Рэспубліканскі суботнік пройдзе 16 красавіка
Такое рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў № 423, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.
Рэкамендавана правесці рэспубліканскі суботнік на добраахвотнай аснове. Людзі будуць працаваць на рабочых месцах або добраўпарадкоўваць і прыводзіць у належны стан тэрыторыі населеных пунктаў, мемарыяльныя комплексы, мясціны баявой і воінскай славы, пахаванні воінаў і партызанаў Вялікай Айчыннай вайны.
Суботнік арганізуецца ў мэтах паляпшэння ўмоў аздараўлення і лячэння дзяцей, якія пражываюць або навучаюцца ва ўстановах адукацыі на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, і інвалідаў у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама ў мэтах павышэння духоўна-патрыятычнага выхавання моладзі.
Грашовыя сродкі, заробленыя на рабочых месцах у дзень суботніка, у аб’ёмах, вызначаных работнікамі, у добраахвотным парадку пералічваюцца праз раённыя і гарадскія выканкамы ў аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам.
Аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам пералічваюць 50 працэнтаў паступіўшых грашовых сродкаў Міністэрству фінансаў у парадку, устаноўленым гэтым міністэрствам. Астатнія 50 працэнтаў грашовых сродкаў застаюцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама і накіроўваюцца на мінімізацыю наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у тым ліку на развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы (набыццё медыцынскага і тэхналагічнага абсталявання, аўтобусаў, правядзенне рамонту будынкаў, памяшканняў і іншае) дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў і арганізацый аховы здароўя, якія забяспечваюць аздараўленне і лячэнне дзяцей, што пражываюць або навучаюцца ва ўстановах адукацыі на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, і інвалідаў у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый.
Пералічаныя Міністэрству фінансаў сродкі накіроўваюцца на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне дзяцей, якія пражываюць або навучаюцца ва ўстановах адукацыі на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, і інвалідаў у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый, а таксама на будаўніцтва новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.