Што змянілася ў Мальскай бібліятэцы
Цудоўны падарунак атрымала Мальская сельская бібліятэка – яна выйграла грант ад “Атамбудэкспарт”.
Дзякуючы атрыманым сродкам, бібліятэка змагла зрабіць явай даўнюю мару: набыць выставачныя вітрыны і сучасны тэлевізар, папоўніць фонд кнігамі японскіх аўтараў і зрабіць экспазіцыю, прысвечаную жыццёваму і творчаму шляху Іосіфа Гашкевіча. Усё гэта дапаможа ажыццявіць галоўную задуму праекта – прыцягнуць увагу чытачоў да асобы нашага славутага земляка.
На базе бібліятэкі таксама дзейнічае аматарскае аб’яднанне для падлеткаў “Па слядах Гашкевіча”. У Год гістарычнай памяці яго наведвальнікаў чакаюць мерапрыемствы, прысвечаныя выбітнаму земляку: расповеды пра кітайскі і японскі перыяды жыцця, падарожжа на фрэгаце “Палада”, дзейнасць Гашкевіча ў палоне і важнасць яго консульства для Расійскай імперыі.

Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
Астравецкая раённая бібліятэка.
