Пра спектакль да Божага Нараджэння расказваюць яго ўдзельнікі з варнянскай парафіі


Невялікая група вернікаў варнянскай парафіі для аднавяскоўцаў да свята рыхтуе калядны падарунак. Спектакль пра Божае Нараджэнне адбудзецца ў касцёле Святога Юрыя ў 22.00 напачатку Пастэркі. Пабывала на адной з рэпетыцый і ўпэўнілася, што нішто так не згуртоўвае, як агульная справа… Простая і непрацяглая па часе пастаноўка, у якой задзейнічаны розныя па ўзросце, светаўспрыняцці, прафесіі людзі, кранае да душы. Самадзейныя акцёры расказалі, як ім далася роля, што было найбольш складаным у падрыхтоўцы пастаноўкі, а таксама – пра што і для каго яна. 

Аўтар

Жанна Радзевіч:

 


– Ідэю паставіць спектакль пра Божае Нараджэнне выношвала не адзін год. Мне хацелася, каб менавіта дарослыя нашай парафіі, а не дзеці, былі ў ім задзейнічаны. Напачатку баялася, ці згодзяцца людзі, ці зможам збірацца на рэпетыцыі, але, як паказаў час, усе перажыванні былі дарэмнымі. Маю прапанову ксёндз Віктар прыняў з энтузіязмам і размеркаваў ролі. Для мяне было дзівам, што ўсе, да каго ні звярталіся, згадзіліся, хоць, па сутнасці, у большасці не было вопыту выступленняў… Настаўнікі, лесавод, прыбіральшчыца, загадчык фермы – пастаноўка аб’яднала розных лю­дзей.

Прызнаюся, адначасова я лётала на крылах і плакала ад радасці. Пасля некалькіх рэпетыцый злавіла сябе на думцы, што кожны ўдзельнік, нягледзячы на значнасць ролі і колькасць слоў у ёй, таленавіты па-свойму. Людзі адкрыліся для мяне з іншага боку. Многія ідэі нараджаліся падчас сумеснай работы. Пасля кожнай рэпетыцыі я выходзіла з касцёла натхнёная і шчаслівая і яшчэ доўга не магла заснуць ад адчуванняў і эмоцый, якія мяне перапаўнялі.

Кожны самастойна рыхтаваў касцюм, але прыносілі адзін аднаму рэчы, дапамагалі падказкамі. Усе вельмі адказна аднесліся да пастаноўкі. За месяц рэпетыцый мы так згуртаваліся і з’ядналіся, што сталі адной вялікай сям’ёй – гэта без перабольшвання. Збіраліся на прагоны два разы на тыдзень. Здаралася, што нехта хварэў і рэпетыцыю адмянялі. У чалавека спадала тэмпература – і літаральна назаўтра ўсе былі ў зборы. Такая самадданасць агульнай справе дарагога каштуе.

Мы розныя, але мы разам. Мне здаецца, так і павінна быць. Не хочацца зазіраць наперад, але веру, што гэтая еднасць, якая пасялілася ў сэрцы кожнага з нас, абавязкова застанецца. Хто ведае, магчыма, перад Вялікаднём зладзім яшчэ адну пастаноўку і да нас далучацца іншыя людзі.

…Гэты спектакль пра Божае Нараджэнне, пра простыя жыццёвыя ісціны, больш таго – пра кожнага з нас. Здаецца, мы ведаем пра тыя далёкія, двухтысячагадовай даўніны, падзеі, але забываемся пра галоўную ісціну: кожны стрэчны па жыцці можа быць Езусам. Хочацца, каб людзі задумаліся, наколькі цяжка было Марыі, дзіцятка якой нарадзілася ў стайні сярод жывёл. Як, напэўна, перажываў Юзаф, што не змог знайсці годнага для начлегу месца для самага блізкага і роднага чалавека… Хочацца, каб, дзякуючы нашай пастаноўцы, людзі зразумелі глыбінны сэнс свята Божага Нараджэння і перажылі яго разам з намі. 

Марыя

Ганна Ашоўская:

 

– У мяне ёсць і рэжысёрскі, і акцёрскі вопыт, але я ніколі не іграла станоўчых герояў. Таму роля Марыі, можна сказаць, цалкам перавярнула маё жыццё ў 40 гадоў. На працягу двух дзён я некалькі разоў перачытвала сцэнарый, пераглядвала тэматычныя фільмы, каб зразумець яе вобраз… Але ніяк не магла ўявіць, як мне сыграць такую значную ролю, як зрабіць так, каб мой голас стаў мілагучным, лагодным. Я імкнулася ў дробязях уявіць і адчуць, якой была Маці Божая, і прымерыць вобраз на сябе. Я сама двойчы мама, безумоўна, люблю сваіх дачушак, але гэта не тое. У мяне нічога не атрымлівалася. Нават прапаноўвала іншую кандыдатуру. 

 Было страшна. Але, напэўна, не без Божай дапамогі са мной адбылася метамарфоза. Напачатку пастаноўкі, калі малюся, адчуваю, як хтосьці мяне вядзе. Гэта нават не акцёрскае майстэрства ці сцэнічны прафесіяналізм, а штосьці невытлумачальнае. 
Я ўсвядоміла, наколькі цяжка было Маці Божай. Але, нягледзячы на такую жыццёвую сітуацыю, яна заставалася сабой: пакорнай Божай волі, спакойнай, добрай, прычым, да ўсіх людзей, нават да тых, хто не пусціў святую сям’ю ў сваё жыллё. Як бачым з пастаноўкі, яна не палохаецца, а спакойна прымае гэтую сітуацыю. Я на месцы Марыі пляснула б дзвярыма і сышла.
Гледзячы на нашых акцёраў з прафесійнага пункту гледжання, магу ім даць самую высокую ацэнку. Спачатку многім было цяжка – не да канца разумелі, што ад кожнага патрабуецца. 

 Ёсць, канешне, яшчэ недапрацоўкі. На днях абмяркоўвалі сцэну, дзе я паўстаю перад людзьмі з жыватом. Як павінен паводзіць сябе Юзаф: трымаць мяне за руку, прыабдымаць за плечы ці, наадварот, падтрымліваць? Гэта вельмі важныя дэталі і моманты. Таксама падказала свайму парт­нёру, што ў самай апошняй сцэне варта глядзець не ў зал на людзей, а на немаўлятка ў маіх руках. У гэты момант народжаны Езус – самае важнае ў цэлым свеце, астатняе – другаснае. 

 Абмяркоўвалі і тое, у чым будзем апранутыя. Ад гэтага, на мой погляд, таксама шмат залежыць. Хоць касцёл не ацяпляецца, але пад маім касцюмам не будзе курткі. Для мяне важна паказаць Марыю такой, якой яна была. Калі буду ў адной сукенцы, людзі ўжо будуць мяне шкадаваць, пранікнуцца спачуваннем. Паўтаруся, што тут вельмі шмат дробязяў і нюансаў, ад якіх залежыць агульная карціна. 
Лічу, што для кожнай ролі ідэальна падабраныя людзі. Імпануе Юзаф, у якога, здаецца, словы ліюцца з нетраў душы. Сапраўднымі выйшлі і пастухі – адначасова простымі, але шчырымі. Адкрыла для сябе асобу Альжбеты, пакуль не сутыкнулася з пастаноўкай. Як Марыя на яе глядзіць, як размаўляе, як радуецца, што яе сваячка цяжарная праз шмат гадоў бяздзетнасці…
Падчас адной з рэпетыцый неяк узгадвалі калядныя спектаклі, якія дзецьмі ставілі з ксяндзом Пікулам. Дзе мы толькі ні былі! Страча, Падольцы, Міхалішкі – тады мы аб’ездзілі з пастаноўкай амаль увесь раён. А потым мясцовыя жыхары запрашалі нас, артыстаў, на аплатку. І тыя сустрэчы, еднасць, братэрства, думаецца, запомніліся не толькі мне.  …Наш спектакль не толькі пра нараджэнне новага жыцця, пра маленькага Езуса. Пастаноўка нясе пасыл дабрыні, радасці.  Варта верыць, як Юзаф, любіць, як Марыя, і спадзявацца, як Езус, – тое, што мы хочам данесці да гледачоў. 

Альжбэта

Наталля Адула:

–  Ідэя падрыхтоўкі спектакля была адразу ж падтрымана ўсімі, каго ў адзін цудоўны лістападаўскі дзень пасля нядзельнай імшы ксёндз Віктар папрасіў затрымацца на некалькі хвілін. І з таго дня ўсе ўдзельнікі проста жывуць гэтай справай. На маю думку, святар вельмі ўдала падзяліў паміж намі ролі.Два разы на тыдзень вечарамі мы разам старанна рыхтуемся, раімся, прапаноўваем цікавыя ідэі, эксперыментуем. За гэты час мы з’ядналіся. Радуе, што на кожнай рэпетыцыі з намі пробашч. І гэта, напэўна, таксама давала стымул кожнаму адкласці ўсе свае справы і прыйсці ў касцёл на чарговую сустрэчу-рэпетыцыю. Мне дасталася роля Альжбеты, сваячкі Марыі. Мая гераіня – мудрая і чулая жанчына, жыццё якой доўга не складвалася з-за яе бясплоднасці. Але ў сталым узросце Бог глянуў на яе – у ёй запульсавала новае жыццё. Гэтак жа, як і Марыя, яна паверыла ў спаўненне абяцання Усявышняга. Яе вера стварыла цуд. Словы прывітання Марыі адкрылі перад маёй гераіняй новы свет, новыя перспектывы. 
Хай прыклад Альжбеты вучыць кожнага спадзявацца на лепшае, да канца верыць Богу і ніколі не сумнявацца. 

 Спадзяюся, спектакль атрымаецца. Ён ства­раўся для ўсіх, каб кожны ў думках змог прайсціся шляхамі святой сям’і, задумацца аб праўдзе жыцця, адкрыць сэрца для Бога. Святая ноч, у якую адбудзецца прэм’ера спектакля, хай нагадае кожнаму, што Езус нарадзіўся, каб збавіць нас, каб адкрыць шлях да неба. І няхай маленькі Сын Божы народзіцца ў нашай парафіі, у нашым касцёле, у нашых сем’ях, у сэрцы кожнага і застанецца з намі назаўсёды. 

Жанчына з Віфлеема

Ганна Валанцэвіч:

   

– Ніколі падумаць не магла, што ў пенсійным узросце буду ўдзельнічаць у спектаклі. Адразу хацела адмовіцца, але прыгадала, як гадоў 25-30 назад нашы дзеці ставілі калядныя пастаноўкі. Мая дачка Таццяна была Марыяй, яе аднакласнікі і сябры – Юзафам, каралямі. Меншыя дзеці ўбіраліся ў анёлкаў і спявалі песні. Гэта было кранальна, прыгожа, узнёсла, і людзі глядзелі калядныя сцэнкі з задавальненнем. …Роля мне далася цяжка, хоць у ёй толькі некалькі фраз. Складана было маральна, бо па сцэнарыі – а больш за 2 тысячы гадоў назад гэта было на самой справе! – трэба праганяць святую сям’ю, цяжарную Марыю. Сітуацыя, калі ні ў адным доме не знайшося для іх месца – напамін, што гісторыя паўтараецца. Не літаральна, а ў пераносным сэнсе. Задумалася: чаму ніхто не пусціў на начлег Юзафа і Марыю? Думаю, справа была не ў тым, што не было месца, а ў саміх людзях. Каб тыя падзеі перанесці ў сучаснасць, мне падаецца, гісторыя паўтарылася б. Ёсць людзі, якія не ходзяць у касцёл, не ведаюць святаў, традыцый. Хвалююся перад прэм’ерай, але, спа­дзяюся, наш спектакль спадабаецца адна­вяскоўцам і, калі дасць Бог, жыхарам іншых аграгарадкоў і вёсак. Хочацца, каб у маёй гераіні некаторыя людзі ўбачылі сябе, задумаліся і змяніліся да лепшага. 

Пастух

Дзмітрый Юркойць:

– Прапанову паўдзельнічаць у каляднай пастаноўцы прыняў адразу, хоць, прызнацца, сцэнічнага вопыту ў мяне няма. З Юрыем Валэйкам і Паўлам Ляховічам мы іграем пастухоў, якія першымі са сваім статкам прывіталі Дзіцятка Езуса. Мне падаецца гэта вельмі сімвалічным, таму што простыя людзі пакланіліся Сыну Божаму хутчэй за астатніх. Так і ў жыцці: перад ім мы ўсе роўныя, незалежна ад адукацыі, месца работы, узросту. І Бог кожнага з нас прымае такімі, якія мы на самой справе. Спектакль апавядае не толькі пра нараджэнне Езуса, але і нагадвае кожнаму з нас, каб мы былі больш добрымі і чулымі да людзей, якія знаходзяцца побач.



Текст:
Фото: з архіва суразмоўцаў