Пра ветэрана вайны Альфонса Сямашку расказвае яго нявестка
Пра Альфонса Іванавіча Сямашку – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з хутара Патока карэспандэнту «раёнкі» расказала яго нявестка Валянціна Аляксандраўна.
Альфонс Сямашка нарадзіўся 23 верасня 1918 года. Амаль усё жыццё пражыў на хутары Патока, цяпер ужо Рытанскага сельсавета. Меў адзінага сына Івана. Памёр 24 кастрычніка 1985-га.
– Татусь вельмі не любіў вайну ўспамінаць, таму шмат вам не раскажу, – адразу папярэдзіла жанчына. – Пра тое, як і дзе ваяваў мы чулі ад яго ўрыўкамі, калі, бачна, нешта нахлыне, што не можа сцярпець, – і тады гаварыў-гаварыў, а з вачэй крыніцай білі слёзы. Дакладную дату, калі пайшоў на вайну, не ведаю, але гэта быў пачатак. Яго з іншымі вайскоўцамі павезлі пад Сталінград, але да горада не даехалі – пад Варонежам цягнік падарвалі. Тады Іванавіч атрымаў першае раненне – асколкі шчодра ўпіліся ў ногі. Пасля шпіталю яго накіравалі ў Бутурлінаўку. Дарэчы, я родам з Расіі і гэты горад знаходзіцца за 100 кіламетраў ад майго роднага Калача – татусь пасля яшчэ жартаваў, што на вайне загадзя нявестку сабе шукаў. (Усміхаецца.) Пад Бутурлінаўкай іх, параненых ды адсталых ад сваіх, сабралі і па чыгунцы пад Арол накіравалі. Там ужо свёкар трапіў у атрад, які ішоў на Смаленск. Яны былі, як ён казаў, пяхотнай разведкай – ішлі першымі, правяраючы, ці ўсё спакойна на шляху. Бліжэй да Смаленска татусь атрымаў другое раненне – на гэты раз кавалкі міны трапілі ў грудзі. Тры добрыя рубцы на целе ад дзірак засталіся, а чацвёрты асколак добра паласнуў па скуры, пакінуўшы аб сабе след. Пасля Смаленска іх атрад каля трох месяцаў ваяваў на тэрыторыі Польшчы. Дарэчы, менавіта там Альфонс Іванавіч атрымаў першую ўзнагароду – крыж, на якім напісана «NA POLU CHWALY» («На полі хвалы», вядомы як Крыж Адважных). Ён казаў, што такіх узнагарод было ўсяго 22 – яму ўручылі пад нумарам 4.
– Наступным горадам, куды адправіўся атрад, стаў Кёнігсберг (сучасны Калінінград), – гаворыць Валянціна Аляксандраўна. – Крыху не дайшоўшы да горада, татусь атрымаў трэцяе, апошняе, раненне – на гэты раз кавалкам снарада адарвала да паловы прадплечча правую руку, некалькі асколкаў трапілі ў шыю і паясніцу. Каля паўгода ён праляжаў у шпіталі, а затым камісавалі. Гэта была восень 44-га, бо казаў: «Іду дадому, а жанчыны лён падымаюць». Вярнуўся Альфонс у родную Патоку, а маладая жонка як убачыла яго без рукі – прытомнасць страціла. Татусь меў ордэны Вялікай Айчыннай вайны ўсіх трох ступеней і некалькі медалёў.
Свёкар Валянціны Аляксандраўны пра вайну амаль не ўспамінаў. Хіба толькі некалькі скупых сказаў аб тым, як цягнулі параненых таварышаў з поля бою, як траплялі ў засады і затым хавалі сяброў, як аднойчы зайшлі пераначаваць у закінуты палац, а сталяванне раптам пачало апускацца – і цудам засталіся жывымі, як з 24 чалавек у атрадзе засталося 8… Альфонс Іванавіч нічога не расказваў пра пекла на зямлі, аднак калі па тэлевізары паказвалі ваенную хроніку – доўга плакаў наўзрыд, бы няўцешнае немаўля.
– Татусь быў вельмі добрым, спагадлівым і справядлівым, вайна не змагла зрабіць яго жорсткім і чэрствым, – дзеліцца нявестка. – Мяне, хоць і прыехала здалёк, адразу прыняў, адносіўся як да роднай – і для мяне ён быў як бацька. Пасля вайны каля паўгода працаваў брыгадзірам у калгасе, пасля доўгі час быў лесніком. Навучыўся левай рукой запрагаць каня, хадзіць за плугам, спраўляцца з віламі і рыдлёўкай. Я таксама ніякай працы не баялася – дапамагала, чым магла. Але на яго прыкладзе ўпэўнілася, што безвыходных сітуацый не бывае. І людзі свёкра паважалі: ого, Іванавіч! Ён жа, калі каму патрэбна дапамога, усіх знаёмых на ногі падыме і зробіць усё магчымае і немагчымае – такі быў чалавек.
Валянціна Аляксандраўна з настальгіяй успамінае, як раней адзначалі 9 Мая ў Рытані. Да кожнага з мясцовых ветэранаў накіроўваўся ганаровы эскорт: 15 матацыклістаў, кожны з якіх трымаў сцяг адной з рэспублік Савецкага Саюза, суправаджаў аўтобус, які падвозіў удзельнікаў вайны на ўрачыстасць.
– Гэта было настолькі прыгожа і кранальна, што людзі не маглі стрымаць слёз, – прызнаецца жанчына. – Сёння на Астравеччыне не засталося жывых ветэранаў з мясцовых, але ёсць іх магілы, куды можна прыехаць пакланіцца. Акрамя свёкра з маіх родных 16 чалавек ваявалі – і толькі трое вярнуліся дадому. Вайна – самае страшнае, што можа здарыцца. Альфонс Іванавіч неаднойчы паўтараў словы, якія і я цяпер кажу дзецям і ўнукам: жывіце дружна, беражыце адзін аднаго, а галоўнае – мір і спакой на зямлі.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.