Социальные сетки, мамы и их детки
У Дзень маці былі падведзены вынікі конкурсу на лепшы здымак дзяцей са сваёй мамай, арганізаваны райкамам прафсаюза работнікаў АПК.
На працягу месяца ўдзельніцы конкурсу размяшчалі свае фотаздымкі з хэштэгам #profpak у сацыяльных сетках. Дарэчы, журы не абмяжоўвала колькасць здымкаў, але абавязкова трэба было выканаць простыя ўмовы: быць падпісчыцай суполкі Астравецкага прафсаюза работнікаў АПК у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” і з’яўляцца членам прафсаюзнай арганізацыі.
У мінулую пятніцу ля будынка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання “фотасушка” прыцягвала ўвагу прахожых: конкурсныя фотаздымкі былі прымацаваны да стужкі рознакаляровымі прышчэпкамі.
– У конкурсе паўдзельнічала 28 чалавек. Лепшы здымак выбірала журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі сельгасхарчу, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, прафсаюзнай арганізацыі, – расказвае старшыня прафсаюза работнікаў АПК і арганізатар конкурсу Юрый Аляксандравіч Адула. – Аднак у дзень галасавання з-за вялікага рэзанансу было вырашана, што кожны жадаючы зможа аддаць свой голас за фотаздымак, які найбольш спадабаўся, павязаўшы ля яго белую стужку.
З кожнай гадзінай ля фотаздымкаў з’яўляліся новыя стужкі – лідары мяняліся. Па выніках народнага галасавання перамог фотаздымак Марыны Якімовіч, якая ў якасці падарунка атрымала падпіску на газету “Беларускі час” на 1 паўгоддзе 2017 года. А галоўны прыз – сертыфікат на наведванне салона прыгажосці “Сакура” на 100 рублёў – журы аддало Алене Кандратовіч.
– Конкурс зрабіў гэты асенні дзень больш цёплым і яркім. Асабліва прыемна, што журы выбрала мой здымак, дзе я разам са сваёй дачушкай і мамай, – падзялілася ўражаннямі пераможца конкурсу Алена Кандратовіч. – Няхай нашы дзеці прыносяць нам радасць не толькі ў святы, але і ў будні.
Варта адзначыць, што кожная ўдзельніца конкурсу, незалежна ад вынікаў, атрымала да Дня маці падарунак – свае раздрукаваныя фотаздымкі.
___________
Алена ГАНУЛІЧ,
фота аўтара.
