Программа праздничных мероприятий, посвященных Дню Победы
9 мая у Астраўцы адбудуцца святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі.Пачнуцца яны раніцай, у 9 гадзін, са святочнай радыётрансляцыі.
У 10 гадзін пачнецца святочнае шэсце ветэранаў, кіраўнікоў раённай улады, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, моладзі ад цэнтральнай плошчы горада да помніка воінам-вызваліцелям, дзе затым адбудзецца ўрачысты мітынг, прысвечаны Дню Перамогі.
Свята прадоўжыцца ў лесапаркавай зоне Астраўца. У яго праграме – святочны канцэрт “Звініць Перамогай квітнеючы май”, які адбудзецца ў амфітэатры. На стадыёне будуць праходзіць спартыўныя спаборніцтвы па футболу, пляжнаму валейболу, стральбе з пнеўматычнай зброі, дартсе, падняццю гіры, шашках і шахматах. У фае Дома культуры ў гэты час будзе працаваць выставачная экспазіцыя “Астраўчане – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”.
У 15 гадзін у лесапаркавай зоне адбудзецца спартыўна-тактычная гульня “Лазертаг”, а ў 18 гадзін у фае танцавальнай залы “Галактыка” пройдзе чарговы этап гульні “World of Tanks”.
У 17 гадзін на пляцоўцы перад фантанам адбудзецца канцэрт калектываў мастацкай творчасці. Аматараў мастацкага слова запрашае чытальная зала пад адкрытым небам “Пісьмы Перамогі”.
Вечарам, у 21.30, у летнім амфітэатры будзе паказаны мастацкі фільм.
А завершыцца дзень танцавальнай праграмай “Майскімі кароткімі начамі”, якая распачнецца ў танцавальнай зале “Галактыка” ў 22 гадзіны.
На працягу ўсяго дня ў лесапаркавай зоне будуць працаваць гандлёвыя рады.
Запрашаем усіх на свята!
