Пра велікодныя традыцыі расказваюць католікі Астравеччыны

IMG_1713.jpg

Пра сямейныя і народныя велікодныя традыцыі карэспандэнту «АП» расказалі жыхары раёна.

Дарогай Крыжовай цяпер «хаджу» дома
Юлія Буйко, г. Астравец:

6452.jpg

– Важны момант духоўнай падрыхтоўкі да свята, усведамлення мук Пана Езуса, Яго ахвярнасці дзеля роду чалавечага – гэта праходжанне так званай Дарогі Крыжовай. Шмат людзей збіралася на яе – 14 стацый, якія адлюстроўваюць шлях Збаўцы на Галгофу, і 14 асобных малітваў, па адной ля кожнай стацыі.
Колькі доўжыцца Вялікі Пост, столькі кожны тыдзень па пятніцах вернікі збіраюцца ў храме дзесьці за гадзіну да пачатку імшы, каб прайсці дарогай мук Хрыста.
Я, пакуль магла, таксама хадзіла. Цяпер з-за слабага здароўя ў касцёле бываю не так часта, як хацелася б, таму для сябе афяравалася ў посце Дарогу Крыжовую штодня «праходзіць» – малюся дома.
У дзяцінстве, канешне ж, гэта не так успрымалася, як у сталасці, – тады проста рабілі, бо так трэба, усведамленне прыйшло з узростам. Родам я з Валэйкунаў. Да касцёла хадзіць даводзілася за 6 кіламетраў – у Міхалішкі. Далекавата. На вялікія святы ды на катэхізмы, на якіх рыхтавалі да першай споведзі, хадзілі (гэта былі 40-50-я), а на Дарогу Крыжовую бацькі малых не бралі – дома мама, дай ёй Бог неба, прывучала маліцца.
Абавязкова перад Вербнай нядзеляй стараліся схадзіць да споведзі, у крайнім выпадку – перад Вялікаднём, каб славіць Збаўцу з чыстай душой. І ў маёй сям’і гэта правіла захавалася. Так, як некалі бацькі, фарбую шалупіннем цыбулі на чырвона яйкі, чакаю жачкоў, каб іх пачаставаць… А вось асвячаць ежу іду ў храм у суботу, каб да нядзелі ўжо ўсё было спарадкавана. У маім дзяцінстве вяскоўцы неслі «свянцонку» з касцёла менавіта раніцай Вялікадня.
Раней сям’я збіралася на свята ў мяне, цяпер адзначаем у маёй дачкі – прыязджаюць і ўнучкі, і праўнучкі. Трэба, каб у такі дзень, родныя былі разам. (Усміхаецца.)  

Перад Вялікаднём дзецям спраўлялі абноўкі
Леакадзія Садоўская, в. Кулішкі (без фота):
– Запыталіся пра Вялікдзень, і адразу перад вачыма паўсталі Караняты – мая радзіма.
Як мы дзецьмі чакалі гэтага свята! Бацькі загадзя ездзілі ў Вільнюс, куплялі для нас падарункі і абавязкова заказвалі ў суседскай швачкі мне, сёстрам і брату абноўкі – апошнія грошы аддадуць, але ўборы нам справяць.
Храма ў вёсцы не было, таму пасвенціць ежу альбо тата, альбо маці (у каго вальнейшы час быў), выпраўляліся на ровары ў Кямелішкі, а як прывязуць «свянцонку», сядалі за стол. І пасля сняданку выпраўляліся з кошычкамі на вуліцу – там ужо падчэквалі сябры, каб ісці ў жакі.
Калісьці дзяцей у Каранятах было больш за сотню… Тады па яйка хадзілі ўсе! Мы збіраліся гуртамі па 5-10 чалавек – і ад адной хаты да другой шпацыравалі, «пахвалёнку» гаспадарам гаварылі – тыя нас частавалі… Абышоўшы ўсю вёску, лічылі, у каго больш яек, – тады толькі іх і давалі! Маці да Вялікадня па 2 вялікіх саганы яек фарбавала, каб хапіла ўсім раздаць. (Смяецца.) Цяпер для жакаў яшчэ і цукерак прыкупіш.
На жаль, гэтая традыцыя сёння не такая сярод дзяцей папулярная, як даўней, – я заўсёды рада, калі зойдуць.

Гулялі пасля жакаў у «горкі»
Вацлаў Талуць, в. Альхоўка:

IMG_1749.jpg

– Мая маці яйкі фарбавала ў суботу перад Вялікаднём. Рабіла гэта выключна ў шалупінні. Мы з жонкай таксама гэтым рэцэптам карыстаемся. Спачатку трэба зварыць шалупінне цыбулі і даць яму настаяцца, каб вада стала добра насычанай. Потым пакласці туды адвараныя яйкі, патрымаць, да набыцця імі жаданага колеру, а выняўшы, абсушыць і нацерці сланечнікавым алеем – блішчаць будуць выдатна!
Я родам з Баравых, хоць там і было ўсяго 13 хат, а дзяцей чалавек пад 40, таму нарыхтоўвалі «фарбаванак» шмат, каб кожнаму хапіла. Хадзілі ў жакі ўсе малыя без выключэння. (Усміхаецца.) Абойдзем усе хаты, а тады ў «горкі» гуляем. Для гэтага выбіралі сушэйшае месца, ставілі пад вуглом нахіленую кардонінку альбо з дошак «горку» майстравалі, а тады па чарзе спускалі па ёй яйка – да чыйго яно дакранулася, той сабе і забіраў «улоў». І абавязковая ўмова была: «горку», калі па ёй кацілася яйка, мацаць ці нахіляць нельга, каб усё па-чэснаму. (Смяецца.) А вось дзеці мае ўжо ў такія гульні не забаўляліся – у іх іншыя былі.

Глыбіню каштоўнасцей разумееш з узростам
Тарэса Леўдаровіч, в. Альхоўка:

84654.jpg

– Падрыхтоўка да Вялікадня для мяне пачынаецца з посту – так было заведзена бацькамі, працягваю гэту традыцыю і я: асаблівая малітва, пастанова на гэты перыяд, у сераду і пятніцу – выключна посныя стравы, наведванне касцёла.
Дзе б ні была, якія б справы ні наваліліся  – падрыхтаваць душу, думкі да вялікага свята для мяне было абавязковым.
Паколькі ў маёй вёсцы касцёла няма, хаджу на імшы ў міхалішкаўскі. Не прапускаю Крыжовы Шлях. І падчас Трыдыуму абавязкова ў храме – там асаблівая энергетыка.
У чысты чацвер раблю генеральную ўборку дома, нехта тое робіць загадзя, я, па традыцыі, менавіта ў гэты дзень. 
Да веры, да Бога, напэўна, мяне прывяла не маці, хоць была набожнай жанчынай, а бабуля Марыя. Яна, можна сказаць, прывучыла, дзякуючы ёй, ведаю шмат песень, малітваў. Але ў маладосці не было такога глыбокага ўсведамлення сэнсу свята, як цяпер, дзеянні і думкі больш скіроўваліся на тое, што так заведзена, так трэба. З узростам пачынаеш пераасэнсоўваць каштоўнасці.

Сапраўднае яйка – чырвонае
Алена Шчаглова, в. Кулішкі (без фота):
– У пятніцу напярэдадні Вялікадня прыбіраем у хаце, гатуем стравы да святочнага стала, фарбуем у шалупінні цыбулі яйкі – яны атрымліваюцца чырвонымі, самымі сапраўднымі, якія нашы бабулі-прабабулі рабілі. Асобна складаю ежу на «свянцонку» – раней насілі яе ў касцёл, а цяпер ксёндз сам прыязджае ў Кулішкі. Каля крыжа ў вызначаны час збіраюцца вяскоўцы і асвячаюць там стравы. Як некалі і мая маці, кладу на «свянцонку» яйка, хлеб, соль, ваду, колца каўбасы, праўда, ужо не хатняга гатунку, адваранае мяса, хрэн. А яшчэ асобна трымаю велікодныя яйкі – жачкі пачынаюць хадзіць з самага ранку. (Смяецца.) Раней кулішкаўскія дзеці па прысмакі не хадзілі – не было такой моды.  
Святкуем сям‘ёй.
Да слова, пра пост. Гэта сёння ладзяць святы, робяць дыскатэкі, раней былі іншыя погляды: да, прыкладу, танцаў у час посту ў вёсках не было – і пра тое, што можа быць па-іншаму, ні думак не ўзнікала, ні размовы не вялося, ды і бацькі не дазволілі б такога. Хаця, што там гаварыць, моладзі часам хацелася павесяліцца.

Валыншчыкамі выбіралі толькі мужчын
Іван і Анастасія Каванскія, в. Вялікае Сяло:

545.jpg

– Абавязковым было, і цяпер у нашай сям’і так, схадзіць да споведзі. Хоць велікоднай яна лічыцца да Зялёных свёнтак, але стараліся зрабіць гэта да Вялікадня, каб з чыс­тым сэрцам сустракаць свята Уваскрэсення Пана Езуса.
Прыгадаліся 50-60-я гады, калі касцёл у Клюшчанах не працаваў. Нашы вяскоўцы хадзілі ў святочную нядзе­лю асвячаць ежу на велікодны стол у храм у літоўскі Струнайціс. Амаль 14 кіламетраў шляху, таму дзяцей звычайна не бралі з сабой. Сядзіш у хаце і паглядаеш у вокны, калі маці з татам на гарызонце з’явяцца, – дачакацца не маглі, калі за «свянцонку» сядаць.
Гэта цяпер у нас толькі дзве жылыя хаты, а некалі шмат людзей было – у пачатку вёскі вісела шыльда з надпісам, колькі тут мужчын, жанчын і дзяцей. Дагэтуль у вачах «мужчынская» лічба – 106! Гэта мы да народных велікодных традыцый вядзём. (Усміхаюцца.) Была ў Вялікім Сяле своеасаблівая адмеціна: валыншчыкамі хадзілі толькі мужчыны – выбіралі на гэту ролю толькі самых паважаных, якія ведалі пацеры і святочныя песні. Яны збіраліся ў адным доме, размяркоўваліся абавязкі: хто «пахвалёнку» гаворыць, хто – малітву, хто «Алелюю» зацягвае, хто кошыкі для прысмакаў носіць – і хадзілі з хаты ў хату, славячы Хрыста і збіраючы пачастункі. Кожная гаспадыня старалася добра адарыць валыншчыкаў, каб не падумалі, што сквапная, – у выніку ежы мужчыны атрымлівалі шмат і ўсялякай. А вечарам збіраліся разам з вяскоўцамі свята адзначаць – клікалі і жанчын. (Смяюцца.) Ну а дзеці, пакуль валыншчыкі з «Алелюяй» хадзілі, выпраўляліся ўслед у жакі – па фарбаваныя яйкі. А тады ішлі ў «біткі» гуляць.

Текст: