Тры астравецкія каманды знаходзяцца ў дзесятцы лепшых

Пасля першага туру асінхроннага чэмпіянату Гродзенскай вобласці сярод дарослых па гульні “Што? Дзе? Калі?” тры астравецкія каманды знаходзяцца ў дзесятцы лепшых.


Правілы правядзення асінхроннага завочнага чэмпіянату прадугледжваюць, што ён праводзіцца прыкладна ў адзін час на розных пляцоўках вобласці – у тых гарадах, дзе найбольш развіты інтэлектуальны рух. У Астраўцы першы тур абласнога чэмпіянату супаў з трэцім, сакавіцкім турам раённага. Праз некалькі дзён тыя ж пытанні згулялі інтэлектуалы ў Ваўкавыску, Ашмянах, Лідзе.
Усяго ў чэмпіянаце прымаюць удзел 38 мацнейшых інтэлектуальных каманд Гродзеншчыны. Па выніках першага тура на першым месцы нашы “заклятыя сябры” – каманда “Гасіла” з Ашмян, якая, да слова сказаць, набрала свае 18 ачкоў менавіта на гульні ў Астраўцы. За ёй ідуць дзве ваўкавыскія каманды – “Чэ Геварушкі” і “Ньюс-В”. Набраўшы роўную колькасць ачкоў, але крыху саступіўшы па рэйтынгу, прапусцілі наперад каманду ашмянскай гімназіі “У дзесятачку” і ўтульна ўладкаваліся на высокім пятым месцы астравецкія медыкі – каманда “ЦэРэБрал”. Адно ачко саступіў ім наш рэдакцыйны “Востраў шанцавання”, які знаходзіцца на шостым месцы. А вось паміж ім і райвыканкамаўскім “Magnum ignotum” “зацерліся” яшчэ адны “Чэ Геварушкі”, на гэты раз гродзенскія: у іх тыя ж 15 ачкоў, але крыху лепшы рэйтынг. Дарэчы, знакамітыя лідскія “Ушэльцы”, вядомыя нашым камандам па моцнай гульні ў Ашмянах; “Інсайт” з ашмянскай гімназіі, які любіць забіраць нашы “яблыкі азарэння”, набралі ў першым туры па 13 ачкоў, ваўкавыскі “Крэмень” – 11.
Такім чынам, тры астравецкія каманды па выніках першага тура ўваходзяць у дзесятку лепшых інтэлектуальных каманд вобласці. Да слова сказаць, і ўсе іншыя ўдзельнікі раённага чэмпіянату выглядаюць на агульным фоне даволі прыстойна.
Наперадзе – яшчэ два завочныя туры абласнога асінхроннага чэмпіянату, якія пройдуць у маі і пойдуць, апроч іншага, у залік як чарговыя туры раённага. Па выніках трох тураў лепшыя каманды будуць запрошаны на фінальную гульню ў Ваўкавыск.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.