Рыбачьте на здоровье!

У сувязі з вясенняй забаронай аматарскай рыбнай лоўлі хочацца ўдакладніць:ці распаўсюджваецца гэтая забарона на арэндаваныя вадаёмы?

Анатоль, жыхар Астраўца.


Адказаць на гэтае пытанне мы папрасілі дырэктара раённага аддзялення Беларускага таварыства рыбаловаў і паляўнічых Івана Іванавіча МУШНІЦКАГА. Вось, што ён нам сказаў:
– На вадаёмы, перададзеныя ў арэнду для рыбаводства, на якіх арандатар займаецца рыбаразвядзеннем, Правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі не распаўсюджваюцца. Рыбная лоўля на такіх вадаёмах з дазволу арандатара можа ажыццяўляцца.
Менавіта да такіх вадаёмаў адносіцца Мальскае вадасховішча, якое мы арандуем і на якім мы займаемся развядзеннем рыбы. Паколькі прывычнай пуцёўкі на рыбалоўства выпісаць мы ў гэты час не маем права, кожны жадаючы парыбачыць на нашым вадаёме павінен заплаціць грошы ў касу раённага аддзялення БТРП і атрымаць квітанцыю аб аплаце. І рыбачце на здароўе!