"Сардэчная размова" з сардэчным доктарам
Яно такое чулае, далікатнае і пяшчотнае… Аднак менавіта ад яго работы залежыць жыццё чалавека. Кажуць, яно здольнае адчуваць і перажываць, кахаць і дараваць, радавацца і смуткаваць. А іншыя лічаць, што гэта ўсяго толькі помпа для перакачвання крыві. У яго няма адпачынку і выхадных – яно працуе дзень і ноч. Аднак калі яго не засцерагаць, не сачыць, не клапаціцца аб ім, яно можа пакрыўдзіцца і захварэць. А калі баліць сэрца – гэта ўжо сур’ёзна.
Як засцерагчы гэты жыццёванеабходны орган арганізма, што рабіць, калі ў грудзях зашчыміць і што есці, каб не звяртацца да кардыёлага? На гэтыя і іншыя пытанні можна было атрымаць адказы падчас “Прамой лініі” з “сардэчным” урачом – загадчыкам кардыялагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Сяргеем Станіслававічам Івашкам.
– Як часта трэба наведваць кардыёлага і рабіць кардыяграму сэрца? І што рабіць, калі раптам стала балець у грудзях?
– Кардыяграму трэба праходзіць кожны год. Гэта ўваходзіць у абавязковы пералік медыцынскіх працэдур. І пажадана, каб людзі самі памяталі аб гэтым, а не ішлі туды літаральна пад загадам тэрапеўта. Наша здароўе – у нашых руках.
Калі ж раптам забалела ў грудзях, заціснула і стала ціснуць у вобласці сэрца, трэба прыняць палову таблеткі аспірыну, а пад язык пакласці валідол ці нітрагліцэрын. Калі ж пасля гэтага вам не палягчэла і працягвае давіць ці балець, настойліва рэкамендую звяртацца ў бальніцу ці выклікаць “хуткую дапамогу”.
– Адкуль бяруцца хваробы сэрца?
– Рост захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы абумоўлены рознымі аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі фактарамі. Гэта старэнне насельніцтва, фінансава-эканамічная сітуацыя, павышэнне псіхаэмацыянальнай нагрузкі, змяненне харчавання, умоў жыцця ці працы, курэнне, празмернае ўжыванне алкаголю, маларухомы лад жыцця. Прычын хапае. Але мы, як правіла, задумваемся над імі, калі штосьці пачынае балець.
–Добры дзень! Ці ёсць у нашай бальніцы сучасная апаратура, з дапамогай якой можна дасканала абследаваць сэрца?
– Ёсць холтараўскае манітарыраванне – на чалавека вешаюць спецыяльны невялікі апарат, з якім ён ходзіць цэлы дзень. Такім чынам назіраецца кардыяграма сэрца на працягу сутак і па яе выніках урач робіць адпаведныя высновы аб стане сэрца пацыента. Гэтая працэдура бясплатная, але назначаецца толькі па накіраванні ўрача.
– У мяне пытанне наконт кавы. Распаўсюджана меркаванне, што яна – шкодная для сэрца. Што гэта – міф ці пацверджаны факт?
– Ох ужо гэта кава! У вялікай колькасці кафеін, безумоўна, негатыўна ўплывае на здароўе чалавека. Аднак адзін-два кубкі не вельмі моцнай кавы ў дзень не ўяўляюць небяспекі. А лепш за ўсё піць нямоцную зялёную гарбату, сок, адвар шыпшыны.
– З якой ступенню пралапсу (захворванне сэрца) нельга служыць у арміі?
– Юнакі вызваляюцца ад службы ва Узброеных войсках з першай ступенню пралапсу. Але лепш адслужыць, чым хварэць.
– Што рабіць, каб зберагчы сэрца?
– Хворых з артэрыяльнай гіпертэнзіяй у нашым раёне прыкладна тры тысячы чалавек. Таму нават здаровым раю час ад часу мераць свой ціск. У каго ж ён павышаны, павінны абавязкова прымаць прэпараты, якія назначыў урач, а не суседка, у якой “гэтак жа ціснула ў грудзях”. І спыняць лячэнне самастойна таксама нельга. І самае важнае – калі павысіўся артэрыяльны ціск, перш за ўсё звярніцеся да ўрача. Гэта дапаможа папярэдзіць інсульт ці інфаркт.
Наогул жа, лепшая прафілактыка – гэта правільны лад жыцця. Старайцеся больш рухацца. У ежы пажадана старацца ўжываць менш солі. Карысна есці прадукты, якія ўтрымліваюць калій і магній – марскую капусту, разынкі, чырвоныя бурачкі, кабачкі, грэчку, гарбузы. Не варта забываць, што ежа павінна быць разнастайнай. Пажадана есці нятлустае мяса. Словам, харчаванне павінна быць карысным і якасным.
А яшчэ вельмі важна адмовіцца ад шкодных звычак. Напрыклад, адна цыгарэта ў дзень павышаюць артэрыяльны ціск на 15 хвілін, а 5 цыгарэт у дзень павышае рызыку смерці на 40 працэнтаў. Пасіўнае курэнне таксама павялічвае рызыку захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Марына МАЦКЕВІЧ.