Што мы ведаем пра меланому скуры

У ходзе назіранняў было ўстаноўлена, што прыкладна ў палове выпадкаў развіццё меланомы скуры паходзіць з пігментных невусаў, якія сустракаюцца ў 90 працэнтаў людзей. Самі па сабе пігментныя невусы часцей за ўсё не ствараюць якіх-небудзь сур’ёзных праблем для здароўя. Фактарамі, якія правакуюць развіццё меланомы, з’яўляюцца інтэнсіўнае ўльтрафіялетавае апраменьванне і траўматызацыя радзімкі.


Ад чаго з’яўляецца меланома? Вядомыя некаторыя фактары рызыкі, якія могуць справакаваць яе з’яўленне. Гэта генетычная схільнасць і наяўнасць дыспластычных невусаў – пагранічных радзімак. Яны падобныя на разбітае яйка ці яешню: пасярэдзіне – цёмны кружок (“жаўток”), а вакол – больш светлае адценне (“бялок”). Вось пры наяўнасці менавіта такіх дыспластычных невусаў і ўзрастае рызыка з’яўлення меланомы (прычым, не абавязкова ў гэтым невусе). Таксама фактарамі рызыкі з’яўляюцца сонечныя апёкі, перанесеныя ў дзяцінстве (асабліва ў светлавалосых і блакітнавокіх, рыжавалосых і схільных да з’яўлення вяснушак).
Для візуальнай дыягностыкі меланомы існуе сістэма “АКАРД меланомы” (“Азбука меланомы”) – памятка, у якой указаны пяць прыкмет перараджэння радзімкі.
1. А – асіметрыя – каб вызначыць асіметрыю, трэба правесці ўяўляемую вось. “Добрую” радзімку гэтая вось падзеліць на дзве сіметрычныя часткі.
2. К – край – любыя няроўнасці і змяненні (зубчыкі і г.д.) па контуры.
3. А – афарбоўка – любыя змяненні колеру.
4. Р – размер – “пагранічнымі” лічацца невусы дыяметрам ад 6 міліметраў. Чым большая радзімка, тым большая верагоднасць перараджэння; але і маленькі памер не выключае ўскладненняў: вядомыя меланомы памерам з 1 міліметр.
5. Д – дынаміка – з’яўленне любых знешніх змяненняў – лупінак, трэшчынак, лушчэння, кроватачывасці, раптоўнае знікненне радзімкі.
Калі вы знойдзеце хоць адну прыкмету з пяці – тэрмінова звяртайцеся да ўрача-дэрматолага.
Рак скуры – адно са злаякасных новаўтварэнняў, якія сустракаюцца часцей за ўсё. Захворванне гэтай пухлінай у апошнія дзесяцігоддзі ўзрастае пры адначасовым зніжэнні смяротнасці ў сувязі з ранняй дыягностыкай. Найбольш важным фактарам, які садзейнічае развіццю рака скуры, з’яўляецца доўгае сонечнае апраменьванне. Пагэтаму часта гэтыя пухліны развіваюцца на адкрытых для сонца ўчастках цела: лоб, твар, нос, куточкі вачэй, вобласці скроняў, вушныя ракавіны, кісці рук.
Прафілактыка рака скуры заключаецца ў зніжэнні ўздзеяння фізічных і хімічных канцэрагенаў на скуру – адмаўленне ад празмернага ўздзеяння сонечных промняў, ад курэння, абмежаванне кантакту з канцэрагеннымі рэчывамі, якія трапляюць на скуру. Неабходна рэгулярнае прымяненне ўвільгатняючых і сонцаахоўных крэмаў, своечасовае лячэнне перадракавага стану, рубцоў, якія доўга не зажываюць, радыкальная тэрапія язваў і свішчоў, строгае выкананне мер асабістай гігіены пры працы з рэчывамі, якія ўтрымліваюць канцэрагены. Таксама трэба ахоўваць рубцы ад механічных пашкоджанняў, а асобам са спадчыннай схільнасцю да рака скуры неабходны рэгулярныя агляды анколага.


Д. СУБАТКЕВІЧ, тэрапеўт Астравецкай ЦРБ.