Пробашч Андрэй Горбач для парафіян: душпастыр, гаспадар, сябар
Быў прыкладам
Расказвае Уладзімір Барысевіч:
– Андрэй Горбач у нашай парафіі праслужыў 13 гадоў – у 2011-м сюды прызначаны. Па сутнасці, гэта яе першы пробашч. Храм дзейнічаў і да таго часу, але пастаяннага святара тут не было, ды і парафія наша не была адасоблена.
З прыходам Андрэя адразу адчулася: з’явіўся гаспадар. Першае, з чаго ён пачаў, – навёў парадак у храме: патынкаваў сцены, пафарбаваў падлогу. А пасля распачалося ў нас будаўніцтва плябаніі, якую ўзвялі ўсяго за 2 гады, – людзі дапамагалі ахвотна. Святар заўсёды прыслухоўваўся да парафіян, раіўся – іх меркаванне было важным. А тады абдумваў дэталёва, прытрымліваўся правіла наспех не прымаць рашэнняў – лічыў, Бог павінен блаславіць на правільную думку.
Ва ўсіх касцёльных справах наш пробашч быў не толькі арганізатарам, але і першым іх выканаўцам. Як за такім прыкладам не пайсці! Усё, што мог зрабіць сам, рабіў. Калі парафіяльны дом будавалі, ён працаваў і за брыгадзіра, і за стропальшчыка, і за рабочага – асноўная нагрузка была на ім. Качагарку касцёльную пабудаваў. Вароты ў храм, каваная жырандоля, ліхтар, сонечны гадзіннік на тэрыторыі касцёла, нават посуд для богаслужэння – яго таленавітых рук работа. Алтар рабілі па эскізе нашага святара і пад яго кіраўніцтвам.
Пробашч ведаў усіх парафіян, помніў, каго пахрысціў, каму даваў шлюб, прычым не толькі сваю паству, але і людзей з іншых парафій, якія прыходзілі на яго набажэнствы. Да слова, пра колькасць прыхаджан у храме – наконт таго, мала народу прыйшло ці многа – меў такі погляд: гэта як з тайнай вячэраю: каго Бог запрасіў, паблаславіў, той і прыйдзе. І так яно было. Напрыклад, ніколі не прызначалі ў нашай парафіі вуліцы, якія адказваюць за ўборку: аб’яўлялі – і людзі прыходзілі.
Андрэй Горбач быў сапраўдным павадыром, умеў запаліць у сэрцах парафіян агонь да супольных спраў – грэў, як полымя, колькі мог…
Туліў да сябе людзей
Расказвае Дзяніс Кісель:
– Мы пазнаёміліся, калі Андрэй шукаў запчастку. У магазіне такой было не купіць, і ён пацікавіўся, дзе можна знайсці. Я сказаў, што маю такую і прывязу. Назаўтра аставіў ля хаты святара тое, што паабяцаў. Неўзабаве Андрэй прыехаў да мяне на работу падзякаваць.
Падчас адной з сустрэч зачапілі ў размове тэму тэхнікі – аказалася, што ў нас агульная цікавасць. Я паказаў сваю машыну, расказаў пра захапленне гонкамі па бездарожжы і запрасіў пракаціцца. Гэта было пасля спаборніцтваў, «кропкі» яшчэ пазначаны. Мы «прайшлі» па вадзе, балоце, праз перашкоды – вочы майго пасажыра гарэлі. «Аляксандравіч, адрэналін проста вёдрамі качае!» – захоплена заўважаў ён пасля джыперскіх прагулак.
Напачатку нашых стасункаў стараўся трымаць дыстанцыю: усё ж Андрэй – святар, а я прыхаджанін. Але ксёндз яе разарваў на шчаўчок, даючы зразумець, што такі ж чалавек, як і я. Ён стаў не проста сябрам, а членам нашай сям’і. Ведаем: Андрэй любіць радыску. Толькі з’явіліся першыя караняплоды – маці ўжо пакуе для яго.




Аблятаў думкамі свет
Расказвае Генадзь Календа:
– Пробашч заўсёды адчуваў патрэбу парафіян у канкрэтны момант. Так было і з нашым маладзёжным хорам: калі мы толькі вучыліся ўдзельнічаць у літургіі, развучвалі песні, заўсёды падтрымліваў, падказваў. Да слова, ён таксама валодаў музычным інструментам – іграў на «Ямасе». А што тычыцца апаратуры для хора: частку сваёй тэхнікі нам даў ксёндз Андрэй, частку купілі на ахвяраванні.
Вядома ж, падбадзёрвала яго пахвала. А вось сам пробашч пахвалы не любіў, лічыў, што не робіць нічога звышнатуральнага.
Яго адкрытасць, спагадлівасць, падтрымка, пазітыў і пачуццё гумару мелі магнетычную сілу. Не раз заўважаў: хутка пачнецца літургія, а людзі, зайшоўшы ў касцёл, накіроўваюцца ў захрыстую – проста павітацца.
Для парафіян святар быў не толькі духоўным настаўнікам, а сябрам. Таму і на просьбы яго народ адгукаўся. Ён не казаў шмат, дастаткова было адной аб’явы – і ўсе збіраліся на супольную справу. З апошняга: прывезлі нямала драўніны, якую трэба было папілаваць, пасекчы на дровы і скласці – прыйшло столькі памагатых, што не асабліва хапала месца, дзе развярнуцца.
У Бібліі сказана «Заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся і за ўсё дзякуйце, бо такая воля Божая» – так жыў ксёндз Андрэй. І парафіянам казаў, што заўсёды памятае нас у сваіх малітвах. Ён гаварыў: «Саджуся вечарам – і магу ўвесь свет абляцець думкамі, прыгадваючы тых, з кім на жыццёвых пуцявінах зводзіў Бог».

Запалі ў душу яго словы (хто ж мог падумаць тады, што ён адпраўляе апошнюю імшу!) пра тое, што дзень Усіх Святых – гэта не смутак, а радасць, урачыстасць, баль для святых… Думаю, што наш пробашч трапіў на той баль.
Вучыў цаніць незаўважнаеРасказвае Віялета Раткевіч:
– Навука, якую прамаўляў падчас імшы святар, ішла ад пераасэнсавання пачутага на споведзі – ксёндз пра гэта не гаварыў. Але той, да сэрца каго ў першую чаргу хацеў дастукацца, разумеў – я і на сабе не раз адчувала. Андрэй тактоўна, не асуджаючы ўчынкаў, даваў параду, дзяліўся развагамі, як можна зрабіць
у тым ці іншым выпадку і чаму.
Неяк стаяла перад вельмі складаным выбарам. Па сутнасці, я для сябе вызначыла перавагу, але патрэбна была парада майго святара. Расказала яму пра ваганні, пра боязі, а ў адказ пачула: «Ты ўсё зробіш правільна». Ён зразумеў мой выбар і адобрыў яго. Ксёндз Андрэй, апроч таго, што добра ведаў сваіх парафіян, быў тонкім псіхолагам.
Пробашч быў для мяне настаўнікам, ён стаяў на адной прыступцы з бацькамі.