Што аб'ядноўвае беларусаў разважае Алеся Шыманэль

У кожнага з нас свая жыццёвая дарога, штодзённыя клопаты і свае мары, але ёсць нешта глыбейшае, што робіць нас адзіным цэлым. Напярэдадні Дня народнага адзінства праз прызму асабістага жыццёвага досведу жыхары Астравеччыны разважаюць пра гэта і расказваюць, што робіць іх шчаслівымі. 


…Свая зямля

Алеся Шыманэль, аграном-аграхімік і прафсаюзны лідар РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»:

– Участак ля роднага дома; нашы саўгасныя палі, сенажаці і нівы; неверагодна прыгожыя краявіды… –  гэта ўсё наша зямля ў самым шырокім сэнсе. І я шчыра люблю яе, сваю Беларусь, хоць нарадзілася на Далёкім Усходзе.

Бацькі, як і многія маладыя людзі таго часу, паехалі на будоўлю адной з найбуйнейшых дарог у свеце – Байкала-Амурскай магістралі. Там з’явіліся на свет я і дзве сястры. 

Пэўны час мы жылі на Поўначы. Запомніліся паўночнае ззянне, белыя ночы і пастаянная зіма. А ў  1987 годзе пераехалі ў Беларусь, у вёску Абухава – цяпер гэта аграгарадок. Тады мне было амаль 8 гадоў. Па першасці вельмі не хапала снегу, марозу. Памятаю сваё дзіцячае шкадаванне, што назаўсёды пакінулі край, дзе жыве Дзед Мароз…

Прафесію выбрала выпадкова, але знайшла сваё прызванне. Скончыла аддзяленне агранаміі Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута з дадатковай спецыяльнасцю «вырошчванне востра-водарных траў». У 2003 годзе атрымала размеркаванне на Астравеччыну ў СВК «Рытаньскі». Тут знайшла свой лёс, з мужам Андрэем гадуем траіх дзетак.

Маё жыццё непарыўна звязана з астравецкім краем і раслінаводствам. У розныя часы працавала аграномам, галоўным аграномам, аграномам-насенняводам, намеснікам старшыні па раслінаводстве, загадчыкам сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, узначальвала гаспадарку – ніколі не здраджвала абранай прафесіі і зямлі… Нездарма беларусы ласкава называюць яе маці-зямелькай.

Я шчаслівая, бо з катэгорыі людзей, якія любяць усёй душой тое, чым займаюцца. Работа агранома адна з найудзячнейшых прафесій у свеце: у нас штогод ёсць цудоўная магчымасць бачыць плён сваіх старанняў. Па восені прыгорнутыя ў глебу зярняты вясной становяцца шчыльным зялёненькім шчаціннем усходаў, якія праз некалькі месяцаў каласяцца нівамі.

Па душы мне ўсе культуры, але найбольш – авёс: ён заўсёды апраўдвае сябе і аддае столькі ж, колькі ў яго ўкладзеш. Калісьці мы вырошчвалі алейны лён на насенне. Словамі не перадаць панараму, якая адкрывалася перад вачамі, калі ён цвіў: мільёны блакітных вочак зліваліся ў суцэльнае мора, па якім хвалямі прабягаў вецер.

…Большасць нашых работнікаў, як і ўвогуле вяскоўцаў і працаўнікоў сельскай гаспадаркі, адданы зямлі. Думаю, гэта закладзена ў генетычнай памяці. І за гэта яна аддзячвае шчодрым ураджаем…

Больш за 20 гадоў жыцця на Астравеччыне... Я настолькі знітавалася з гэтым краем і палюбіла яго, што ўжо лічу сябе карэннай жыхаркай. (Усміхаецца.) А неабсяжныя снежныя краявіды дзяцінства бачу толькі ў снах, праўда, з гадамі ўсё радзей…

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич, из архива героини