Прыхаджане альхоўскай царквы святога Іліі – пра сябе і свой храм

У традыцыйна каталіцкім астравецкім краі толькі тры праваслаўныя храмы, і ўсе яны з так званых навадзелаў. 

Чвэрць стагоддзя таму была асвечана першая ў раёне царква Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Астраўцы. 

Праз 10 гадоў дачакаліся свайго храма праваслаўныя вернікі Альхоўкі і навакольных вёсак: новапабудаваная царква была асвечана ў гонар Святога прарока Іліі. 

А на Ражаство 2011 года першае богаслужэнне адбылося ў варнянскай царкве свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага.

Да царквы Святога прарока Іліі ў Альхоўцы ў мяне адносіны асаблівыя. Не скажу, што часта там бываю, але кожны раз, калі пераступаю парог гэтага амаль што цацачнага храма, не пакідае адчуванне, што трапіла ў іншую рэальнасць: усё тут такое маленечкае і такое прыгожае, нібыта казачнае. Святло і цяпло вылучаюць не толькі абразы, але і драўляныя сцены, якія, здаецца, упітваюць кожнае слова малітвы, кожны парыў душы і затым нябачна і бязгучна рэтрансліруюць іх кожнаму, хто заходзіць сюды з чыстым сэрцам. Напэўна, гэта і ёсць намоленасць. І вызначаецца яна не колькасцю дзён, тыдняў і гадоў, на працягу якіх у храме гучыць малітва, колькі яе шчырасцю і адданасцю Богу.

Напярэдадні Ражаства я сустрэ­­лася з прыхаджанамі аль­хоў­скай царквы Мікалаем Сяргеем, яго жонкай Валян­цінай, яе сястрой Марынай Ульянавай і Таццянай Скаржынскай, якія расказалі пра свой храм, гісторыю яго будаўніцтва і свой асабісты шлях да Бога.

Валянціна Сяргей:

Злева направа: Таццяна Скаржынская, Марына Ульянава, Валянціна і Мікалай Сяргеі

Злева направа: Таццяна Скаржынская, Марына Ульянава, Валянціна і Мікалай Сяргеі

– Кажуць, спачатку было слова… Наша маці, светлай памяці Ніна Яфімаўна Яновіч, і яе каляжанка Нона Васільеўна Севасцьян увесь час марылі, што некалі ў Альхоўцы з’явіцца царква. Мама родам з Магілёўшчыны, на Астравеччыну прыехала працаваць, тут выйшла замуж і засталася на ўсё жыццё. Тата, Іосіф Браніслававіч, быў католікам. Яны вянчаліся ў міхалішкаўскім касцёле і нас, траіх дачок, там хрысцілі. Але мама ніколі не выракалася сваёй веры, і тата гэтаму не працівіўся. 

На вялікія святы мама заўсёды ездзіла ў царкву ў Вільнюс, калі мы з сёстрамі падраслі, і нас час ад часу брала. На каталіцкія Ражаство і Вялікдзень мы хадзілі ў госці да бабулі, татавай маці, а праваслаўныя святы адзначалі дома – проста, па-хатняму. 

Калі ў Астраўцы з’явілася праваслаўная абшчына, а потым прыслалі святара айца Паўла Варановіча, мы сталі ездзіць спачатку ў той невялікі малельны домік, што стаяў на беразе Лошы, а затым у новапабудаваную царкву. І бацюшка да нас у Альхоўку прыязджаў: яйкі і кулічы на Пасху асвячаў, магілкі на Радуніцу, па якой іншай патрэбе. Мама і Нона Васільеўна заўсёды прасілі: пабудуйце ў нас царкву! 

Мы з сёстрамі лічылі сябе пра­васлаў­нымі. У царкву хадзілі, да спо­ведзі, да прычасця. Калі айцец Павел даведаўся, што мы хрышчаныя ў касцёле, сказаў: «Што ж вы мяне ў грэх уводзіце?» І благаславіў перайсці ў праваслаўе. Памятаю, зіма была, царква тады не ацяплялася, у хрысцільні холадна, а нам трэба разуцца, зняць верхняе адзенне, каб бацюшка зрабіў мірапамазанне… Такое своеасаблівае выпрабаванне… Вытрымалі – душэўным цяплом сагрэліся!

Мікалай Сяргей:

На службе айцец Вячаслаў Шасцітка і Мікалай Сяргей

На службе айцец Вячаслаў Шасцітка і Мікалай Сяргей 


– У мяне крыху іншая сітуацыя. Я родам з Вілейскага раёна, бацькі праваслаўныя, і я хрышчаны ў царкве. Праўда, храм знаходзіўся далёка ад нас, ажно за 35 кіламетраў. Але мама вельмі набожная была, хадзіла ў царкву амаль што кожную нядзелю. І нас, дзяцей, хоць раз ці два на год вадзіла да споведзі і да прычасця. У такі дзень падымаліся раным-раненька. Частку шляху, калі пашанцуе, падвязуць, а кіламетраў 15 трэба пехатой ісці. Пакуль дойдзеш – ног не чуеш…

Пасля школы вучыўся чатыры гады, затым яшчэ ў арміі тры служыў. Прыехаў у Альхоўку на кардонную фабрыку галоўным энергетыкам, тут і Валянціну сваю сустрэў.

Калі было вырашана будаваць царкву ў Альхоўцы, нам моцна дапамог Георгій Бойка. Яго бацькі жылі ў Вільнюсе, а каля Альхоўкі ў іх дача, яны часта тут бывалі. Яго маці добра ведала маю цешчу, яны сябравалі. Георгій быў веруючы чалавек, стасаваўся з айцом Паўлам. Ён і стаў асноўным спонсарам будаўніцтва. Шмат дапамог матэрыяльна.

Хоць па меры магчымасці ўсе да­па­магалі. Закладку фундаменту фабрыка спансіравала, Варановіч тады яшчэ быў дырэктарам. Але фундамент гады чатыры стаяў закансерваваны: не было сродкаў працягваць будаўніцтва. Нават удзельнікі духоўна-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў», якая ў 1998 годзе прайшла па тэрыторыі раёна, якія завіталі ў Альхоўку, маліліся не ў храме (яго яшчэ не было), а на падмурку будучай царквы. 

А потым неяк з міру па нітцы… За сродкі Георгія Бойкі лес купілі, ацыліндравалі. Мецэнат з Мінска прафінансаваў дах. Людзі дапамагалі – і праваслаўныя, і католікі не адмаўлялі, калі прасілі. Многае на бу­даў­ніцтве храма зрабілі Валерый Ожэг, Віктар Кардзіс, Алег Баркоўскі.

У 2009 годзе ўладыка Гурый асвяціў нашу царкву ў гонар Святога прарока Іліі. Айцец Павел ужо быў моцна хворы, але яшчэ правёў у храме першую літургію. Ахрысціў дзіцятка і нашу сённяшнюю актыўную прыхаджанку Наталлю Мароз: мы ёй прапанавалі спяваць у хоры, а яна кажа: «Дык я ж не хрышчаная!»
Выправілі.

2009 год, Альхоўка. Асвячэнне царквы ў гонар Святога прарока Іліі.

2009 год, Альхоўка. Асвячэнне царквы ў гонар Святога прарока Іліі.

Марына Ульянава:

– Дзякаваць Богу, і мама дачакалася ажыц­цяўлення сваёй мары. Праўда, да царквы ўжо дайсці не магла, на асвячэнне яе прынеслі… І потым, калі ў нас з’явіўся свой святар Вячаслаў Шасцітка, ён амаль кожную нядзелю прыходзіў спавядаць яе і прычашчаць. І адпявалі яе ў нашым храме…

Пакуль не было царквы ў Альхоўцы, айцец Павел Варановіч асвячаў кулічы прама на вуліцы

Пакуль не было царквы ў Альхоўцы, айцец Павел Варановіч асвячаў кулічы прама на вуліцы

Валянціна Сяргей:

– Айцец Вячаслаў пакінуў незабыўны след у нашым храме і нашых душах. Ён быў у альхоўскай царкве першым святаром, а мы ў яго духоўнай практыцы – першым прыходам. Мы вельмі яго любілі. Малады, а такі мудры і добры. Ён нас усяму навучыў, мы ж нічога не ведалі толкам. Хор у нас стварыў. І ўяўляеце, мы, звычайны хор невялічкай сельскай царквы, перамагалі на абласных конкурсах духоўных песнапенняў!

Айцец Вячаслаў пакінуў незабыўны след у альхоўскім храме і душах прыхаджан 

Мы і сёння памятаем свайго першага святара і падтрымліваем з ім стасункі. Часам ён да нас прыязджае на святы – гэта заўсёды вялікая радасць.

Марына Ульянава: 

– У хоры спяваем я, мая сястра Таццяна Гваздова, Таццяна Скаржынская, Наталля Мароз. А рэгентам у нас Таццяна Ярмак. У Таццяны Уладзіміраўны музычная адукацыя, кіраўнік яна прафесійны. І мы ўсе адносіліся з душой да храма і да сваіх песнапенняў. Таму, напэўна, і атрымлівалася.

Айцец Вячаслаў параіў мне паступаць у Сло­німскае духоўнае вучылішча. Я пага­дзі­лася – спадзявалася, што там навучаць духоўным песнапенням. Але рэгентаў і іка­напісцаў вучаць на стацыянары, а на завоч­ным – толькі катэхізатараў. Паступаць у 47 гадоў на стацыянар неяк не выпадала. (Усміхаецца). Чатыры гады вучылася я ў вучылішчы і атрымала спецыяльнасць катэ­хізатара. Цяпер вельмі задаволена: усё, што адбываецца ў царкве, разумею, усё стала на свае месцы. Так што і за гэта дзякуй айцу Вячаславу.

Мікалай Сяргей:

– Пасля айца Вячаслава Шасціткі святары ў нас мяняліся часта: Ігар Пятроўскі, Леанід Чарняеў, Мікалай Уцякалка… Цяпер вось зноў засталіся без духоўніка, перайшлі пад апеку благачыннага Астравецкага благачыння айца Георгія Савіцкага. Дзякуй Таццяне Скаржынскай, якая нас на службу ў Астравец у нядзелю прывозіць. А па суботах бацюшка да нас прыязджае.

Таццяна Скаржынская: 

– У славу Божую!

Я таксама да храма няпростым шляхам ішла. Хоць бацькі мае праваслаўныя, але я была не хрышчаная. Калі замуж выходзіла, пахрысцілася ў касцёле – муж быў като­лікам. І вянчаліся мы ў касцёле, і сына хрысцілі там. А потым жыццё так склалася, што вярнулася я да веры сваіх бацькоў. Дзякуй майму татку, а найперш, вядома ж, Айцу Нябеснаму. Перайшла ў праваслаўе, і сын таксама вярнуўся ў царкву. Цяпер ха­джу ў храм, спяваю ў хоры. Тут мая душа!

Цяпер прыхаджан у альхоўскай царкве нямнога: вёска старэе, старажылы адыходзяць у іншы свет, моладзь у храмы не вельмі імкнецца… 

Але для тых, хто ёсць, храм – як родны дом, і яшчэ пытанне, які першы: той, у каторым яны жывуць, ці куды прыходзяць пагаварыць з Богам.


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, Ольга Хотянович и из архива героев