Старшыня Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Міраслаў Сарасек адзначыў удзельнікаў жніва

Па традыцыі ў авангардзе жніва звычайна знаходзяцца камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў і ўстановак. Іх імёны часта гучаць у прэсе, а фотаздымкі ўпрыгожваюць стужкі навін.

Аднак паспяховасць уборачнай кампаніі залежыць не толькі ад хлебаробаў, а і ад іх надзейнага тылу. На жніве задзейнічана дзясяткі іншых работнікаў, чыя праца, магчыма, не навідавоку, але важная і патрэбная: паляводы, повары, дастаўшчыкі абедаў, загадчыкі кафэ і зернескладаў і многія іншыя...

Адзначыць грашовымі прэміямі тых, хто шмат гадоў робіць унёсак у раённы каравай, на Астравеччыну прыехаў старшыня абкама Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міраслаў Сарасек. Да прафсаюзнага лідара Гродзеншчыны далучыліся старшыня Астравецкага райвыканкама Руслан Жукоўскі і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула.

Маршрут пралягаў праз чатыры гаспадаркі, дзе ўзнагародзілі больш за 10 працаўнікоў. Нягледзячы на надзвычайна шчыльны графік і насычаны на сустрэчы дзень (госць наведаў сельгаспрадпрыемствы Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў), Міраслаў Эдмундавіч знайшоў асаблівыя, цёплыя словы падзякі для кожнага работніка сельскай гаспадаркі раёна.

КСУП “Гудагай”

Больш за два дзесяцігоддзі на цэнтральным зернескладзе ў Германішках працуе Антаніна Тхорава. Чалавек, без якога не магчыма ўявіць паспяховы фініш уборкі ў адной з перадавой, да таго ж насенняводчай гаспадарцы раёна. Праз яе дбайныя рукі праходзяць тысячы тон новага ўраджаю: аператыўна прыняць машыны з поля, правільна размеркаваць зерне і строга сачыць за захаваннем тэхналагічных норм.

Памочнік брыгадзіра раслінаводчага ўчастка №2 Галіна Грамбоўская аграпрамысловаму комплексу раёна, больш таго – адной гаспадарцы (без ўліку ўзбуйненняў і змяненняў назвы), прысвяціла ажно паўстагоддзя. Пачынала ў падсобным калгасным цэху, а пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку ўвесь час у агранаміі.

У 2014 годзе жанчына хоць і пайшла на заслужаны адпачынак, але не развіталася са справай жыцця. У напружаны перыяд жніва працоўны дзень Галіны Генрыхаўны доўжыцца з ранку да позняга вечара, пакуль поле не пакіне апошні камбайн.

Хлебароб Іван Герасім аксакал камбайнерскай справы. На яго рахунку 25 уборачных кампаній! За гады работы механізатар добра вывучыў мясцовыя нівы і тэхніку. Шмат сезонаў запар ён выводзіць на палі айчынны камбайн КЗС-1218 вытворчасці “Гомсельмаш”. І магутная хлебаўборачная машына не падводзіць свайго гаспадара: працуючы як у складзе сямейнага экіпажа з сынам Аляксандрам, так і ў тандэме з надзейным калегам Браніславам Калядой, Іван Рамуальдавіч рэгулярна пераадольваў запаветную планку ў тысячу тон.

У тэму

У межах рэспубліканскай акцыі прадстаўнікі галіновага прафсаюза наведалі шматдзетную сям’ю Бейнер, дзе выхоўваецца чацвёра дзяцей. Бацька Ігар працуе ў гаспадарцы электрагазазваршчыкам, маці Алена да дэкрэтнага адпачынку была даяркай. Падарункавы сертыфікат на 300 рублёў для набыцця неабходнага да школы прыйшоўся вельмі дарэчы.

КСУП “Міхалішкі”

Справядлівае народнае выслоўе сцвярджае, што сыты работнік – добры работнік. Больш за 10 гадоў клопат пра харчаванне мясцовых хлебаробаў ляжыць на плячах загадчыка кафэ “Вілія” Святланы Часнойць. У гэтым сезоне яна разам са сваёй камандай карміла яшчэ суседзяў з аргафірмы “Варняны”. Ведаю ад механізатараў і вадзіцеляў: кожная страва прыгатавана з душой – сытна і па-хатняму смачна.

Майстар на ўсе рукі – менавіта так ёміста і лаканічна можна сказаць пра Валерыя Скавародку. У наш час, калі спецыялісты рабочых прафесій у дэфіцыце, прафесіянал-токар на вагу золата. Калі падчас напружаных палявых работ выйдзе са строю вузел ці паламаецца дэталь, якую немагчыма хутка купіць, уся надзея на залатыя рукі Валерыя Іосіфавіча.

Аднак яго талент не абмяжоўваецца толькі працай у майстэрні. Летам не першы сезон ён дапрацоўвае збожжа на перасоўнай сушылцы ў Страчанцы.

РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”

Працоўны шлях у роднай гаспадарцы Дзмітрый Шэша пачаў адразу пасля школы. Гэтае жніво для камбайнера юбілейнае – 25-е. Мужчына мае рэпутацыю сапраўднага прафесіянала. На працягу апошніх 17-ці сезонаў яго надзейны памочнік у полі – цесць Міхаіл Козел.

Загадчык зернесклада ў Падольцах Тарэса Ступенька з катэгорыі людзей перажывацельных. Яна штогод вельмі хвалюецца за ўраджай і не ўмее ставіцца да работы абыякава. Калі пачынаецца жніво, яна літаральна гатова дняваць і начаваць на складзе, каб кожнае зярнятка было прасушана і захавана як след.

За больш як 40 гадоў работы ў саўгасе жанчыне давялося паспрабаваць сябе ў розных прафесіях: дыспетчара, касіра, бухгалтара. Аднак душа заўсёды гарнулася да зямлі, а найбольшай радасцю быў багаты ўраджай, як сёлета.

КСУП “Гервяты”

Аграном-насеннявод КСУП “Гервяты” Антаніна Дзерван – чалавек, чыё імя без перабольшвання і ў калектыве гаспадаркі, і ў раёне стала сінонімам высокай адказнасці і бязмежнай адданасці абранай справе. жыццё жанчына прысвяціла раслінаводству.

Падчас жніва Антаніна Францаўна на рабоце ад світання да змяркання, без выхадных і аглядак на надвор’е. Менавіта ў такім служэнні зямлі яна і знайшла прызванне, а таксама заслужанае прызнанне на самым высокім узроўні. За шматгадовую плённую працу Антаніна Дзерван адзначана дзяржаўнай узнагародай – медалём “За працоўныя заслугі”.

Загадчык кафэ Таццяна Трусіла да прыходу ў КСУП “Гервяты” шмат гадоў адпрацавала ў раённай спажывецкай кааперацыі: бармэнам у кафэ, загадчыкам магазіна “Цэнтральны” ў Астраўцы. Да каманды кафэ “Млын” жанчына далучылася ў 2014 годзе і адразу стала сваёй. Не без яе ўдзелу абнавіўся інтэр’ер папулярнай у турыстаў харчовай кропкі, а таксама меню. Пад пільным кіраўніцтвам Таццяны Валянцінаўны повары сытна і смачна падчас усіх аграрных кампаній, у тым ліку жніва, кормяць работнікаў.

Здаецца, што прафесія палявода з разраду выміраючых. Аднак гэта абвяргае прыклад Марыны Лаўрыновіч, якая больш за 10 гадоў працуе на складзе на тэрыторыі цэха па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы. Спрытныя і працавітыя рукі жанчыны не здольны замяніць разумныя тэхналогіі і машыны. Вырасціць ураджай недастаткова, яго трэба захаваць і падрыхтаваць да новай вясны. Гэтым і займаюцца паляводы: перабіраюць і сарціруюць бульбу, збожжа і робяць многае іншае.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич