Што аб'ядноўвае беларусаў, расказала Наталля Адула

У кожнага з нас свая жыццёвая дарога, штодзённыя клопаты і свае мары, але ёсць нешта глыбейшае, што робіць нас адзіным цэлым. Напярэдадні Дня народнага адзінства праз прызму асабістага жыццёвага досведу жыхары Астравеччыны разважаюць пра гэта і расказваюць, што робіць іх шчаслівымі. 


…Родная мова

Наталля Адула, намеснік дырэктара Варнянскай СШ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры:

– Дзень народнага адзінства нагадвае нам пра сілу яднання. Гэтая дата непарыўна звязана з паняццем нацыянальнай ідэнтычнасці, а яе галоўны і самы трывалы падмурак, на маю думку, – родная мова. Менавіта беларускае слова з’яўляецца тым нябачным, але моцным ланцужком, які злучае мінулае з будучыняй і яднае нас у адзін народ. 

Беларуская для мяне без перабольшвання – родная… Я расла, слухаючы мову ў калыханках матулі, пацешках і народных песнях бабулі, паўсядзённых размовах. Яна была заўсёды побач: у сямейных клопатах, у прывітаннях і пажаданнях, у вечаровых гутарках. Здавалася, што ў мове жыве душа маёй сям’і – светлая, працавітая, гасцінная, шчырая.

У школе, дзякуючы настаўніцы Галіне Мікалаеўне Салавей, я палюбіла беларускую мову яшчэ больш. Магчыма, пагэтаму яна паступова стала для мяне не проста школьным прадметам, а важнай часткай жыцця: выбрала прафесію настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Кожны дзень пераконваюся: мова – гэта не столькі пра словы і правілы, а пра памяць народа, гісторыю і культуру, яго характар і светапогляд. У ёй захоўваюцца галасы продкаў, народная мудрасць, мелодыя роднай зямлі. 

Мне здаецца, што наша мова асаблівая. Часам толькі на ёй можна перадаць пэўны настрой, тонкае пачуццё, пя­шчоту, захапленне або боль. У ёй ёсць словы, якія нельга перакласці на іншую мову, бо згубіцца сакральны сэнс, тое самае «тваё».

Радуюся і ганаруся, што беларуская мова жыве і развіваецца ў вясковых школах. Навучанне на ёй дазваляе дзецям з маленства ўспрымаць свет праз прызму спрадвечных нацыянальных каштоўнасцей, выхоўваць сапраўдных патрыётаў, якія будуць берагчы сваю зямлю і рабіць усё магчымае для яе росквіту. 

Адзінства выяўляецца і ў духоўным жыцці грамадства. Адметна і радасна, што ў касцёле беларускамоўныя набажэнствы. Калі чалавек звяртаецца да Бога на роднай мове, на якой размаўлялі яго продкі, гэта надае малітве асаблівую глыбіню. Дамінаванне роднай мовы ў рэлігійным жыцці католікаў сведчыць пра высокую культуру і духоўную сталасць нашай нацыі, дзе слова служыць міру і згодзе паміж людзьмі.

Дзень народнага адзінства служыць яскравым напамінам пра тое, што мова – наш агульны скарб, які трэба не толькі любіць, але зберагаць. Бо сапраўднае адзінства пачынаецца з павагі да прамоўленага па-беларуску слова, якое мацуе нашу незалежнасць і робіць нас унікальнымі.  

Па вялікім рахунку, нас усіх яднаюць не толькі агульная гісторыя і любоў да Бацькаўшчыны, а і слова – роднае, беларускае, мілагучнае. Пакуль яно жыве ў нашых сэрцах і гучыць на нашай зямлі, сярод беларусаў будуць панаваць еднасць, узаемаразуменне і любоў. 
Текст: Алёна Ганулич
Фото: из архива героини