Пра Вялікдзень расказалі дзеці варнянскай парафіі

IMG_4119.jpg

У гэтую нядзелю Вялікдзень будзе чырванець яйкамі, пахнуць булкамі, а ваколіца напоўніцца шчырым прывітаннем «Хрыстос уваскрос!» і не менш радасным адказам «Сапраўды ўваскрос!». У дарослых з гадамі адчуванне свята заціраецца, чаго не скажаш пра дзяцей. З хлопчыкамі і дзяўчынкамі з варнянскай парафіі Святога Юрыя пагутарылі пра Вялікдзень і падрыхтоўку да яго, сямейныя традыцыі і іншае. 

– ДАВАЙЦЕ ПАЗНАЁМІМСЯ. РАСКАЖЫЦЕ, ЯК ДАЎНО ВЫ ХОДЗІЦЕ Ў КАСЦЁЛ. 
– Даша Клышко. Жыву ў Варнянах з мамай, татам, брацікамі і дзядулем.
– А я Алёна Радзевіч з Больнікаў. У касцёл хаджу каля чатырох гадоў. Ад нашай парафіі нават у Гродна пабывала на дыяцэзіяльных спаборніцтвах.
– Мяне завуць Саша Лукашэвіч. Хадзіць на імшы і заняткі па рэлігіі пачала, бо бацькі запісалі. Усё падабаецца, толькі ў касцёле холадна.
– Вольга Адула. З блізкімі стараемся не прапусціць ніводнай нядзельнай беларускай імшы. Брат Дзяніска ў касцёле з маленства, як і я. 
– Я Максім Лісоўскі. Мне 10 гадоў, у касцёл хаджу з 9-ці.

– ШТО ЗА СВЯТА ВЯЛІКДЗЕНЬ?
Даша (упэўнена):
– У гэты дзень Пан Езус уваскрос на нябёсах.
Оля (удакладняючы): 
– На трэці дзень пасля таго, як памёр на крыжы.
Алёна:
– Гэта свята, калі Езус з мёртвых паўстаў. І яно адзначаецца кожны год. Ксёндз у касцёле казаў, што трэба рыхтавацца.
Максім: 
– Хадзіць у Дарогу Крыжовую, у нядзелю быць на імшы і абавязкова паспавядацца. А яшчэ – пафарбаваць яйкі!

– А ХТО МНЕ ПАДКАЖА, ЯКІ СЁННЯ ДЗЕНЬ? 
Разам (гучна і радасна): 
– Вербная нядзеля!

– У КОЖНАГА З ВАС ТАКІЯ ПРЫГОЖЫЯ ВЕРБЫ. ХТО ІХ РАБІЎ?
Максім:
– Галінкі вярбы ўпрыгожвала мама. Я толькі назіраў. Так акуратна і спрытна, як у яе, у мяне дакладна не атрымалася б. 
Даша:
– У суботу ўсе разам рыхтуем вербачку. У нядзелю ідзём у касцёл і асвячаем яе. 
Алёна:
– У мамы асобныя галінкі, у таты таксама. Наогул я сёння ажно пяць вербачак пасвенціла. Чаму так шмат? Суседзі папрасілі – а людзям дапамагаць трэба. 
Оля: 
– Галінкі прынёс тата, а мы іх разам аздаблялі. У мяне вербачка з жоўтымі кветкамі, у Дзяніса – з фіялетавымі. Гэты колер падчас Вялікага посту сімвалізуе смутак і жальбу.
Саша:
– Вербачку ўпрыгожвалі сёння за некалькі гадзін да імшы. Нават не адну, а дзве – другая для бабулі. Прызнацца, я не моцна дапамагала, таму што не ведала, як і што рабіць. Праўда, падтрымлівала пруцікі, калі прасіла мама. На маіх галінках ёсць каласкі, стужка і павінна была быць птушачка, але яна адклеілася. 
Даша: 
– Відаць, паляцела некуды! 

– А ШТО ДОМА БУДЗЕЦЕ РАБІЦЬ З ВЕРБАМІ?
Максім: 
– Біць! Таго, хто не хадзіў у касцёл. 
Даша:
– Здаецца, трэба біць. (На імгненне задумваецца.) Праўда, нямоцна. Не памятаю, як мама гэта рабіла ў мінулым годзе.
Алёна:
– Верба б’е, не я б’ю… Там яшчэ працяг ёсць, але я забылася словы. 

– А ЯК У ВАШЫХ СЕМ’ЯХ РЫХТУЮЦЦА ДА ВЯЛІКАДНЯ?
Даша:
– Увесь пост мы ходзім у касцёл. Усёй сям’ёй стараемся паспавядацца, каб на Вялікдзень прыняць камунію. У суботу мама збірае кошычак, у якім ляжаць яйкі, куліч, мяса і соль. Яшчэ кладзе туды цацачнага баранчыка. 
Алёна:
– Я таксама стараюся хадзіць у касцёл. Мне падабаюцца Крыжовыя Дарогі. Велікодны кошык у касцёл мы не нясём, святар сам прыязджае да нас у Бабраўнікі, каб асвяціць яйкі, соль і іншыя прысмакі. 
Оля:
– А ў нас яшчэ абавязкова кладуць хрэн.
Максім:
– «Свянцонку» рыхтуе мама, а я акуратна складваю яйкі, хлеб, соль, каўбаскі ў кошык. 
Саша: 
– Мая мама яшчэ абавязкова дадае ваду.

– ПЕРАД СВЯТАМ ЗВЫЧАЙНА ФАРБУЮЦЬ ЯЙКІ? ЦІ РОБЯЦЬ ГЭТА Ў ВАС І ЯКІ КОЛЕР ВАМ ДАСПАДОБЫ?
Максім:
– Мама робіць іх розна­каляровымі, але найбольш – цёмна-бардовымі. 
Алёна:
– У нас таксама такія!
Даша:
– Яйка завязваем у марлю і капаем на яе зялёнкай, але вельмі акуратна, каб яна не пакрыла ўсё скарлупінне. Адварваем у кіпячай вадзе з дабаў­леннем шалупіння цыбулі. Вы б бачы­лі, якія яны прыгожыя атрым­ліваюцца! Нібыта з космасу!
Саша:
– Зрэдзьчасу прымацоўваем на­леп­кі. Мы яйкі звычайна фарбуем у гасцях. Не ведаю, чаму так. 

– ЦІ ХОДЗІЦЕ ВЫ Ў ЖАКІ?
Даша (з абурэннем):
– Канешне! Кожны год. Не разу­мею, як можна не пайсці?! 

– ДАША, А ТЫ ЎСЕ ВАРНЯНЫ АБЫХОДЗІШ ЦІ ТОЛЬКІ СВАЮ ВУЛІЦУ?
– Сваю, але захопліваю і перавулкі, часам зазіраю на Камсамольскую і 8 Сакавіка. Летась хадзіла з аднакласніцай Вікай, а ў гэтым го­дзе пайду з Дамінікай. Людзям кажу «пахвалёнку» і жадаю дабрыні, шчасця, сонейка! Узамен нам даюць яйкі, цукеркі. А ў Падольцах, дзе жыве мая цёця, нам давалі кексы. 
Саша:
– На свята нас збіраецца так шмат, што і ў жакі ісці не трэба. Яйкамі абменьваемся з блізкімі. Але да нас дзеці заходзяць і заўсёды кажуць «Пахвалёны Езус Хрыстос!». Мама абавязкова чым-небудзь іх частуе.
Максім:
– Я ніводнага разу не хадзіў. А да нас прыходзілі. 
Оля:
– За ўсё жыццё, можа, разы два хадзіла ў жакі: аднойчы з сяброўкамі, у другі раз – з сёстрамі. 
Алёна:
– Калі была маленькая, то хадзіла з кошычкам у руках па нашай вёсцы. Нават вершык расказвала. Цяпер гэтага не раблю – дарослая. 

– А ДЗЕ І З КІМ ВЫ СУСТРАКАЕЦЕ СВЯТА?
Саша:
– Мы з мамай, татам і старэйшай сястрой ідзём да цёці Наташы, яна з сям’ёй жыве непадалёк ад нас. Колькі людзей збіраецца? Шмат! Нават лічыць не буду, бо саб’юся. 
Даша: 
– Для мяне гэта сямейнае свята. Пасля таго, як з’ядзім «свянцонку» і падсілкуемся, можам паехаць у госці да мамінай лепшай сяброўкі ў Лошу. 
Вольга:
– На Вялік­дзень абавязкова стараемся ад­ведаць блізкіх. Пасля касцёла заязджаем да варнянскай бабулі, а потым едзем да бабулі і дзядулі ў Ша­дзюны. Туды прыязджаюць маміны сёстры з сем’ямі. 
Максім:
– Святкаваць Вялікдзень да нас прыязджае бабуля з Быстрыцы. За сталом нас шэсць-сем чалавек. 

– ШТО Б ВЫ СКАЗАЛІ, ПАПРАСІЛІ ЦІ ПАЖАДАЛІ ЎВАСКРЭСЛАМУ ЕЗУСУ?
Даша:
– Хоць мы не бачым Сына Божага, алё Ён ёсць – я гэта ведаю. Папрасіла б здароўя для сваіх бліз­кіх, сябровак і аднакласнікаў; каб у нашай сям’і было толькі шчасце. 

–  А ГЭТА ЯК?
Даша: 
– Каб брат і сястра не сварыліся. І каб у мяне было больш цярпення – таксама магу на іх накрычаць. 
Саша:
– Я папрасіла б здароўя і шчасця для блізкіх і гэтага ж пажадала б Езусу.
Алёна:
– Каб людзі сталі дабрэйшымі, ха­дзілі ў касцёл і верылі ў Бога. Каб у свеце, у краіне, у кожнай вёсачцы і сям’і былі мір. 
Оля:
– У Езуса я папрасіла б прабачэння за нашы дрэнныя думкі і ўчынкі, грахі, словы. 
Максім: 
– Дзяўчынкі да мяне ўжо ўсё сказа­лі. А для сябе нічога не прасіў бы – у мяне ўсё ёсць. Хрыстос уваскрос!
Разам (радасна):
– Сапраўды ўваскрос! 

Текст:
Фото: Алена Ганулич