыдні Астравец фактычна стаў горадам. Для замацавання новага статусу засталіся некаторыя юрыдычныя фармальнасці – у прыватнасці, рашэнне абласнога Савета дэпутатаў, аднак сутнасці яны ўжо не зменяць – перыяду гарадскога пасёлка ў гісторыі райцэнтра прыйшоў канец.
Такім чынам, да свайго 55-гадовага юбілею ў рангу гарадскога пасёлка Астравец крыху не дажыў. Зрэшты, гэта якраз той выпадак, калі незадаволеных дачасным “скананнем” юбіляра быць не павінна.
Увогуле, катэгорыя населеных пунктаў з назвай “пасёлак гарадскога тыпу” – вынаходніцтва савецкай эпохі, якое ўбачыла свет падчас адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1923-1929 гадоў. Тады пад сцягам барацьбы з царскай спадчынай, у поўнай адпаведнасці з радком бальшавіцкага гімна — “весь мир насилья мы разрушим до основанья, а затем…” – быў зменены адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел краіны. Замест гістарычных губерній, паветаў і валасцей з’явіліся безаблічныя вобласці (краі), акругі і раёны. Раўнацэнную альтэрнатыву гарадам, сёлам і вёскам прыдумаць было цяжэй. Таму яны засталіся нязменнымі. Затое узнікла новая катэгорыя населеных пунктаў – пасёлкі гарадскога тыпу (гарадскія пасёлкі).
Населеныя пункты гэтага статусу былі распаўсюджаны пераважна ў рэспубліках былога СССР і ў некаторых краінах сацыялістычнага лагера – такіх, як Балгарыя і Польшча. У Польшчы, праўда, яны існавалі толькі з 1964 да 1972 года, і пазней былі ліквідаваны. Усе населеныя пункты гэтай краіны з таго часу адносяцца толькі да двух катэгорый: сельскае і гарадское пасяленне.
У Балгарыі, а таксама Арменіі, Латвіі, Літве і Малдавіі (за выключэнне непрызнанай Прыднястроўскай Рэспублікі) такая катэгорыя населеных пунктаў як гарадскі пасёлак знікла ў пачатку 1990-х гадоў.
А вось астатнія былыя рэспублікі СССР пакуль не спяшаюцца адмаўляцца ад пасёлкаў гарадскога тыпу.
Найбольшая іх колькасць, натуральна, у Расіі. Прычым некаторыя – з даволі вялікай колькасцю насельніцтва. Напрыклад у г.п. Гарачаводскі Стаўрапольскага края пражывае амаль 37 тысяч чалавек.
Гарадскія пасёлкі ва ўсходняй частцы Беларусі ўзніклі адначасова з рэформай у 20-х – 30-х гадах мінулага стагоддзя.
Заходняя Беларусь займела г.п. пасля далучэння да СССР у 1939 годзе. Гарадскія пасёлкі прыйшлі на змену мястэчкам, якія сталі адміністрацыйнымі цэнтрамі наваствораных раёнаў.
Праўда, для атрымання новага статусу існавала некалькі ўмоў. У населеным пункце павінны былі пражываць не менш за 3 тысячы жыхароў і не менш за 85 % з іх не павінны былі займацца сельскай гаспадаркай.
Магчыма гэта і перашкодзіла Астраўцу атрымаць статус гарадскога пасёлка яшчэ ў 1940 годзе, калі ён стаў цэнтрам Астравецкага раёна.
Пасёлкам гарадскога тыпу Астравец стаў толькі 25 красавіка 1958 года і да апошняга часу з’яўляўся адным з 17 г.п. у складзе Гродзенскай вобласці.
Дарэчы, найбольшая колькасць гарадскіх пасёлкаў на Віцебшчыне – 24.
На другім месцы – Мінская вобласць.
Трэцяе па колькасці г.п., да нядаўняга часу падзялялі Гродзенская і Гомельская вобласці, у якіх мелася па 17 гарадскіх пасёлкаў. Цяпер, зразумела, трэцяе месца поўнасцю перайшло да гамяльчан.
Усяго ж у Беларусі засталося менш за 80 гарадскіх пасёлкаў.
З раённых цэнтраў Гродзеншчыны Астравец быў адным з самых маладых г.п.
Цяпер жа наш райцэнтр стане самым маладым горадам. Апошнім статус горада атрымала Іўе – і адбылося гэта ў 2000 годзе.
Некаторых нашых чытачоў крыху збянтэжыў радок у Пастанове Савета Міністраў аб тым, што Астравец стане горадам з раённым падпарадкаваннем. Людзі занепакоіліся: ці не азначае гэта, што статус горада ў Астраўца будзе нейкім няпоўным?
Хваляванні абсалютна дарэмныя. Згодна з законам, усе гарады могуць мець альбо раённае, альбо абласное падпарадкаванне. Статус апошніх прысвойваецца толькі ў асобных выпадках, для гарадоў з колькасцю насельніцтва звыш 50-ці тысяч чалавек, якія маюць важнае прамысловае і гістарычнае значэнне.
Да гэтай вышыні Астравец пакуль не дарос.
Можа, толькі пакуль?...
Эдуард СВІРЫД.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.