Шостымі ў вобласці сталі юныя выратавальнікі
У сярэдзіне красавіка ў Гродна праходзілі абласныя спаборніцтвы па пажарна-выратавальным спорце сярод юнакоў, у якіх прынялі ўдзел і астравецкія юныя выратавальнікі і ў выніку занялі шостае месца сярод дзевятнаццаці.
Вучні Астравецкай сярэдняй школы №1 Мікіта Савіцкі, Вадзім Праўлуцкі, Кірыл Масойць і гімназіст Руслан Сенкевіч па-майстэрску падымаліся па штурмавой лесвіцы ў акно вучэбнай вежы і пераадольвалі плот з бумам пры пракладцы рукаўнай лініі на 100-метровай паласе. Трэба адзначыць, што гэта былі першыя для рабят спаборніцтвы ў сваёй узроставай групе – яны былі на год маладзей за астатніх удзельнікаў. Аднак яны не разгубіліся і годна на практыцы паказалі ўсе веды і здольнасці, якія атрымалі падчас наведвання гуртка “Юны выратавальнік” Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы.
Эдуард МАЛЫШКА.