Разважанні аб выбары ў жыцці чалавека

Зусім нядаўна ў сеціве сутыкнулася з лічбай 83000. Паводле статыстыкі, 82 945 пар дзіцячых вачэй пабачыла свет у 2009 годзе на Беларусі. А афіцыйная лічба абортаў невядомая. Бацькі самі робяць свой выбар.
Мне чамусьці ўспомнілася Лена. Мінуў ужо, пэўна, год з таго часу, як мне давялося стаць сведкай споведзі маладой дзяўчыны. Эфект спадарожніка спрацаваў і ў нашым выпадку: цягнік дуэтам з рэльсамі спяваў сваю манатонную песню, а Лена без перапынку гаварыла і гаварыла, часам змаўкала, набірала на ўсе лёгкія паветра – і прадаўжала.


…Лена ніколі не лічыла сябе фаталісткай, не верыла нумізматычным прадказанням, але, на дзіва, 08.08.08 яна даведалася, што цяжарная: дзясятак тэстаў з дзвюма палоскамі не маглі падмануць.
– Спачатку быў шок. Я ніяк не магла паверыць сваім вачам. “Я – і цяжарная!? Я – Мама?!” Пад вечар нявер’е змянілася адчаем: “Божа, чаму са мной? Толькі скончыла трэці курс, яшчэ два гады вучобы наперадзе... Што змоўкла?” – думалася мне. Лена замаўчала на хвіліну, цяжка зглытнула сліну і прадоўжыла:
– З Андрэем мы сустракаліся восем месяцаў: шпацыры па начным горадзе, “падарожжы” да канечнага пункту на тралейбусах, адным словам – каханне. Час ляцеў вірліва-хутка, летнюю сесію перажыла – і тут... расставанне: я – дадому на канікулы, а яго шлях – у Маскву на вучобу. Так радаваўся, калі даведаўся аб тым, што яго залічылі! Раз’ехаліся. Праз два тыдні я даведалася, што цяжарная...
Гадзіны цягнуліся вечна, а ў галаве – адна думка: “Цяжарная!” Парады найлепшых сябровак – іх у Лены было дзве – разыходзіліся дыяметральна. Ніна-архітэктар раіла пакідаць дзіця; Света, будучы ўрач, з уласцівым ёй прагматызмам наперад малявала шэра-чорныя карціны і раіла рабіць аборт і не дурыць сабе галаву: скончыць універсітэт, уладкавацца на працу, выйсці замуж, прыдбаць кватэру і толькі тады заводзіць дзяцей.
Лена не хацела дзіцяці і адначасова не хацела нічога рабіць. Яна разумела, што павінна сказаць і Андрэю, і бацькам, яна разумела, што з гэтага моманту, нягледзячы на тое, якое рашэнне – пакінуць дзіця ці не – будзе прынята, жыццё канчаткова зменіцца. Роспач вылівалася слязамі, а Андрэй, бы адчуваў яе стан на адлегласці, дасылаў па дзесяць смс на дзень.
–І я напісала яму! Прасцей напісаць, чым сказаць, – дзяўчына прыбрала пасму валасоў з вачэй, - а ў адказ – імгненнае паведамленне: “Я ведаў гэта.” І ўсё... На мяне бы вядро халоднай вады вылілі! “Я ведаў гэта.” Не мінула і хвіліны, як тэлефон зазваніў. Я не здымала трубкі. Крыўда, нянавісць, жаль да сябе раз’ядалі нутро. Я ведала, што для яго жыццё не зменіцца: Масква, вучоба, рэдкія сустрэчы са мной. Маё – змянілася кардынальна...
Я ўсё ж зняла трубку. Плакала наўзрыд, а ён гаварыў, што хоча гэтае дзіця, што, калі я зраблю што-небудзь, мы не зможам быць разам.
Але ж замуж – пакуль ніяк...
Я яго так кахала!
Лена жыла другі дзень бы ў сне: не ела, дрэнна спала. Хацела заснуць моцна-моцна і прачнуцца, як тыдзень, месяц, год таму, каб усё было на сваіх месцах. Маці здагадвалася, што з дачкою робіцца нешта дрэннае. На пытанне “Што з табою?” соты раз чула ў адказ “Усё добра”. Пад вечар Лена не вытрымала і, выціраючы слёзы, усё расказала. Маці доўга маўчала. Да дзяўчыны, бы праз сон, даляцелі словы:
–У гэтым свеце ні адна рэч не вартая дзіцягага жыцця. Табе ўжо 22 гады, не шаснаццаць. Мы з бацькам дапаможам. Я заўсёды буду з табой... – шаптала маці, абдымаючы дачку.
З раніцы яны паехалі да знаёмага ўрача, каб дакладна абследавацца. Лену ўсю дарогу не пакідала роспач, яна не ведала, якое рашэнне прыняць. Жыццё і смерць вялі барацьбу ў яе свядомасці.
–Дваццаць дзён, – жанчына ў гадах, папраўляючы белы халат, разрэзала цішыню. – Я, канешне, магу дапамагчы, калі вы хочаце... Невядома яшчэ, ці захаваецца цяжарнасць; тым больш, што фізіялагічна, – яна пагляздела на дзяўчыну, – табе вельмі цяжка будзе зацяжарыць, а гэта – першая цяжарнасць! Тваё роднае дзіцятка...
Лена плакала моўчкі. Толькі цяпер, пасля слоў гэтай чужой жанчыны-ўрача дзяўчына зразумела, што хоча быць мамай.
Праз пару тыдняў пачалася вучоба. Лена, як толькі прыехала ў Брэст, адразу пайшла ў жаночую кансультацыю станавіцца на ўлік. Пасля некалькіх тыповых пытанняў злавіла спачувальны позірк светлавалосага ўрача, а затым паследавала пытанне: “Чаму аборт не рабіла? Такая маладзенькая... Не замужам”.
–Цяпер у мяне дачушка Аліса. Рацыю мела Ніна-архітэктар, хоць на той момант здавалася, што Света гаворыць маімі вуснамі. – Лена замаўчала. – І засталіся са мною толькі мае бацькі, не выйшла ў нас жыцця з Андрэем.
Маналог скочыўся простай фразай: “Ведаеш, я такая шчаслівая!” Словы могуць падмануць, але вочы не падманваюць: яны ў дзяўчыны свяціліся шчасцем – сапраўдным, безумоўным.


Верыцца, што ў Лены і Алісы будзе ўсё добра: скончыць яна свой пяты курс, уладкуецца на працу – усё, як і прарочыла сяброўка-ўрач, толькі ў іншай паслядоўнасці...
Вось толькі думкі не пакідаюць: што было б, каб у рашаючы момант на шляху гэтай дзяўчыны трапіўся не першы ўрач, а другі? Калі б маці Лены і бацька дзіцяці адразу сказалі б: “Рабі аборт”? Калі б сяброўка-медык актыўна дапамагла знайсці “патрэбных людзей”?
Які б тады Лена зрабіла выбар? І ці была б яна шчаслівая?..


Алена ЛЕГКАКРЫЛАЯ.