Пра Адама Мальдзіса ўспамінае стваральнік музея Гудагайскай школы Марыя Васілёнак

Шмат гадоў таму выйшаў за веснічкі бацькоўскай хаты ў Расолах вясковы юнак Адась Мальдзіс – каб амаль у 90-гадовым узросце назаўсёды вярнуцца ў родную зямельку чалавекам, імя якога стала сімвалам беларускага адраджэння.

Няўрымслівы асветнік, сейбіт,

Душы вялікай чалавек,

Пасланы Беларусі небам -

Такі раджаецца раз у век -

так некалі напісала пра Адама Мальдзіса настаўнік Падольскай школы светлай памяці Людміла Валадзько. І такая высокая ацэнка слыннага земляка відавочна для кожнага, хто хоць раз па-сапраўднаму зацікавіўся здабыткамі гэтага таленавітага і працавітага чалавека.

Маё разуменне велічы зробленага Адамам Восіпавічам упершыню адбылося напрыканцы 90-х, калі ў складзе групы настаўнікаў Астравеччыны я апынулася ў Навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф.Скарыны, які стварыў і якім у той час кіраваў прафесар Мальдзіс. Тады мы ўпершыню ўсвядомілі, наколькі багатая талентамі беларуская зямля, якой велізарнай культурнай спадчынай валодае наш народ – і як многа яшчэ трэба працаваць, каб адкрыць усе таямніцы, схаваныя пад тоўшчай стагоддзяў! Менавіта тады я адчула, што мы, жыхары і ўраджэнцы Астравеччыны, у неаплатным даўгу перад гэтым чалавекам, бо так павярхоўна, так мала ведаем пра яго самога і яго справу.

Так з’явілася ідэя стварэння ў Гудагайскай сярэдняй школе музея. Ён атрымаўся своеасаблівым – зноў жа дзякуючы прафесару Мальдзісу. “Вы павінны працаваць над стварэннем музея рэгіянальнай гісторыі, а не проста краязнаўчай экспазіцыяй”, – вучыў ён нас. І самыя цікавыя і каштоўныя экспанаты школьнаму музею былі падараваны менавіта ім.

На працягу многіх гадоў, пакуль ствараўся музей, а потым ужо працаваў і ўдасканальваўся, развіваўся, я неаднаразова сустракалася з Адамам Восіпавічам. Дзівілася яго працавітасці: Мальдзіс неаднойчы ўзгадваў, колькі грамадскіх (чытай – бясплатных) “вазоў” яму даводзіцца цягнуць паралельна з асноўнай працай. Захаплялася пунктуальнасцю, шчырасцю, шчодрасцю гэтага патомнага вяскоўца з унутранай прыроджанай інтэлігентнасцю, які з дзяцінства ведаў, куды скіраваць талент, дадзены Богам.

Людміла Рублеўская некалі напісала: “Адам Мальдзіс – чалавек еўрапейскай культуры… Літва, Польшча, Укра ї іна, Чэхія, Італія, Амерыка… Але найперш ён – беларус. Усё сваё жыцце ён працаваў на Беларусь”.

Усё яго свядомае жыццё – праца, адзначаная не толькі ў нашай краіне, але і сусветнай культурнай супольнасцю. А мы, стварыўшы музей у Гудагайскай сярэдняй школе, дзе цэлы раздзел прысвечаны Адаму Мальдзісу, хацелі, каб прыклад жыцця чалавека, які, безумоўна, стане часткай гісторыі нашай краіны, быў адным з арыенціраў для дзяцей і моладзі.

У час развітання з асветнікам, які праславіў Астравеччыну, трэба ўсвядоміць, што ад таго, як мы ўшануем яго памяць, будзе залежаць не толькі лёс яго духоўнай спадчыны, але і тое, ці будуць памятаць пра нас нашы нашчадкі.

2.jpg

Марыя ВАСІЛЁНАК,

стваральнік і былы кіраўнік музея

“Зямля гудагайская:

матэрыяльнае і духоўнае”.

 

Текст: Главный администратор