С международного турнира по боксу островчане вернулись с медалями

З чарговымі перамогамі вярнуліся юныя баксёры Астравеччыны з міжнароднага турніру па боксе, які быў прысвечаны святкаванню Дня горада Кастамукша і праходзіў там жа ў пачатку мая.

Дарэчы, нашы баксёры былі адзінымі ўдзельнікамі спаборніцтва з Беларусі. Пазмагацца на рынгу таксама прыехалі баксёры з розных гарадоў Расіі і Фінляндыі. Баі праходзілі сярод прадстаўнікоў чатырох узроставых катэгорый: 2002-03, 2000-01, 1998-99 і 1997-96 гадоў нараджэння. Усяго рынг Кастамукшы сабраў 119 удзельнікаў. Словам, спаборніцтвы былі вельмі сур’ёзнымі, канкурэнцыя – высокай, сапернікі – моцнымі і дастойнымі.
Тым не менш астраўчане “выстралілі” па-сур’ёзнаму, дэманструючы на рынгу такі бокс, што не толькі балельшчыкі, але і трэнеры захоплена назіралі за ходам баёў і шчыра апладзіравалі нашым спартсменам.
І было за што. Арцём Каспяровіч, вагавая катэгорыя да 48 кілаграмаў, бліскуча правёў тры баі, у якіх без асаблівых цяжкасцей святкаваў перамогу, і стаў пераможцам турніру. Іван Стэх, вагавая катэгорыя да 65 кілаграмаў, таксама правёў тры баі – і стаў сярэбраным прызёрам спаборніцтва. Арцём Рагавенка, які выступае ў вагавой катэгорыі да 52 кілаграмаў, прадэманстраваў на рынгу тры цудоўныя баі і заняў першае месца. Акрамя гэтага, юнак быў узнагароджаны кубкам самага тэхнічнага баксёра турніру. У вагавой катэгорыі да 60 кілаграмаў Марк Маргуж правёў два баі. У паўфінале ў напружаным і жорсткім баі перамогу аддалі саперніку з Фінляндыі – члену нацыянальнай зборнай краіны. Марк – бронзавы прызёр турніру. Не падвёў таварышаў і Дзмітрый Лабэцкі, вагавая катэгорыя да 64 кілаграмаў: тры баі, тры перамогі – і залаты медаль.
– Спаборніцтвы былі арганізаваны на вышэйшым узроўні, – дзеліцца ўражаннямі трэнер рабят Аляксей Зянонавіч Маргуж. – Цёплая атмасфера, прыемныя людзі, цікавы турнір – усё было проста цудоўна. Ну і, вядома ж, нашы баксёры – малайцы! Хлопцы бліскуча паказалі сябе на рынгу – і гэта адзначылі многія. Словам, ад турніру ў мяне засталіся толькі станоўчыя эмоцыі.


------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ
.